Велаканікулы

- 15:27Нам пішуць

4 лістапада для ўдзельнікаў аб’яднання па інтарэсах “Веласіпедны турызм”, што дзейнічала пры Вераб’евіцкім дзіцячым садзе — базавай школе падчас восеньскіх канікул, была арганізавана захапляльная велаэкскурсія па маршруце В.Вераб’евічы — Войнава — Любча — В.Вераб’евічы. Дзеці пазнаёміліся з багатай, насычанай гісторыяй Любчанскай зямлі, наведалі помнікі загінулым салдатам-вызваліцелям і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, месцы масавых расстрэлаў яўрэйскага насельніцтва Любчы, а таксама помнік камандзіра Першай Беларускай кавалерыйскай брыгады імя Дзяржынскага Д.А.Дзенісенкі, размешчаны на мясцовых могілках.

Фота да матэрыялу: Велаканікулы.Дакрануцца да падзей Першай сусветнай вайны на Любчанскай зямлі далі магчымасць маўклівыя сведкі тых далёкіх часоў — бункеры-доты паўночнай пазіцыі 84-й дывізіі 3-га рэзервовага корпуса нямецкай арміі, размешчаныя ўздоўж вуліцы Леніна.

Потым юныя велатурысты накіраваліся да Любчанскага замка, дзе дакрануліся да цікавай гісторыі палацава-паркавага комплексу і захапіліся легендамі, звязанымі з іменем легендарнага князя Міндоўга. Не менш цікавым стала знаёмства з архітэктурай і гісторыяй Любчанскай Свята-Ільінскай царквы, а таксама ўдзел у асвячэнні крыжа на ўездзе ў Любчу. Протаіерэй Аляксандр Івойлаў падчас цэрымоніі блаславіў дзяцей і падараваў выявы Багародзіцы.

Фота да матэрыялу: Велаканікулы.Не абмінулі ўдзельнікі велаэкскурсіі святыню Любчанскага краю — мястэчка Войнава, дзе пазнаёміліся з цікавымі легендамі і паданнямі, звязанымі з гэтай мясцінай, наведалі размешчаны непадалёку ад Войнаўскай каплічкі помнік У.Я.Дыбоўскага, вядомага вучонага-палеантолага, палюбаваліся прыгажосцю мясцовага возера, пакаштавалі гаючай вады са святой крынічкі, пачулі расповед пра Свята-Падліпскую царкву, якая стаяла на гэтым месцы да 1966 года.

Скончылася велаэкскурсія вясёлым і смачным шопінгам. Сонечны лістападаўскі дзянёк спрыяў добраму настрою, пакінуў толькі прыемныя ўражанні, шмат пазітыву, паспрыяў умацаванню здароўя, а самае галоўнае — даў магчымасць яшчэ раз дакрануцца да таямніц і багатай гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю.

Таццяна БОРЫС,
настаўніца гісторыі Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы
Навагрудскага раёна, 
кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Веласіпедны турызм”.