У Беларусі зробяць усё, каб навечна захаваць добрыя адносіны з Грузіяй. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Грузіі Саламэ Зурабішвілі, якая прыбыла ў Беларусь.
“Нягледзячы на тое, што гэты візіт у вас кароткі, я вельмі спадзяюся, што вы знойдзеце час у найбліжэйшай будучыні, каб пабываць не толькі ў Мінску, але і паглядзець нашу Беларусь. Пасол вельмі добра знаёмы з Беларуссю, з Мінскам. Ён можа шмат расказаць і паказаць. Ён у нас тут свой чалавек”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы ў пачатку сустрэчы.
“Думаю, вы добра знаёмы з нюансамі беларуска-грузінскіх адносін. Я не буду тут пераказваць пра наш гандлёвы абарот, пра тое, які мы час перажылі. Мы сапраўды пачыналі з нуля нашы адносіны, асабліва ў сферы эканомікі. Але сёння Грузія знаходзіцца на вядучых пазіцыях у адносінах да Беларусі. У нас вельмі добрыя, цёплыя адносіны. Нашы народы вельмі блізкія. Не толькі паважаюць — любяць адзін аднаго, — сказаў беларускі лідар. — У нас вельмі добры фундамент адносін. І, паверце, я зраблю ўсё, каб такія добрыя, цёплыя адносіны ва ўсіх сферах захаваліся навечна”.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ўважліва сочаць за абстаноўкай у Грузіі. “Нам не абыякава, якая сітуацыя ў Грузіі. Ваш народ перажыў шмат складаных момантаў пасля распаду Савецкага Саюза. І вы заўсёды дастойна выходзілі са складаных сітуацый. І цяперашняя сітуацыя няпростая ў Грузіі, як і ў іншых рэспубліках, але мы людзі мужныя і знойдзем выйсце з самых цяжкіх сітуацый”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
У сваю чаргу Саламэ Зурабішвілі падзякавала Прэзідэнту Беларусі за магчымасць сустрэчы, нягледзячы на той факт, што ёй даводзіцца раней завяршыць свой візіт у Беларусь з-за падзей, якія адбываюцца ў Грузіі. “Вядома, гэта было нечакана, што я ад’язджаю”, — сказала яна.
Разам з тым Прэзідэнт Грузіі адзначыла, што рада прыезду ў Беларусь і рыхтавалася да гэтага візіту. Яна пажадала паспяхова правесці II Еўрапейскія гульні. “Даводзіцца ад’язджаць, але хварэць буду на адлегласці, — сказала Саламэ Зурабішвілі. — Цяпер у Грузіі напружаная сітуацыя, таму я палічыла абавязкам быць там. Таму што, калі ў краіне адбываецца нешта, кіраўнік дзяржавы павінен быць на месцы. Таму яшчэ раз выбачайце, але я павінна ехаць і быць побач са сваім народам”.
Прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі прыбыла ў Мінск з візітам 20 чэрвеня. Планавалася, што, акрамя афіцыйных сустрэч з кіраўніцтвам краіны, яна будзе прысутнічаць на цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў. Як паведамляе ТАСС, вечарам 20 чэрвеня некалькі тысяч дэманстрантаў сабраліся ля будынка парламента ў цэнтры Тбілісі, патрабуючы адстаўкі кіраўніка МУС і старшыні парламента. Пратэстуючыя ажыццявілі спробу штурму будынка. Паліцыя разагнала мітынг, прымяніўшы слёзатачывы газ, гумавыя кулі і вадамёты. Як паведамляюць грузінскія СМІ, затрымана некалькі дзясяткаў чалавек. Паводле даных Міністэрства аховы здароўя, пацярпелі 52 чалавекі, у тым ліку 38 паліцэйскіх.
Беларуска-грузінская дагаворная база ўключае больш за 60 дакументаў. Па выніках 2018 года тавараабарот склаў $87,1 млн, экспарт — $64,7 млн, імпарт — $22,4 млн.
У Беларусі дзейнічаюць 19 прадпрыемстваў з грузінскім капіталам, у тым ліку 13 сумесных і 6 замежных. На тэрыторыі Грузіі працуюць больш за 20 прадстаўніцтваў, даччыных прадпрыемстваў, суб’ектаў тавараправоднай сеткі і дыстрыб’ютараў беларускіх прадпрыемстваў, рэалізуюцца кааперацыйныя праекты.
У каманду Грузіі на II Еўрапейскіх гульнях уваходзяць 61 спартсмен і 63 трэнеры. Грузінскія атлеты выступяць у такіх відах спорту, як барацьба, веславанне на байдарках і каноэ, веласіпедны спорт, гімнастыка, стральба з лука, бокс, самба.