Верыць у магчымасці сваіх вучняў

З даўніх часоў справядліва лічыцца, што паважлівыя адносіны да фізічнай культуры, здароўя і спорту з’яўляюцца своеасаблівай візітнай карткай дзяржавы, паказчыкам яе паспяховасці, стабільнасці і пэўнага ўзроўню жыцця. У сувязі з гэтым апраўдана палітыка нашай дзяржавы, накіраваная на папулярызацыю розных відаў спорту, будаўніцтва спартыўных будынкаў сусветнага ўзроўню і актыўную падтрымку здаровага ладу жыцця. Наша краіна па праве можа ганарыцца высокімі дасягненнямі сваіх спартсменаў на спаборніцтвах сусветнага ўзроўню. І ў гэтыя дасягненні пэўны ўклад уносіць школа і, у прыватнасці, настаўнікі фізічнай культуры, якія фарміруюць шчырую любоў да свайго прадмета, спорту, імкненне захаваць і ўмацаваць сваё здароўе.

Адным з такіх педагогаў, фанатычна адданых сваёй прафесіі, з’яўляецца настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 8 Ваўкавыска з польскай мовай навучання Сафія Данілаўна Жэшка.

Розныя акалічнасці прыводзяць настаўніка ў школу. Хтосьці здзяйсняе сваю даўнюю дзіцячую мару або працягвае сямейную педагагічную дынастыю, а кімсьці рухае шчырае жаданне быць падобным на свайго любімага настаўніка.

Ужо ў раннія школьныя гады Сафія Данілаўна праяўляла павышаную цікавасць да розных відаў спорту (баскетбола, тэніса, лёгкай атлетыкі), пастаянна ўдзельнічала ў спартыўных спаборніцтвах. З дзяцінства ўяўляла сябе толькі настаўніцай, іншыя варыянты нават і не разглядала. Пасля заканчэння школы зрабіла свой свядомы выбар: паступіла ў Гродзенскі фізкультурны каледж, які скончыла ў 1981 годзе, тым самым назаўсёды звязала свой лёс з фізічнай культурай.

Сёння гэта высокакваліфікаваны педагог з вялікім працоўным стажам — 33 гады. Сваю галоўную задачу Сафія Данілаўна бачыць у тым, каб зацікавіць, далучыць да штодзённых фізічных заняткаў кожнага вучня.

Бясспрэчна, здароўе — адзін з найважнейшых кампанентаў дабрабыту чалавека. Не сакрэт, што за апошнія гады ўзровень здароўя падрастаючага пакалення значна знізіўся. У сувязі з гэтым галоўным прыярытэтам у сваёй працы Сафія Данілаўна лічыць змяненне адносін вучняў да ўрока фізічнай культуры. І гэта ў яе сапраўды атрымліваецца. У школе няма ні аднаго вучня, які не хацеў бы ісці на ўрок фізічнай культуры, не імкнуўся б удзельнічаць у спаборніцтвах, адстойваючы гонар школы. Сафія Данілаўна валодае дарам прывіцця выхаванцам бязмежнай любові да свайго прадмета. Магчыма гэта толькі тады, калі настаўнік аддае ўсе сілы і ўсю душу дзецям, школе, сваёй прафесіі.

Сафія Данілаўна шчыра ганарыцца кожным сваім вучнем, і ён не абавязкова павінен быць майстрам спорту і паказваць высокія спартыўныя вынікі. Галоўнае для яе, каб усе яе вучні, якія выйшлі са сцен школы, былі здаровымі і паспяховымі людзьмі.

Пастаянныя заняткі спортам умацоўваюць здароўе дзяцей, а самае галоўнае — нясуць радасць. Для Сафіі Данілаўны вельмі важна зразумець кожнага вучня. Толькі так на працягу ўсяго часу навучання можна трымаць вучня ў пастаянным захапленні фізічнай культурай. На думку педагога, не менш важна даць свайму выхаванцу магчымасць паверыць у сябе, у свае сілы. Менавіта недахоп веры знішчае ініцыятыву, становіцца бар’ерам для далейшага развіцця. Ні ў якім разе нельга дапускаць, каб дзеці адчувалі сябе слабымі.

“Павінен быць поўны давер паміж вучнем і настаўнікам”, — лічыць С.Д.Жэшка, падкрэсліваючы, што настаўніку неабходна старацца толькі накіроўваць дзейнасць навучэнцаў, даючы якое-небудзь заданне, а яны ўжо самі будуць працаваць над удасканаленнем тэхнікі. Сафіі Данілаўне радасна, калі яе вучні дасягаюць пэўных вынікаў самі.

Педагог шчыра ўпэўнена ў тым, што для таго, каб дасягнуць высокіх паказчыкаў у спорце, неабходна выконваць важную ўмову — метадычна правільна выкарыстоўваць на вучэбных занятках фізічныя практыкаванні з улікам індывідуальных магчымасцей і здольнасцей кожнага вучня. Бясспрэчна, кожны вучань — гэта індывідуальнасць: у кагосьці лёгка і без праблем атрымліваецца пераносіць любыя нагрузкі, а іншаму не хапае сіл і вынослівасці. Таму так важны індывідуальны падыход.

У сваёй педагагічнай дзейнасці Сафія Данілаўна імкнецца знайсці падыход да кожнага дзіцяці, дапамагчы яму развіць свае здольнасці, а самае галоўнае — не спыняцца на дасягнутым.

Жыць жыццём вучняў, іх інтарэсамі, развіваючы ў кожным з іх імкненне спасцігнуць таямніцы вучэбнага прадмета “Фізічная культура і здароўе” — у гэтым і заключаецца сэнс усёй працы педагога Сафіі Данілаўны Жэшка.

А вучні адказваюць ёй узаемнай любоўю, глыбокай і шчырай павагай і, вядома ж, высокімі спартыўнымі дасягненнямі. Штогод каманда ўстановы адукацыі займае першыя месцы ў раённай спартакіядзе. Традыцыйна высокіх вынікаў вучні дасягаюць у спаборніцтвах па валейболе, мнагаборстве “Здароўе”, “Снежны снайпер”, па шахматах і настольным тэнісе, займаючы толькі прызавыя месцы.

Сафія Данілаўна ўпэўнена, што многім яе вучням спатрэбіцца ў будучым жыцці ўменне пераадольваць цяжкасці, радавацца ўласным поспехам і дасягненням сваіх таварышаў.

Любоў і самааддача ў прафесіі гэтага педагога пераконвае ў тым, што, каб стаць выдатным прафесіяналам, трэба быць у першую чаргу чалавекам, які ўмее перадаць бязмежную любоў да сваёй справы, да свайго прадмета вучням. Сапраўдным настаўнікам можа стаць толькі той, хто верыць у магчымасці сваіх вучняў і ўсё жыццё прысвячае раскрыццю іх талентаў.

Ганна ЛІТОЎКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 8
Ваўкавыска з польскай мовай навучання.