Вернасць школе

- 10:56Людзі адукацыі

40 гадоў назад настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Рыгораўна Лычук прыйшла ў сярэднюю школу № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста, дзе працуе і сёння. За гэты час выдатнік адукацыі Беларусі падрыхтавала дзясяткі пераможцаў алімпіяд і канферэнцый, творчых конкурсаў і фестываляў. На працягу многіх гадоў педагог з’яўляецца кіраўніком школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, лектарам курсаў у Брэсцкім абласным ІРА, удзельнікам абласных педагагічных майстар-класаў. На рахунку Л.Р.Лычук шмат публікацый у часопісах і газетах. Выдадзены зборнік матэрыялаў з вопыту яе работы.

Людміла Рыгораўна развівае асобу дзяцей шляхам уключэння іх у розныя віды дзейнасці. Вывучэнне роднай мовы педагог разглядае як працэс моўнага, мысліцельнага і духоўнага развіцця школьнікаў.
Настаўніца ўмее зацікавіць сваім прадметам. З вялікага вопыту ведае, што нельга навучыць дзяцей, калі яны раўнадушныя да набыцця новых ведаў. З мэтай павышэння матывацыі вучняў і паляпшэння якасці іх ведаў, актывізацыі пазнавальнай дзейнасці школьнікаў Л.Р.Лычук звяртаецца да інтэрактыўных метадаў навучання.

Людміла Рыгораўна падзяляе думку вядомага нямецкага педагога Адольфа Дыстэрвега, які лічыў, што дрэнны настаўнік дорыць ісціну, а добры — вучыць яе знаходзіць. Трывалыя веды набываюцца толькі шляхам самаадукацыі і самастойнай работы пры пасрэдніцтве настаўніка, кампетэнтнага ў пытаннях псіхалогіі і выхавання. Задача педагога — стварыць на ўроку атмасферу супрацоўніцтва і сітуацыю поспеху для кожнага вучня.

— Калі навучэнцы бачаць агульны матыў заняткаў, гэта натхняе іх і скіроўвае да пэўнай дзейнасці, а калі не, то не імкнуцца да ведаў, прапанаваных настаўнікам, — лічыць Л.Р.Лычук. — Важна не навязваць дзецям сваіх вучэбных задач. Мэта настаўніка на ўроку павінна стаць мэтай усіх вучняў.

Людміла Рыгораўна знаходзіцца ў пастаянным пошуку эфектыўных падыходаў да навучання. Перавагу аддае тэхналогіі сустрэчных намаганняў настаўніка і вучняў. Прыёмы і метады гэтай тэхналогіі робяць вучэбную дзейнасць цікавай і насычанай, дазваляюць дзецям выказваць уласныя меркаванні, прыходзіць да самастойных высноў.

Выкарыстанне тэхналогіі сустрэчных намаганняў на ўроках і ў пазакласнай рабоце — дзейсны сродак актывізацыі ўнутранай матывацыі вучняў. Пры дапамозе гэтай тэхналогіі Людміла Рыгораўна далучае да аналітычнай і практычнай дзейнасці ўсіх школьнікаў, бачыць магчымасці кожнага з іх. Праз актыўную сумесную дзейнасць больш лёгка дасягаюцца мэты ўрока, знікаюць канфліктныя сітуацыі. Акрамя таго, вучні ўзбагачаюць камунікатыўны вопыт, перажываюць шмат станоўчых эмоцый.

Шматгадовы вопыт дазваляе педагогу эфектыўна працаваць і ў інаватыцы. Так, на працягу 2011—2014 гадоў Л.Р.Лычук удзельнічала ў рэалізацыі інавацыйнага праекта па музейнай педагогіцы, а на працягу 2015—2018 гадоў — праекта па ўкараненні мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення. Работа з вучнямі, цьютарам якіх з’яўляецца настаўніца, дазваляе ім паспяхова выступаць у раённых, абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсах, раённым і абласным этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, раённых навукова-практычных канферэнцыях.

На працягу многіх гадоў Людміла Рыгораўна ўзначальвае школьны музей “Спадчына Беларусі”, дзе размешчана вялікая колькасць адметных экспанатаў, здольных расказаць шмат цікавага пра жыццё нашых продкаў. Тут можна даведацца, што людзі выкарыстоўвалі ў штодзённай працы, з чаго складаўся інтэр’ер традыцыйнага жылля і як яго ўпрыгожвалі, якую вопратку насілі продкі. Даволі часта педагог праводзіць для вучняў захапляльныя падарожжы па краіне беларускiх майстроў. Дзеці пераносяцца ў мінулае, дзе бачаць старадаўнія рэчы ў прывычным для іх асяроддзі, знаёмяцца з тым, як жылі вяскоўцы.

Настаўніца вельмі любіць падарожнічаць з вучнямі па Беларусі. Разам з імі пабывала ў розных гарадах краіны.

Выпускнікі 20-й школы ўдзячны любімаму педагогу не толькі за добрыя веды па роднай мове, але і за карысныя жыццёвыя ўрокі. Людмілу Рыгораўну паважаюць за чалавечыя якасці, шчырыя адносіны да дзяцей. Настаўніца заўсёды падкажа, як трэба зрабіць, параіць і дапаможа ў любой сітуацыі.

Педагогу вельмі прыемна часта чуць на вуліцы словы: “Добры дзень, Людміла Рыгораўна! Вельмі рады вас бачыць!”

Святлана ШЛОМА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста.