Вецер, які дзьме ў спіну

- 13:13Апошнія запісы, Рознае, Спартыўныя падзеі

Палажыць сцяг у лодку — значыць разлічваць на медаль. Гэта не бег, не лыжныя гонкі, не біятлон, дзе яго могуць падкінуць у рукі на фінішы. На вадзе свае ўмовы…
Кітай. Нанкін. Юнацкія Алімпійскія гульні. Быццам бы і не ўпершыню, але чаму ж так неспакойна? У беларускай каманды пакуль ніводнага медаля. Гэты можа стаць першым… Хрысціна Стараселец і цяпер не можа растлумачыць тое, што адбылося на фінішы. Памятае толькі, што выява сцяга ў лодцы нечакана супакоіла. Сігнал — і яна стартавала!
Першы медаль Нанкіна на дыстанцыі 1000 м у акадэмічным веславанні заваявала для Беларусі спартсменка, якая доўгі час не магла паверыць у сябе.
Хрысціна не проста спраўдзіла даўнюю мару пра юнацкую Алімпіяду, яна навучылася спраўляцца з сабой і ў будучым збіраецца вучыць гэтаму іншых.

У акадэмічным веславанні Хрысціна Стараселец, па яе меркаванні, — хутчэй выключэнне, чым правіла. У свой час яна трапіла ў спорт дзякуючы бацьку, які, не спраўдзіўшы ўласную мару выканаць нарматыў майстра спорту ў плаванні, прывёў у гэты від спорту дачку. Зрабіць прарыў у ім Хрысціне не ўдалося па прычыне банальнага гаймарыту. Па той жа прычыне быў закрыты шлях і ў сінхроннае плаванне, дзе юная спартсменка таксама спрабавала сябе. Калі не вада, то што? Альтэрнатыву сама Хрысціна бачыла толькі ў конным спорце, аднак тут катэгарычнае “не” сказалі бацькі: занадта небяспечна. Не ўяўляючы сябе без фізічных нагрузак, Хрысціна пачала разам з мамай наведваць трэнажорную залу, дзе яе і заўважыла Ірына Алегаўна Папенка.
— Калі кажу, што я нетыповая прадстаўніца акадэмічнага веславання, то маю на ўвазе свой рост, ён усяго 172 см, у той час як раней у нацыянальнай зборнай дзяўчат ніжэй за 180 см не было. Думаю, я ўсіх падманула, бо ў 12 гадоў была такога ж росту, як і цяпер. Памятаю сваю рэакцыю на прапанову трэнера… “Веславанне? Не, гэта зусім не жаночы від спорту. Не хачу мець дрэнную фігуру!” На што Ірына Алегаўна ўпэўнена зняла плашч. Высокая, стройная, у сваім узросце яна выглядала шыкоўна. Лішнія словы былі не патрэбны, і я падумала, што, калі не спадабаецца, нішто не перашкодзіць мне спыніцца.
Трэніравацца пачынала ў родным Брэсце, там жа ўпершыню пачула пра Юнацкія Алімпійскія гульні. У іх прымалі ўдзел мае старэйшыя таварышы Раман Буцько і Сяргей Валадзько, а я ім па-вар’яцку зайздройсціла. Так юнацкая Алімпіяда стала маёй марай. Натуральна, да выступлення ў Нанкіне былі і іншыя важныя старты. Упершыню я трапіла на юніёрскі чэмпіянат свету ў 2012 годзе, выступала ў адзіночцы. Толькі стаўшы чацвёртай у свеце, зразумела, што ў свае 16 нешта сабой уяўляю.

— Хрысціна, у размове з журналістамі адразу пасля вяртання з Нанкіна ты адзначала: той факт, што медаль мог стаць першым для беларускай каманды, вельмі паўплываў на тваё выступленне.
— Шчыра прызнаюся, калі б медаль ужо быў, “золата” на дыстанцыі 1000 м не было б маім. Я выступала на чацвёрты дзень нашага знаходжання ў Кітаі. І штодзень мы жылі ў чаканні, напружанне было неверагоднае. Віншавалі з перамогамі расіян, украінцаў, а ў саміх на рахунку “0”. Напярэдадні старту зазірнула ў сацыяльныя сеткі, а там столькі паведамленняў са словамі падтрымкі. Стала яшчэ цяжэй. Ужо стоячы на старце, перажывала. Я не магла падвесці тых, хто верыць у мяне. І калі б не гэтая акалічнасць, магчыма, атрымала б сваё “серабро” і была б вельмі яму рада. Нечакана супакоіў сцяг, які я па прапанове майго трэнера Аляксандра Мікалаевіча Папенкі палажыла ў лодку…

— Па якой прычыне ты назвала гонку самай складанай у сваёй спартыўнай кар’еры?
— Я заўсёды была стартавай — інакш кажучы, паказвала выдатны старт і потым трымала гэты вынік на працягу дыстанцыі. Так было на Еўропе: стартанула, выйшла на свой ход і кантралюю сітуацыю. А ў Нанкіне адразу пасля старту зразумела: наперадзе грачанка. Што б я ні рабіла, яна аддалялася. На палове дыстанцыі я ўжо не бачыла яе бакавым зрокам. Канечне, медаль быў патрэбны, але стала неймаверна цяжка. Сціснуўшы зубы, трэба было цярпець і рабіць сваю справу. Ці то грачанка стамілася, ці то ў мяне аднекуль з’явіліся сілы… Я ўбачыла, што даганяю, здаецца, мой тэмп быў проста неверагодным. На фінішы мы глядзелі адна на адну з пытаннем у вачах: “Хто першы?” Фотафініш паказаў, што я выйграла 0,26 секунды.

— А сцяг узняць усё ж давялося?
— Яшчэ як, я трымала яго і ва ўвесь голас крычала: “Беларусь!” Калі гучаў гімн, плакала. Гэта быў фантастычны эмацыянальны шквал, а потым такое ж глыбокае спусташэнне. Я нічога не адчувала да наступнай раніцы. Толькі цяпер разумею — першая!

— Розніца ў часе паміж Беларуссю і Кітаем 5 гадзін. Ведаю, што пры падрыхтоўцы да Юнацкіх Алімпійскіх гульняў табе давялося кардынальна змяніць рэжым. Складана прыйшлося?
— Няпроста. Спаць клалася гадзін у пяць дня, а трэніравалася ноччу. Снеданне пачыналася ў 3 гадзіны ночы. Было крыху дзіўна: едзеш на трэніроўку, а твае равеснікі якраз з начных клубаў выходзяць. Адчуванне, што з жыцця выпадаеш поўнасцю: калі я абедала, бацька снедаў. Купіла бярушы, каб лягчэй засынаць. Дарэчы, бацькі мяне вельмі падтрымлівалі. Здавалася, нават сабака стараўся не перашкаджаць.

— Хрысціна, вернемся да трэніровак. Як выглядала падрыхтоўка да Нанкіна. Быў нейкі асаблівы план?
— Быў цыкл, разлічаны на тыдзень. Панядзелак пачынаўся з трохгадзіннай рэжымнай трэніроўкі: напрыклад, 6 разоў па кіламетры. Увечары — размераная тэхнічная работа. Аўторак — штанга. Я цягаю жалеза. Прысесці магу са штангай 110 кг. Рукі ў мяне слабаватыя. Станавую цягу раблю максімальна 100 кг. Потым ідзём на ваду, чапляем вялікія бляшанкі да лодкі, каб было супраціўленне. Увечары баня. Далей цыкл паўтараецца. Выхадны — толькі нядзеля. Але перад юнацкай Алімпіядай я нават свой адзіны выхадны праводзіла ў рабочым рэжыме. Калі разумела, што проста неабходна расслабіцца, вышывала — дапамагае!

— Не сакрэт, што ты вучышся на спартыўнага псіхолага. А веды, атрыманыя ў вучэбных аўдыторыях, дапамагаюць?
— Па-першае, іх пакуль яшчэ не так шмат. Па-другое, ведаеце вядомы выраз, маўляў, у псіхолагі людзі ідуць, каб разабрацца ў сабе. Дык вось, гэта якраз пра мяне. Заўсёды лічыла, што я псіхалагічна слабая. Мне цяжка пераадолець сябе, бывае вельмі страшна перад выступленнямі. Дарэчы, мая мама — таксама псіхолаг. Іншым разам яна стараецца нешта падказаць. Я катэгарычна супраць: мне не трэба, каб яна працавала са мной як прафесінал, важней, каб як мама сказала, што верыць у мяне. Бывае, што падкідвае на мой стол нешта пачытаць, я адмаўляюся, а потым усё ж заглядваю ў кніжку і часта разумею: гэта тое, што мне патрэбна ў гэты момант.
Адказы ў спартыўнай псіхалогіі пачала шукаць пасля таго, як зразумела: сама са сваімі праблемамі справіцца не магу. Здаралася, што на трэніроўцы я паказвала выдатны вынік, але выходзіла на старт — і ён станавіўся ўдвая горшы. На выступленні ўплывала не тое, што я працавала да сёмага поту і заганяла сябе, значна больш адбіваўся мой мандраж — іншым разам хацелася выскачыць з лодкі.
Дарэчы, менавіта мама пазнаёміла мяне з некаторымі псіхалагічнымі фокусамі. У мяне была такая вяровачка, на якой я завязала мноства вузельчыкаў, перабіраючы кожны з іх, паўтарала сабе, як мантру: “Я моцная, я спраўлюся…” Калі практыкаваць гэта пастаянна, пачынаеш сапраўды верыць у сябе.

— Але спорт — гэта і работа ў камандзе, і тут шмат іншых псіхалагічных нюансаў. Паколькі ты выступала ў складзе экіпажа, табе яны таксама вядомы…
— Сапраўды. Розніца вельмі вялікая, і ў веславанні яна асабліва адчуваецца. Калі ты адзін, то разлічваць можаш толькі на сябе, з другога ж боку, ніхто не можа цябе падвесці. Не так даўно мы з Таццянай Клімовіч з Гомеля занялі другое месца на чэмпіянаце свету сярод студэнтаў па акадэмічным веславанні, які праходзіў у Францыі. Я адчувала яе спінай, ведала, што хвалюецца гэтак жа, як і я, гэта было падтрымкай для мяне. Але быў у жыцці і негатыўны вопыт, непрыемны і цяжкі.
У дарослым спорце застаюцца тыя, хто сапраўды мае ўзровень, у юніёрскім сітуацыя іншая: побач з табой трэніруюцца самыя розныя людзі, і не абавязкова ўсе яны на-цэлены на спорт вышэйшых дасягненняў. Натуральна, адным трэба больш, чым другім. Калі ты ў экіпажы і хочаш ісці наперад, будзь гатовы, што прыйдзецца некага цягнуць.

— Хрысціна, ці бывала, што менавіта чалавечы фактар прыводзіў да высновы: усё, больш не хачу!
— Такую выснову хоць аднойчы рабіў кожны чалавек. Канечне, калі табе кажуць, што тэхніка ў цябе дрэнная і ўвогуле з цябе нічога не атрымаецца, то рукі апускаюцца. Нямала было выпадкаў, калі іншыя спартсмены спрабавалі зламаць псіхалагічна. Ведаеце, калі табе ў вочы гавораць: “Сёння выіграю я, пасунься…” Што гэта? Рэўнасць? Зайзд-расць? Магчыма. Спачатку я вельмі востра рэагавала. Былі ступары ў выніках. Потым навучылася пераступаць праз такія моманты. Што тычыцца маіх адносін да канкурэнтаў, то я ўмею радавацца за іншых. Сёння я мацнейшая ў Беларусі ў сваім узросце, але ведаю, што шанс ёсць у кожнага.

— Дарэчы, наконт запатрабаванасці спартыўнай псіхалогіі ў Беларусі. Многія трэнеры, ды і самі спартсмены лічаць, што спартыўныя псіхолагі — лішнія ў сістэме людзі. Маўляў, трэнер і ёсць псіхолаг, а часта і маці і бацька ў адной асобе.
— Я ўпэўнена, што гэтая прафесія вельмі патрэбная, і, канечне, ведаю, які настрой пануе сёння ў беларускім спорце. Але давайце паглядзім, што будзе гадоў праз пяць. З кожным годам актуальнасць псіхалогіі ў спорце будзе ўзрастаць. Трэба сказаць, у нашай камандзе быў псіхолаг, але трэнер вырашыў, што гэты спецыяліст не патрэбен. Я ж упэўнена: у камандных відах спорту без псіхолага не абысціся. Ва ўсім свеце гэта разумеюць. Цікава было паназіраць за камандамі ў Нанкіне. Ведаю, што, напрыклад, зборная Малдовы не змагла прывесці з сабой урача, але псіхолага прывезла.

— Што скажаш наконт таго, што цябе параўноўваюць з каралевай веславання Кацярынай Карстэн? Якія эмоцыі гэта выклікае?
— Мне зусім гэта не падабаецца, паколькі ведаю: мне да Каці гэтак жа далёка, як да рэальных зорак. Тыя, хто параўноўвае, проста не разумеюць яе ўзровень. Кацярына Карстэн — вялікая спартсменка і вялікі чалавек. Мяне кожны раз уражвае яе абсалютная чалавечая незалежнасць ад рознага роду тытулаў. Яна настолькі лёгкая і адкрытая ў зносінах, ніколі не падумаеш, што перад табой зорка.
Не ведаю, калі ў Беларусі будзе другая такая вяслярка! Канечне, хочацца імкнуцца да яе вышынь, але будзем рэалістамі: у маім узросце яна паказвала значна лепшыя вынікі. Кацярына — несумненная адзіночніца, а мне больш хочацца сядзець у экіпажы.

— Ты сказала, Карстэн зусім не зорная, а ў самой ёсць страх захварэць на зорную хваробу?
— Думаю, гэта не пра мяне. Справа ў тым, што мне нярэдка даводзілася назіраць, як зорная хвароба выглядае збоку. Ні за што, хачу застацца нармальным чалавекам!

— Ну і, здаецца, самае лагічнае ў якасці апошняга пытанне: якая Алімпіяда будзе наступнай?
— Не ведаю, як у Рыа, а ў Токіа трапіць збіраюся і дакладна ведаю чаму. Юнацкая Алімпіяда ў Нанкіне паказала, наколькі для мяне важна заваёўваць медалі для сваёй краіны. І гэта не гучныя словы. Калі ты спяваеш свой гімн на ўвесь свет, наварочваюцца слёзы. Я бачыла, што мой трэнер таксама спявае. Гэта не проста штуршок для юных спартсменаў, гэта магутны вецер, які дзьме ў спіну.

Наталля АЛЁХІНА.