Весела, ярка, незвычайна

- 9:40Навіны рэгіёнаў

Менавіта такім чынам штогод імкнуцца арганізаваць летнія канікулы для школьнікаў у Круглянскім раёне.

Як паведаміла метадыст Круглянскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета А.А.Баржымоўская, па запыце саміх вучняў і іх бацькоў найбольш запатрабаванымі формамі арганізацыі вольнага часу летам сталі аздараўленне ў лагерах, працоўная дзейнасць і адукацыйная занятасць. 

— Сёлета летняе аздараўленне дзяцей на тэрыторыі раёна арганізуецца ў летніках розных тыпаў з кругласутачным і дзённым знаходжаннем. На базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі была наладжана работа 10 лагераў з дзённым знаходжаннем. Прычым важна, што ў мэтах поўнага задавальнення інтарэсаў навучэнцаў у пэўнай галіне ведаў, творчасці, авалоданні практычнымі навыкамі летнікі функцыянавалі па профілях і розных напрамках дзейнасці. Для дзяцей, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту, працавалі чатыры аздараўленчыя лагеры працы і адпачынку. Акрамя таго, для тых, хто хоча летам папрацаваць, дзейнічаюць вучнёўскія вытворчыя і сельскагаспадарчыя брыгады, школьныя лясніцтвы, валанцёрскія атрады, студэнцкія атрады школьнікаў. Па дамове з упраўленнем па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама падлеткам былі таксама прадастаўлены магчымасці для індывідуальнага працаўладкавання, — пазначыла А.А.Баржымоўская.

Паводле яе слоў, ярка і весела праходзяць летнія дні ў спартыўна-аздараўленчым лагеры з кругласутачным знаходжаннем, які размясціўся на базе адпачынку ў вёсцы Прыгані. Арганізацыяй дзейнасці летніка займаецца дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. У гэтым годзе запланавана шэсць аздараўленчых змен, за час якіх тут адпачнуць 150 дзяцей.

— Фізкультурна-аздараўленчы профіль лагера садзейнічае рознабаковаму фізічнаму развіццю дзяцей, пашырэнню іх спартыўнага кругагляду, фарміраванню прыхільнасці да здаровага ладу жыцця. Дні кожнай аздараўленчай змены ў гэтым летніку маюць сваю спартыўную тэматыку. Педагогі арганізуюць для вучняў дні футбола, баскетбола, піянербола, валейбола, гандбола, плавання, гіравога спорту, абруча і скакалкі, тэніса, гімнастыкі, лёгкай атлетыкі, шахмат і шашак… І гэта далёка не поўны пералік. Такі адпачынак дае хлопцам і дзяўчатам магчымасць праявіць сябе ў многіх відах спорту, удасканаліць наяўныя фізічныя ўменні і навыкі, — расказала Аліна Адольфаўна.

Акрамя розных спаборніцтваў, эстафет і турніраў, у спартыўна-аздараўленчым летніку рэгулярна праходзяць розныя віктарыны, конкурсы, гутаркі, накіраваныя на інтэлектуальнае развіццё дзяцей. У госці да хлопцаў і дзяўчат перыядычна заходзяць прадстаўнікі раённых службаў і ведамстваў, якія нагадваюць ім пра культуру бяспечнай жыццядзейнасці.

Як адзначыла А.А.Баржымоўская, цікава і разнастайна праходзіла аздараўленне таксама ў выхаванцаў лагера працы і адпачынку з кругласутачным знаходжаннем “Равеснік”. На працягу дзевяці дзён 15 падлеткаў, якія хацелі не толькі адпачыць, але і падзарабіць, жылі і выконвалі розную працу на тэрыторыі эколага-турыстычнага комплексу “Мікалаеўскія сажалкі”. Хлопцы і дзяўчаты займаліся ўборкай тэрыторыі, шчыравалі ў садзе і агародзе комплексу. У вольны час для іх арганізоўваліся забаўляльныя, спартыўныя, пазнавальныя мерапрыемствы.

— Летнія дні ў “Равесніку” былі насычаны падзеямі, сумаваць у гэтым лагеры нікому не даводзілася. Кожны падлетак мог знайсці справу па душы. Да таго ж яны змаглі добра зарабіць. Сярэдняя заработная плата падлеткаў склала 150—170 рублёў, — адзначыла Аліна Адольфаўна.

Адметна, што асаблівую ўвагу ў раёне заўсёды ўдзяляюць аздараўленню дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. На Кругляншчыне ўжо не першы год функцыянуе адзіны ў вобласці кругласутачны аздараўленчы лагер для дзяцей з АПФР.

— Лагер “Надзея” традыцыйна арганізуецца на базе раённага Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Сёлета аздараўленне ў ім прайшлі 25 дзяцей, у тым ліку 9 дзяцей-інвалідаў з цяжкімі і множнымі парушэннямі здароўя, — расказала А.А.Баржымоўская.

Разам з асаблівымі ў “Надзеі” адпачывалі і норматыповыя дзеці. Педагагічны калектыў ЦКРНіР рэалізаваў для іх аздараўленчую праграму “Вясёлае падарожжа сяброў”, у аснове якой — стварэнне інклюзіўнага асяроддзя, прадастаўленне асаблівым дзецям і іх здаровым аднагодкам роўных магчымасцей для ўдзелу ў сумесных культурна-масавых, спартыўных, творчых, выхаваўчых і іншых мерапрыемствах.

— Мерапрыемствы ў лагеры “Надзея” праходзілі такім чынам, каб удзельнічаць у іх з аднолькавым поспехам маглі ўсе дзеці. Конкурсы, заданні, віктарыны падбіраюцца педагогамі так, каб кожны выхаванец мог раскрыць свае лепшыя якасці. Нароўні з выхаваўчымі мерапрыемствамі ў аздараўленчым лагеры арганізоўваліся экскурсіі, наведванне басейна, выстаў, музеяў, лялечнага тэатра, прагляды дзіцячых кінафільмаў і мультфільмаў. Усё гэта пакідае ў дзяцей толькі яркія ўражанні ад адпачынку, — заўважыла Аліна Адольфаўна.

Наогул, у круглянскіх школьнікаў падчас летніх канікул вельмі шырокі выбар арганізацыі вольнага часу. Акрамя адпачынку ў аздараўленчых лагерах, мясцовая дзетвара можа наведаць забаўляльную пляцоўку ў скверы райцэнтра, выязныя гульнявыя пляцоўкі, камп’ютарныя класы, спартзалы і стадыёны ва ўстановах адукацыі, відэасалоны ва ўстановах культуры. Не спыняе сваю дзейнасць таксама раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Вясёлка”. Штогод у летні перыяд тут прапануюць насычаную праграму занятасці, асноўнай задачай якой з’яўляецца ажыццяўленне комплекснага падыходу да арганізацыі адпачынку і развіцця навучэнцаў.

— Сумеснымі намаганнямі педагагічных калектываў усіх устаноў адукацыі раёна, а таксама праз міжведамаснае ўзаемадзеянне мы імкнёмся да таго, каб для кожнага навучэнца летнія канікулы прайшлі цікава. Дзякуючы загадзя прадугледжаным разнастайным формам занятасці, нашы дзеці могуць і паўнавартасна аздаравіцца, і заўсёды знайсці сабе карысную справу, — падкрэсліла А.А.Баржымоўская.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены Круглянскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам.