Венецыю ратуюць ад турыстаў

- 11:58Інфармацыйная гадзіна

У Венецыі пачынаюць тэсціраваць сістэму па абмежаванні патоку турыстаў, перадае ТАСС.

Паведамляецца, што цяпер у выпадку перавышэння ўстаноўленай мэрыяй колькасці турыстаў у тым ці іншым раёне Венецыі ён будзе часова закрыты. Пры гэтым мясцовыя жыхары будуць па-ранейшаму свабодна перамяшчацца па горадзе.

Паводле слоў мясцовых улад, такая мера ўводзіцца не для таго, каб цалкам перакрыць доступ да гарадскіх славутасцей, а для таго, каб кантраляваць і накіроўваць турыстычныя патокі. Гэта дапаможа вырашыць праблему празмернага скопішча людзей у асобных раёнах Венецыі, асабліва актуальную ў турыстычны сезон.

У першую чаргу зменіцца парадак наведвання гістарычнага цэнтра горада і асноўных выдатных мясцін. Напрыклад, згодна з новымі правіламі, цэнтральную плошчу Сан-Марка змогуць наведваць не больш за 65 тысяч чалавек у дзень.

Некаторыя спецыялісты лічаць, што абмежаванне патоку турыстаў у Венецыі неабходна, паколькі празмерная колькасць людзей у горадзе пагражае гістарычным помнікам.

Паводле існуючых звестак, на працягу года Венецыю наведваюць амаль 30 млн турыстаў. Пры гэтым колькасць мясцовых жыхароў за апошнія 50 гадоў скарацілася больш як у тры разы — са 175 тысяч да 56 тысяч. Вялікая колькасць турыстаў з’яўляецца адной з галоўных прычын, чаму венецыянцы пакідаюць горад.