Веламарафон памяці

- 17:32Нам пішуць

У Свіслацкім раёне адбыўся веламарафон “Памяці загінулых вартыя”, арганізаваны Свіслацкім цэнтрам турызму і краязнаўства. З самай раніцы прадстаўнікі ўстаноў адукацыі раёна на веласіпедах наведалі па чарзе ўсе помнікі, ваенныя пахаванні на тэрыторыі раёна.

Вучні разам з педагогамі прыбралі пахаванні, запалілі лампадкі і ўсклалі кветкі. Фіналам веламарафону стала ўскладанне кветак і запальванне чатырох лампадак з чатырох куткоў Свіслацкага раёна ля мемарыяльнага комплексу “Асілак”. Кветкі ля абеліскаў і лампадкі, запаленыя ў гонар людзей, якія загінулі за свабоднае і мірнае жыццё наступных пакаленняў, — толькі малая частка павагі і памяці ад падрастаючага пакалення.

Правядзенне веламарафону ў Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай войны — гэта спроба спрычыніцца да подзвігу людзей, якіх узрасціла родная свіслацкая зямля, якія абаранялі родны край ад ворага. Гэта спроба спрычыніцца да подзвігу ўсяго беларускага народа, да неўміручай славы нашых продкаў. Гэта спроба зберагчы Памяць.

Ірына ШЫМАНЮК,
дырэктар Свіслацкага цэнтра турызму і краязнаўства.