Вераснёвы інтэнсіў

- 13:03Метадычная скарбонка

Псіхолагі гавораць, што напярэдадні якой-небудзь важнай падзеі, для таго каб максімальна актывізаваць свае здольнасці, чалавек павінен атрымаць невялікі стрэс, справакаваўшы выкід адрэналіну.

Для членаў клуба “Крыштальны журавель” своеасаблівым узрушэннем аказаўся ў самым пачатку навучальнага года ўдзел у традыцыйным семінары-акцыі “Настаўнік года — адукацыі Драгічынскага раёна”, які стаў сапраўды незабыўным дзякуючы ланцужку прыемных сюрпрызаў і нечаканасцей, што суправаджалі “жураўлёў” у гэтым падарожжы.

Пачнём з таго, што прыляцелі мы на Палессе ў пятніцу, 13- га… Калі вы думаеце, што таямнічая дата каго-небудзь спыніла, то вы памыляецеся: у своеасаблівым вераснёвым інтэнсіве прынялі ўдзел 15 настаўнікаў з усіх рэгіёнаў рэспублікі. Аднак усё ж назваць гэты “жураўліны вылет” звычайным нельга ўжо хаця б таму, што, накіроўваючыся ў Драгічын у трох розных цягніках, члены клуба сустрэліся ў… Іванаве, дзе ў гэты дзень праходзіў VI Міжнародны кірмаш сацыяльна-педагагічных інавацый. Члены клуба “Крыштальны журавель” проста не маглі не паўдзельнічаць у ім.

Перш чым адправіцца ў гімназію, дзверы якой былі расчынены ў гэты дзень для гасцей педагагічнага форуму, “жураўлі” прызямліліся ў Дастаеўскай сярэдняй школе, дзе наведалі літаратурна-края­знаўчы музей класіка рускай літаратуры. Сказаць, што мы былі ўражаны, значыць, не сказаць нічога. Старажытныя карты і дакументы, творы Ф.М.Дастаеўскага розных гадоў выдання на розных мовах, радаводнае дрэва Дастаеўскіх, поўны збор твораў класіка рускай літаратуры ў 20 тамах, аўтэнтычная запіска сына пісьменніка, трохтомнік “Евангелле Дастаеўскага” ва ўнікальным афармленні… і неверагодна захапляючы расказ Валянціны Пуцыковіч, захавальніцы фондаў народнага літаратурна-краязнаўчага музея імя Ф.М.Дастаеўскага ў Дастаеўскай агульнаадукацыйнай школе. Натхнёныя і акрыленыя ва ўсіх сэнсах гэтага слова, мы вярнуліся ў Іванава.

Адкрыццё кірмашу стала яшчэ адным прыемным сюрпрызам. Народныя песні, танцы, раскошныя нацыянальныя касцюмы, беларуская мова… Бязмежная гордасць і любоў да сваёй малой радзімы адчувалася ў кожным слове і кожным жэсце. Уразіла і аўдыторыя форуму, гэтая новая нетрадыцыйная форма прадстаўлення педагагічнага вопыту сабрала сотні педагогаў Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай абласцей для прэзентацыі сваіх прафесійных знаходак і актыўнага абмену вопытам.

Прыемнай нечаканасцю стала сустрэча з расійскімі педагогамі, якія прыехалі ў Іванава з Самары, Валгаграда, Атраднага і нават Магадана. Нараўне з беларускімі калегамі яны прадставілі свой вопыт у форме стэндавых дакладаў і майстар-класаў.

Нечаканым стаў фармат правядзення педагагічнага аўкцыёну. Арганізатары стварылі аптымальныя ўмовы для прэзентацыі аўтарскіх праектаў, прадстаўленых як прадукт інтэлектуальнай працы, які мае пэўную вартасць, што стала нестандартным падыходам да ацэнкі дасягненняў практычнай дзейнасці настаўніка.

Члены клуба “Крыштальны журавель” у рамках кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый правялі серыю майстар-класаў. Вольга Аляксандраўна Кіслова, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 51 Гомеля, на майстар-класе “Чытай, вучыся, любі” паставіла перад удзельнікамі кірмашу пытанне пра тое, як зрабіць урокі літаратуры карыснымі і цікавымі для сучасных навучэнцаў, чый свет запоўнены разнастайнымі забавамі, рэальнае існаванне якіх паўстагоддзя назад яшчэ немагчыма было ўявіць. Узгадняючыся з трохчастковасцю наз­вы, майстар-клас паэтапна паглыбляў настаўнікаў у праблемы чытання (“чытай”), сучаснай методыкі выкладання літаратуры (“вучыся”), у поле патаемных пытанняў выклікання любові да мастацкай літаратуры (“любі”). Удзельнікі майстар-класа адкрывалі для сябе новыя веды і магчымасці ў тых галінах, у якіх, здавалася, ужо даўно ўсё вядома і адкрыта. Прыемным дапаўненнем стала сумесная распрацоўка цэлага багажу прыёмаў і спосабаў арганізацыі незвычайнай работы на ўроку літаратуры.

Сямейны тандэм настаўнікаў Маларыцкай раённай гімназіі Вадзіма Паўлавіча і Нэлі Андрэеўны Шпетных запрасіў гасцей кірмашу на майстар-клас “Прыёмы актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў на ўроках біялогіі і геаграфіі”, дзе былі прадстаўлены аўтарскія прыёмы і распрацоўкі, на­цэленыя на паляпшэнне запамінання навучэнцамі складанай тэрміналогіі і дат на аснове мнематычных тэхнік. Асаблівую цікавасць ва ўдзельнікаў майстар-класа выклікаў метадычны прыём “кроссэнс”, магчымасці яго выкарыстання на ўроках біялогіі.

Своеасаблівай прынадай для гасцей педагагічнага форуму ў Іванаве стала арыгінальная назва майстар-класа “Актыўная ацэнка на ўроках мовы і літаратуры, ці Як папуасаў навучыць гатаваць дранікі”, які правяла для сваіх калег Галіна Анатольеўна Сухава, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 5 Віцебска. Арыгінальная падача матэрыялу, нестандартныя прыклады і неадназначная інтэрпрэтацыя вучэбнага матэрыялу, якія сталі фірменным знакам Галіны Анатольеўны, чарговы раз не расчаравалі калег.

Сяргей Уладзіміравіч Аберган, настаўнік хіміі сярэдняй школы № 1 Ляхавіч, падзяліўся з удзель­нікамі свайго майстар-класа сакрэтамі правядзення прадметных дыстанцыйных алімпіяд. На прыкла­дзе школьнай дыстанцыйнай алімпіяды па хіміі “Інтэрхімік-Ляхавічы”, якая праводзіцца на працягу апошніх 5 гадоў, удзельнікі майстар-класа пазнаёміліся з формай яе арганізацыі, структурай, тыпамі заданняў, спосабамі іх выканання і кантролю. Педагогі распрацавалі шэраг па­трабаванняў да правя­дзення ўласнай прадметнай алімпіяды, ацанілі перавагі і недахопы некалькіх інтэрнэт-сэрвісаў, створаных для дыстанцыйнага кантролю ведаў.

Вынікам практыка-арыентаванага майстар-класа “Эфектыўныя прыёмы рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу на ўроках фізікі”, які правяла Алена Аляксандраўна Ананчыкава, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 13 імя В.В.Гузава Жлобіна, стала распрацоўка канструктара і тэхналагічнай карты кампетэнт­наснага ўрока. Для кожнага этапу ўрока Алена Аляксандраўна прапанавала прыёмы, накіраваныя на развіццё матывацыі, арганізацыю мэтапастаноўкі, правядзенне эксперымента, кантроль ведаў, эмацыянальную, дзейнасную і прадметную рэфлексію.

Пытанні рэалізацыі прынцыпаў нагляднасці, свядомасці і актыўнасці за кошт выкарыстання медыякантэнту на ўроках фізічнай культуры абмяркоўваліся на май­стар-класе настаўніка фізічнай культуры і здароўя Ясенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Максіма Мікалаевіча Мікуліча. Акрамя таго, цікавасць ва ўдзельнікаў майстар-класа выклікалі прадстаўленыя аўтарскія праграмныя прадукты “Канструктар АРП”, “Акрабатыка 5—11”, “Секундамер фізрука”.

На майстар-класе “Шалтай-балтай на ўроку замежнай мовы”, праведзеным Інесай Уладзіміраўнай Зубрылінай, настаўніцай англійскай мовы Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы Мінскага раёна, былі прадстаўлены і прааналізаваны з пункту гледжання іх метадычнай значнасці эфектыўныя прыёмы навучання іншамоўным зносінам на розных этапах вывучэння замежнай мовы.

Святлана Фёдараўна Германовіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры Раманавіцкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна, аналізавала са сваімі калегамі магчымасці выкарыстання медыятэксту на ўроках рускай літаратуры ад паглыблення навучэнцаў у гістарычны, культурны, сацыяльны кантэкст, уласцівы літаратурнаму твору, што вывучаецца, да стварэння ўмоў для распрацоўкі вучнем уласнай сістэмы сэнсаў і матэрыялу для творчых заданняў.

Настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 11 Маладзечна Віктар Эдуардавіч Жук прысвяціў свой майстар-клас праблеме фарміравання медыяпісьменнасці навучэнцаў на ўроках гісторыі і падзяліўся эфектыўнымі стратэгіямі выпрацоўкі і развіцця сукупнасці навыкаў і ўменняў, якія дазваляюць аналізаваць, ацэньваць і ства­раць паведамленні розных жанраў і форм.

Настаўнікам хіміі, якія прыйшлі на майстар-клас Алены Яўгенаўны Гарбар, настаўніцы хіміі сярэдняй школы № 42 Мінска, было прапанавана азнаёміцца з эфектыўнымі прыёмамі работы з тэкстам. Удзельнікі майстар-класа адпрацоўвалі кожны прыём пры дапамозе раздатачнага матэрыялу, прагназавалі дзеянні педагога на ўроку, абмяркоўвалі, які з прапанаваных відаў дзейнасці будзе найбольш аптымальным.

Падчас майстар-класа “Як навучыць дзяцей супрацоўнічаць на ўроку”, праведзенага ў інтэрактыўным рэжыме, Ірына Рамуальдаўна Клявец, настаўніца біялогіі гімназіі Смаргоні, пазнаёміла ўдзельнікаў кірмашу з асаблівасцямі арганізацыі супрацоўніцтва на ўроку, абмеркавала паслядоўнасць дзеянняў, неабходных для паспяховага навучання супрацоўніцтву.

На ўроку для дарослых “Нясумная інфарматыка: ад мэты да выніку”, які правяла ў рамках кірмашу настаўніца інфарматыкі Варатын­скай сярэдняй школы Бабруй­скага раёна Вольга Анатольеўна Счасновіч, быў прадстаўлены калейдаскоп эфектыўных інтэрактыўных прыёмаў, у дэманстрацыю і паслядоўнае абмеркаванне якіх былі ўцягнуты ўсе ўдзельнікі.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Оршы Святлана Пятроўна Емялья­нава-Раманоўская запрасіла настаўнікаў пачатковых класаў на ўрок для дарослых, прысвечаны арганізацыі і правя­дзенню ўрокаў карэкцыі ведаў. Педагогі былі актыўнымі ўдзельнікамі заняткаў, вызначалі ўменні, якія неабходна адпрацаваць, вучыліся планаваць сваю дзейнасць і самастойна яе кантраляваць, вызначалі ступень дасягнення мэт урокаў.

Выйсці за рамкі звычайных уяўленняў і паглыбіцца ў стыхію разумовай гульні змаглі ўдзельнікі майстар-класа “Вырашэнне праблемы — гэта маленькае адкрыццё”, прысвечанага пытанням фарміравання і развіцця даследчых уменняў навучэнцаў, які правяла Ірына Мікалаеўна Ганчарэнка, настаўніца матэматыкі гімназіі № 7 Гомеля. Удзельнікам майстар-класа былі прапанаваны заданні на актывізацыю і развіццё асноўных параметраў крэатыўнасці, якія звычайна фіксуюцца пры яе ацэнцы: прадукцыйнасці, арыгінальнасці, гібкасці мыслення. Падчас выканання заданняў удзельнікі навучыліся канцэнтраваць увагу на адным прадмеце, “змяшчаючы” яго ў розныя сітуацыі і ствараючы такім чынам самыя нечаканыя сістэмы асацыятыўных сувязей з іншымі прадметамі.

Якасны змест і высокі ўзровень правя­дзення майстар-класаў былі адзначаны не толькі ўдзельнікамі кірмашу, але і яго арганізатарамі. Члены клуба “Крыштальны журавель”, якія ўдзельнічалі ў правядзенні мерапрыемства, атрымалі граматы каардынацыйнага цэнтра VI Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый.

У цэлым фармат кірмашу дазволіў прадставіць новыя методыкі і тэхналогіі, вызначыць новы падыход да прэзентацыі і ацэнкі дасягненняў прафесійнай дзейнасці настаўніка. Упэўнена, кожны педагог змог знайсці на кірмашы тое, чаго менавіта яму не хапае для паспяховай работы. Удзел у такіх мерапрыемствах вучыць быць мабільнымі і запатрабаванымі, належна ацэньваць сябе і сваю працу, што ўзнімае прэстыж настаўніка ў вачах грамадства.

Наступны дзень “жураўлінага” падарожжа таксама быў поўны прыемных сустрэч і сюрпрызаў. Члены клуба прыбылі ў Драгічын, дзе да “чарады” далучыўся яшчэ адзін “жураўлік” — Алена Барысаўна Пратасевіч, настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 1 Драгічына. На базе гэтай установы адукацыі 14 верасня прайшла сустрэча настаўнікаў Драгічынскага раёна з удзельнікамі семінара-акцыі. Пасля невялікага прадстаўлення клуба “жураўлі разляцеліся” па вучэбных кабінетах, дзе на працягу дзвюх гадзін дзяліліся з калегамі сваім вопытам і практычнымі напрацоўкамі. І калі вы думаеце, што члены клуба паўтарылі ў Драгічыне майстар-класы, пра якія пісалася вышэй, то памыляецеся. Ключавымі пытаннямі гэтага метадычнага выезду сталі арганізацыя кантрольна-ацэначнай дзейнасці і структурная цэласнасць урока.

Разам з настаўніцамі рускай мовы і літаратуры С.Ф.Германовіч і В.А.Кісловай аналізавалі магчымасці арганізацыі праверкі і ацэнкі вынікаў навучання дзяцей, спосабы атрымання дакладнай інфармацыі пра стан і якасць вучэбных дасягненняў, механізмы прагназавання вучэбна-пазнавальнай дзейнасці.

У рамках праблемнай лабараторыі “Ад двух да пяці, але лепш дзесяць” асаблівасці кантрольна-ацэначнай дзейнасці на ўроках замежнай мовы абмяркоўвала са сваімі калегамі і І.У.Зубрыліна. Як адсачыць станоўчую дынаміку вучэбных дасягненняў дзяцей пры навучанні розным відам маўленчай дзейнасці і аспектам мовы? Як выбудаваць логіку ўрока і падабраць заданні, павялічваючы “кампетэнтнасны радыус”? Як пазбег­нуць суб’ектыўнасці ў ацэньванні навучэнцаў? На гэтыя і многія іншыя пытанні ўдзельнікі май­стар-класа знайшлі адказы і падзяліліся сваім бачаннем гэтай праблемы і спосабамі яе вырашэння.

На майстар-класе “Настаўнік як суб’ект метадычнай работы” Г.А.Сухава арганізавала назіранне настаўнікаў за ўрокам, які праводзіла ў імправізаваным класе (у ролі вучняў выступілі настаўнікі, якія не выкладаюць беларускую мову і літаратуру). Настаўнікі першай групы назіралі за работай на ўроку па наступным плане: як была пастаўлена мэта ўрока для вучняў? Ці адпавядала заяўленай мэце ўрока выніковае заданне? Дзякуючы чаму настаўніку ўдалося ўкласціся ў 45 мінут урока?

Настаўнікі другой групы назіралі за вучнямі. Для гэтага была складзена схема размяшчэння вучняў у класе, і назіральнікі фіксавалі, як часта настаўнік на ўроку звяртаецца да кожнага вучня, наколькі эфектыўна дае зваротную сувязь вучням на выкананыя заданні.

Заключная частка майстар-класа была прысвечана кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўніка і вучня на ўроку літаратуры. Настаўнікам прапаноўвалася ацаніць выкананне выніковага задання ўрока па зададзеных крытэрыях. Трэба заўважыць, што не адразу ўдалося дасягнуць узгодненасці ў ацэнках, паколькі традыцыйна настаўнікі звяртаюцца не да крытэрыяльнасці ацэнкі і адзнакі, а да інтуіцыі.

С.П.Емяльянава-Раманоўская, якая працавала з самай шматлікай аўдыторыяй у актавай зале школы, прапанавала сваім калегам майстар-клас па тэме “Структурная цэласнасць урока”, дзе расказала пра сакрэты планавання і правядзення сучаснага, метадычна правільнага, цэласнага ўрока.

Хочацца спадзявацца, што ідэі, якімі члены клуба падзяліліся са сваімі драгічынскімі калегамі, знойдуць водгук у іх прафесійнай дзейнасці і дапамогуць павысіць якасць адукацыйнага працэсу.

Але палескія прыгоды “жураўлёў” на гэтым не скончыліся. Сапраўднай вішанькай на торце стала наведванне музея народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”, месца, дзе сабраны і захаваны ўнікальныя творы мясцовых майстрых-рукадзельніц, дзе практычна цалкам адноўлены палескі побыт пачатку ХХ стагоддзя. Наведвальнікам музея прапануецца мноства інтэрактыўных заданняў і актыўнасцей — ад апрацоўкі лёну і ткацтва да прымеркі нацыянальных касцюмаў і ўдзелу ў майстар-класах па стварэнні сувеніраў. Гэтае месца варта наведаць з дзецьмі (асабліва ў Год малой радзімы!), таму звязвайцеся з супрацоўнікамі музея і плануйце экскурсію на асеннія канікулы.

Па дарозе з Драгічына мы любаваліся пейзажамі Брэстчыны, жмурыліся ад амаль па-летняму яркага сонца і ўспаміналі цёплы прыём і гасціннасць нашых калег з Іванава і Драгічына, а ў галаве гучала знаёмая мелодыя з патаемнай фразай — …разумею цяпер, чаму з выраю жураўлі на Палессе ля­цяць…

Інеса ЗУБРЫЛІНА,
настаўніца англійскай мовы Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы, начальнік каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця”, член клуба “Крыштальны журавель”.