“Верыць у нешта. І ведаць, што ў цябе вераць…”

- 10:21Культура

Гэтаму інтэрв’ю папярэднічала амаль дэтэктыўная гісторыя.

Я ехаў у цягніку ў камандзіроўку ў Брэст. Было, можа, толькі 7 раніцы, і раптам мне на смартфон прыходзіць смс: “Дзякуй вам, Мікола. Вы так хораша напісалі пра перазахаванне Магдалены Радзівіл! Вы проста геніяльна напісалі!”

І адрас: “Надзя Бука”.

Я адразу ўспомніў яе, мастачку, пісьменніцу, журналістку, з якой рабіў 5 гадоў назад інтэрв’ю з нагоды таго, што яна прыдумала пігласаў, бубласаў ды іншых герояў, дзівосных істот, выразаных са сваіх жа выцінанак або, як яна іх называла, буцінанак (ад прозвішча Бука).

Напісаў у адказ: “Надзя, дзякуй вам за добрыя словы, але, мабыць, вы мяне з некім пераблыталі. Я не пісаў ніколі пра перазахаванне Магдалены Радзівіл”.

Потым была смс: “А вы не дыякан Мікола?”

“Ды не. Я журналіст з “Настаўніцкай газеты”. Памятаеце, я пісаў артыкул пра вас 5 гадоў назад. Вы мне тады расказвалі пра вашых пігласаў, бубласаў і іншых герояў”.

Мінула колькі хвілін, і я атрымаў новую смс: “Даруйце, у мяне ў тэлефоне проста быў запісаны Мікола. Я думала, што гэта тэлефон дыякана Міколы”.

“Ды не, я не дыякан, а журналіст”.

“Успомніла вас! А я ж, дарэчы, настаўніца цяпер…”

“Дзе вы выкладаеце?”

“У студыі пры касцёле Святой Тройцы. Касцёле Святога Роха на Залатой Горцы”.

Напісаў ёй праз некалькі секунд: “Надзя, а давайце з вамі пагаворым напярэдадні 8 Сакавіка: што адбылося з вамі за апошнія 5 гадоў, якія задачы вы ставіце перад сабой цяпер як настаўніца, чым жывяце і чым дыхаеце наогул…”

“Добра. Давайце. Прыходзьце ў касцёл”.

“У касцёл? Мы там і будзем гаварыць?”

“Так. Зойдзеце — спускайцеся ў цокальную залу. Там наша студыя, там і пагаворым”.

Прыйшоў, спусціўся… І зніякавеў у касцёле — я сустрэў Ніколь Кідман. Надзя насамрэч нагадала мне маю кіношную кумірку.

“Hi! Are you Nicole Kidman?”

“Прывітанне! Не, я не Ніколь… Я Надзя! Надзя Бука. Давайце гутарыць”.

“Ну, добра…”

Прыселі. Я ўключыў дыктафон.

Слухаючы адказы Надзі на мае простыя пытанні, я, здаецца, пачуў карысныя парады для ўсіх нашых жанчын-настаўніц: як быць шчаслівай…

— Надзя, што адбылося ў вашым жыцці за апошнія 5 гадоў?

— Напэўна, самая першая галоўная падзея — нараджэнне майго малодшага сынка Яна, якому сёння ўжо 3 гады. А яшчэ я выдала сваю першую кнігу “Бася і Піглас”. На сёння адбылося ўжо каля 50 яе прэзентацый. А яшчэ я адкрыла студыю малявання “Крылы натхнення” тут, пры касцёле на Залатой Горцы. У мяне зараз каля 80 вучняў.

— А Бася — гэта якое імя?

— Гэта скарочанае ад Барбары… У нас жа раней вельмі карысталіся поспехам беларускія імёны, успомніць хоць бы тую ж Барбару Радзівіл. Зараз проста, на жаль, забыліся”.

— Надзя, вас многа ўсюды: у грамадстве, мастацтве, жыцці… Можа, дасце іншым жанчынам параду, як знаходзіць час?

— Вы не першы чалавек, хто задае мне такое пытанне. “Надзя, як вас на ўсё хапае?” У мяне адзін адказ: калі чалавек лянівы, яму цяжка нават дыхаць. Калі робіць уздых, ён пакутуе: колькі я зрабіў… Калі чалавек працалюбівы, ён з кожным уздыхам удыхае паветра, але яму здаецца, што ён мала робіць. На самай справе, я думаю, што вельмі мала раблю. Вечарамі люблю паглядзець фільмы… Пра мастакоў, пісьменнікаў, кампазітараў.

— Хто вас падтрымлівае ў вашай творчасці?

— Бог. Муж. А натхненне мне дае піглас, які сядае мне на плячо. Хаця… Я жыву на першым паверсе. Магу, прачнуўшыся, паглядзець у акно — і мяне натхніць пейзаж за ім. Ці птушка нейкая паляціць — а я залюбуюся яе палётам.

— Надзя, ёсць такая думка, што існуюць мужчынскае і жаночае шчасце. Вы згодныя з гэтым?

— Не асабліва. Канечне, мужчына і жанчына з розных планет. Але я думаю, што для адных і для другіх галоўнае — кахаць і быць каханым, верыць у нешта і ведаць, што ў цябе вераць… Хаця, безумоўна, ёсць розныя людзі. Для некага шчасце — пайсці ў аўтасалон і купіць новы аўтамабіль. Але гэта не для мяне. Я не матэрыяліст па жыцці.

— Навошта вы заснавалі студыю?

— Я проста вельмі люблю дзяцей. Раней у мяне студыя была ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі, а цяпер, пасля дэкрэтнага адпачынку, я падумала, што гэтую справу трэба прадоўжыць. Гэта крута, калі ў цябе ёсць свае вучні, калі яны выразаюць выцінанкі так, як ты іх вучыла.

— Вы лёгка набралі вучняў?

— Вы не паверыце! Адразу запісалася каля сотні чалавек! Я разбіла іх на 6 груп. Выкладаю розныя прадметы: жывапіс, кампазіцыю, колеразнаўства, графіку…

— У вашай студыі вучацца толькі католікі?

— Ды не! І праваслаўныя таксама! Бог жа ад зін. І адна музыка гучыць над намі. Я часта ўключаю джаз. Вельмі люблю джаз.

— У вас учора былі заняткі. Што ці каго малявалі?

— Розных звяркоў-пухнацікаў. Хамячкоў, шчанючкоў. І нават не пухнацікаў — парасят…

— У чым вы бачыце галоўны сэнс сваёй работы? У тым, каб дзіця навучыць маляваць?

— Не толькі. Тое, што ў час нашых урокаў над намі ўзвышаецца крыж, стварае пэўную энергію. Са сваімі дзеткамі часта прыходзяць маляваць іх мамы, і многія потым мне кажуць, што іх узаемаадносіны змацаваліся — мамы і дачкі, мамы і сына. Яны дома малююць разам, калі я задаю дамашнія заданні. Нават калі гэта такое просценькае заданне, як намаляваць кружку. Але яны малююць яе разам — і іх гэта збліжае.

— Ці ёсць у вас вучні, якіх маглі б згадаць з асаблівай любоўю?

— Я іх усіх люблю… А так, каб прыгадаць аднаго нейкага… У верасні да мяне запісаўся Ягор Арлоў. Яму 19 гадоў. Гэта хлопчык з асаблівасцямі: праблемы са скурай, акрамя гэтага, аўтыст. Але ён малюе каляровымі алоўкамі проста дзівосныя рэчы! Ён малюе ўсё не з натуры, а па памяці і па ўяўленні! Гэта нешта неверагоднае. Для мяне самой яго тэхніка малявання каляровым алоўкам недаступная. Неўзабаве хачу адкрыць выставу твораў Ягора. А яшчэ ў мяне ёсць вучаніца Пелагея Сяргеева-Някрасава. Ёй зараз, здаецца, 12 гадоў. Яна вучылася выцінанцы ў мяне 3 гады назад. У яе выцінанцы такая ж выразнасць, дакладнасць, тонкасць ліній, як і ў мяне, і такія ж сюррэалістычныя выявы… Яна хадзіла да мяне ў студыю яшчэ ў Палац дзяцей і моладзі. А потым, калі я сышла ў дэкрэт, усё пыталася ў сваёй мамы: “А калі Надзея Іванаўна вернецца?” Калі адкрылася мая студыя пры касцёле, яна адразу ж сюды прыйшла. Яна, дарэчы, праваслаўная.

— Надзя, цяпер з вашага дазволу я папрашу вас адказаць на пытанні невялікай анкеты — проста пракаментаваць некаторыя выказванні вядомых жанчын сучаснасці.

— Добра. Давайце.

— Мэрылін Манро: “Заўсёды вер у сябе, таму што калі ты не паверыш, то хто іншы паверыць?”

— О, я так люблю Мэрылін! Гэтыя словы акурат у кропку! Мне нават здалося, што гэта мае словы. Увогуле, лічу, усё пачынаецца з таго, што ты павінна не толькі верыць у сябе, але і любіць сябе. Тады гэта бачна нават па тваім абліччы.

— Марлен Дзітрых: “Сапраўдная жанчына не хвалюецца, а хвалюе”.

— Ну, не зусім я згаджуся з Марлен. Я, напрыклад, вельмі часта хвалююся. Хвалююся перад кожным урокам, хвалююся перад адкрыццём кожнай сваёй выставы, перад выхадам кожнай кнігі сваіх сяброў. Я чалавек, які хвалюецца і хвалюе. 50 на 50 — такі адказ.

— Како Шанэль: “Стрымліваць сябе, калі крыўдна, і не закатваць сцэн, калі балюча, — вось што такое ідэальная жанчына”.

— Ох, як бы хацелася быць такой, як Како Шанэль! Але наколькі я ведаю біяграфію Како Шанэль, яна ўмела закатваць сцэны… З самой жа фразай Како я згодна. Жанчына не павінна закатваць сцэн. Жанчына павінна заўсёды заставацца жаноцкай. Я маю на ўвазе нейкую такую мяккасць, гнуткасць, тонкасць. Істэрыкі і крыкі для мяне не асацыіруюцца з жанчынай.

— Сафі Ларэн: “Калі дзяўчына неверагодна прыгожая ў юнацтве, але рассеяная і нічога не даводзіць да канца, прыгажосць хутка сыдзе. Калі ж у яе вельмі сціплыя знешнія дадзеныя, але яна валодае характарам, яе чароўнасць з гадамі будзе толькі ўзрастаць”.

— Згаджуся з Сафі. І ўспомню адзін верш:

…что есть красота?
И почему её обожествляют люди?
Сосуд она, в котором пустота?
Или огонь, мерцающий в сосуде?

Прыгажосць — гэта толькі абгортка, якая з гадамі, хочаш — не хочаш, пацьмянее. А вось тое, што ўнутры, ніколі не пацьмянее. А ўнутры будзе ці святло, ці нейкае глупства. Але я думаю, што чалавек павінен ісці да святла… І тады святло будзе ісці ад усяго яго: ад твару, рук. І, дарэчы, мужчыны, як правіла, бачаць гэтае святло жанчын. Калі яны чулыя, уважлівыя. І ідуць на гэтае святло, на гэты агонь, які гарыць унутры жанчыны.

— Анджэліна Джалі: “Калі ты што-небудзь робіш для іншых для душы, не чакаючы ўдзячнасці, нехта запісвае гэта ў кнігу лёсаў і пасылае шчасце, пра якое ты нават не марыў”.

— Анджэліна ў сваёй фразе раскрыла паняцце бумеранга. Сапраўды, калі ты пасылаеш нейкаму чалавеку бумеранг дабра — нават не спецыяльна гэта робячы, табе гэта абавязкова вернецца. Гэта прынцып хрысціянства. Прычым кожны добрасумленны вернік робіць добрыя ўчынкі, не думаючы, што гэта яму неяк вернецца. Ён проста дорыць сваё сэрца нейкаму іншаму чалавеку, дапамагае яму… А дрэнныя ўчынкі таксама бумерангам вяртаюцца да людзей. І, магчыма, гэты бумеранг нават па галаве іх балюча ўдарыць. Я гэта па сваім жыцці ведаю.

— Надзя, якая самая шчаслівая падзея адбылася ў вашым жыцці за апошні месяц?

— Ды літаральна днямі. На ХХV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. У той дзень была проста немагчымая завіруха. Але адна жанчына — гадоў так пад 70 — прыйшла спецыяльна да мяне на аўтограф-сесію, сказала, што хацела ўбачыць мяне асабіста. Вось гэта было сапраўднае шчасце.

— Дзякуй вам, Надзя, за гутарку. Са святам 8 Сакавіка!

Мікола ЧЭМЕР.