Ветэраны — людзі актыўныя

У Гродне адбылося сумеснае пасяджэнне Рэспубліканскага савета ветэранаў працы галіны, Маладзёжнага савета галіновага прафсаюза і членаў Прэзідыума Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Ветэраны і маладыя члены прафсаюза абмеркавалі шляхі супрацоўніцтва і сваё бачанне дзейнасці арганізацыі, удасканалення работы, падзяліліся вопытам.

Перад пачаткам пасяджэння, якое адбылося ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, яго ўдзельнікі азнаёміліся з выставай творчых работ ветэранаў, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Вера Віктараўна Грышэчка прадставіла вопыт работы Гродзенскага гарадскога і раённых саветаў ветэранаў.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня Рэспубліканскага савета ветэранаў працы галіны і Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Яніна Аляксандраўна Трахімовіч і начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Генрыхавіч Сонгін падкрэслілі важнасць работы з ветэранамі педагагічнай працы, якіх сёння ў краіне 97 тысяч. Гэтыя людзі валодаюць неацэнным прафесіянальным і чалавечым вопытам, многія з іх — актыўныя ўдзельнікі грамадскіх спраў, шмат часу і душы аддаюць рабоце з моладдзю.

Аб гэтай дзейнасці, а таксама аб супрацоўніцтве з абласным саветам прафсаюза расказаў у сваім выступленні старшыня Гродзенскага абласнога савета ветэранаў працы галіны і Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Уладзімір Антонавіч Гаўрон.

— У рабоце з ветэранамі самае важнае, каб тыя, хто працуе з імі, самі дэманстравалі актыўнасць, былі людзьмі паважанымі, аўтарытэтнымі і неабыякавымі, — сказаў У.А.Гаўрон. — Шмат гадоў узначальваюць раённыя саветы ветэранаў Ганна Пятроўна Сіняк (Слонімскі раён), Раіса Аляксандраўна Ганчарэвіч (Дзятлаўскі), Таццяна Аляксандраўна Мончак (Смаргонскі), Іван Станіслававіч Жыдзель (Іўеўскі), Міхаіл Аляксандравіч Касьяновіч (Мастоўскі), Галіна Анастасьеўна Талай (Бераставіцкі), Дзмітрый Антонавіч Копаць (Гродзенскі раён). Больш за 10 гадоў узначальвае Гродзенскі гарадскі савет ветэранаў Валянціна Аляксандраўна Гаранько.

За апошнія гады на Гродзеншчыне з’явіліся новыя формы работы з ветэранамі. Цікава праходзяць сустрэчы ветэранаў і маладых спецыялістаў “У нас — вопыт, у вас — маладосць”. Штогод у снежні праводзіцца свята “Юбіляр года”. Актывізавалі работу са сродкамі масавай інфармацыі Слонімскі, Іўеўскі, Воранаўскі, Смаргонскі, Зэльвенскі раённыя саветы. Старшыня Іўеўскага раённага савета І.С.Жыдзель у 2017 годзе апублікаваў у раённай газеце 17 артыкулаў пра ветэранаў.

Старшыня Слонімскага раённага савета ветэранаў Г.П.Сіняк не толькі прадставіла вопыт работы, але і падзялілася планамі — сумесна з мясцовым тэлебачаннем ажыццявіць праект “Нашы” аб ветэранах педагагічнай працы, а таксама праекты па здаровым ладзе жыцця і “Малая радзіма”, выдаць зборнік творчых работ ветэранаў “Мелодыі душы”. Аб тым, як ветэранская арганізацыя сярэдняй школы № 20 Гродна захоўвае традыцыі школы, расказала кіраўнік музея гісторыі навучальнай установы Ганна Аляксандраўна Зылькова. Кірункі работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі па павышэнні прэстыжу прафесіі педагога прадставіла рэктар ГрАІРА Святлана Антонаўна Сяргейка.

Пабывалі ўдзельнікі мерапрыемства і ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, дзе ім прадэманстравалі, як працуюць ветэранская арганізацыя і пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў. Задачы і планы Маладзёжнага савета Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў адукацыі і навукі прадставіў яго старшыня Яўген Рамуальдавіч Міхаловіч.

Знамянальна, што ў гэты дзень прафсаюзная ўніверсітэцкая арганізацыя папоўнілася новымі членамі — першакурснікам уручылі білеты членаў прафесіянальнага саюза.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.