12 красавіка ў Рэспубліканскім Доме ДТСААФ адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання 1-й Рэспубліканскай выставы-конкурсу жывапісных і фотаработ юных мастакоў па ваенна-патрыятычнай тэматыцы пад дэвізам “Мы гэтай памяці верныя!”. Творчае спаборніцтва было прысвечана 25-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістана і 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Цырымонія ўзнагароджання прызёраў выставы-конкурсу вылілася ў сардэчную сустрэчу дзяцей і юнакоў, нераўнадушных да пытанняў Радзімы і яе гераічнай гісторыі, з паважанымі людзьмі. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” генерал-лейтэнант у адстаўцы Яўген Васільевіч Мікульчык, кіраўнік ваеннай студыі мастакоў Рэспублікі Беларусь старшыня журы 1-й Рэспубліканскай выставы-конкурсу “Мы гэтай памяці верныя!” Мікалай Апанасавіч Апіёк, старшыня апякунскага савета фонду “Памяць Афгана” Аляксандр Васільевіч Галубовіч, намеснік начальніка ўпраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Іванаўна Пшанічная, кіраўнік ваенна-патрыятычнага комплексу “Патрыёт” імя Героя Савецкага Саюза лётчыка-штурмавіка П.Р.Калеснікава Валерый Іванавіч Перавошчыкаў і інш. У кожнага з гэтых выступоўцаў знайшліся цёплыя душэўныя словы, адрасаваныя прызёрам конкурсу.
Напрыклад, Мікалай Апанасавіч Апіёк адзначыў, што ва ўсіх без перабольшання дзяцей і юнакоў, якія сваімі мастацкімі работамі засведчылі вернасць памяці (а іх было больш за 100 з розных рэгіёнаў Беларусі), журы ўбачыла божую іскру таленту. Але ён жа засцярог удзельнікаў наступных такіх конкурсаў ад памылак, звязаных з капіраваннем работ вядомых мастакоў, а таксама педагогаў-мастакоў ад непажаданага агрэсіўнага ўмяшальніцтва ў творы іх выхаванцаў. “Гэта самая распаўсюджаная праблема ў зносінах дарослых і дзяцей у мастацкім свеце, — адзначыў Мікалай Апанасавіч. — Дарослы са сваіх пазіцый гаворыць дзіцяці, маўляў, не станавіся ў лужыну, маўляў, трэба будзе купляць новыя чаравікі, штаны і гэтак далей. Але ж дзіця ў гэты самы час спазнае гэтую лужыну, спазнае гэты свет! Я неаднойчы сутыкаўся з выпадкамі, калі педагогі перад конкурсамі папраўляюць работы сваіх навучэнцаў, абы толькі выставіць іх у найлепшым святле. Гэта вельмі заганная практыка. Дайце дзецям магчымасць працаваць самастойна! Гэта іх творчы парыў, гэта іх выхад у свет. Вы можаце толькі накіраваць дзяцей, параіць пачытаць ім нейкую літаратуру, але выходзіць у свет яны павінны самастойна”.
У сваю чаргу Яўген Васільевіч Мікульчык падзяліўся з прысутнымі цікавымі ўспамінамі пра сустрэчы з народным мастаком Беларусі Міхаілам Андрэевічам Савіцкім і іншыя шчымлівыя эпізоды са свайго жыцця. А Наталля Іванаўна Пшанічная назвала 1-ю Рэспубліканскую выставу-конкурс “Мы гэтай памяці верныя!” знакавай падзеяй, якая абавязкова павінна мець працяг. “Вельмі важная скразная тэма гэтага конкурсу — не забываць, — падкрэсліла Наталля Іванаўна. — 70 гадоў мінула з часу вызвалення Беларусі, 25 гадоў — з часу вываду савецкіх войскаў з Афганістана, аднак, як ні дзіўна, людзі забываюць пра страшныя падзеі мінулых дзесяцігоддзяў, пра людскія пакуты.
І, напэўна, толькі тая краіна, якая забывае, можа дазволіць сабе зноў ваяваць, рабіць перавароты, зноў забіваць людзей і праліваць кроў… Я ганаруся тым, што ў нашай краіне памятаюць пра мінулае, не забываюць. За гэта мы ўдзячны перш за ўсё тым людзям, ветэранам, якія сустракаюцца з моладдзю, расказваюць ім праўду. І, безумоўна, самім юным і маладым людзям, якія адгукаюцца на ўсё гэта. Конкурс “Мы гэтай памяці верныя!” якраз і ёсць той доказ, што вы, яго ўдзельнікі, не раўнадушныя, вы адгукаецеся. Дзякуй вам за вашу грамадзянскую пазіцыю!”
Прызёрамі 1-й Рэспубліканскай выставы-конкурсу “Мы гэтай памяці верныя!” сталі 19 чалавек: у намінацыі “Партрэт героя” — Алег Каліценя (Мінск), Ганна Корвін-Кучынская (Мінск), Мікіта Грышкін (Клімавічы) і Дзмітрый Шыркевіч (Орша); у намінацыі “Баявы эпізод” — Кацярына Сцефаненка (Крычаў), Міхаіл Марозаў (Крычаў) і Карына Маёрава (Крычаў); у намінацыі “Мірны сюжэт” — Кірыл Малахоўскі, Дар’я Ханеўская і Настасся Пашывач (усе з Крычава); у намінацыі “Вольная тэма” — Настасся Строгіна (Барысаў), Павел Сініцын (Клімавічы) і Марына Якавенка (Крычаў); у намінацыі “Плакат” — Павел Краўчынскі (Камянец), Ангеліна Якушава (Клімавічы) і Вераніка Папянкова (Крычаў); у намінацыі “Фотаработа” — Кацярына Верам’ёва (Орша), Сяргей Сагаманян і Мікіта Малашэнка (абодва з Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча).
Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.