Весёлая Масленіца

У Курманаўскім ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці прайшло народнае гулянне з нагоды Масленіцы. У свяце ўдзельнічалі педагогі, навучэнцы, тэхперсанал установы адукацыі, бацькі.

Народнае свята адкрылі вясёлыя скамарохі, якія зазывалі гасцей на гулянне. Распачалася дзея з’яўленнем Масленіцы, Аўдоцці Ізоцьеўны. Масленіца заехала на шырокі школьны двор у вазку на кані з упрыгожанай дугой, прыбраным фурманам, у суправаджэнні Сонца і Вясны. Дзеці і дарослыя сустрэлі яе песняй і дружным карагодам.

І пачалося вясёлае гулянне. Усяму тут было месца: гульням, конкурсам, розыгрышам, смеху. Удзельнікі свята ўзялі актыўны ўдзел у спаборніцтвах, гульнях, разгадванні загадак. Вялікае задавальненне атрымалі дзеці, катаючыся ў вазку на кані.

Масленічны тыдзень спакон веку спраўляўся за сем тыдняў да Вялікадня. Чакалі яго заўсёды з нецярпеннем. Ужо за тыдзень былі гатовыя запасы сыру, масла, смятаны. Кожны дзень Масленіцы мае сваю назву. Увесь тыдзень называўся “сумленная, шырокая, баярыня Масленіца”. Кульмінацыя народнага свята — спальванне пудзіла.

Праводзілі Масленіцу з танцавальнай музыкай і карагодам да наступнай зімы. Гулянне скончылася частаваннем блінамі з гарачай гарбатай. Свята спрыяла захаванню народных традыцый і звычаяў, падарыла ўсім добры, пазітыўны настрой.

Галіна БАРАНАВА,
педагог-арганізатар
Курманаўскага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа Мсціслаўскага раёна.