VI з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў СНД праходзіць у Душанбэ

Арганізатары мерапрыемства — Міністэр­ства адукацыі і навукі Таджыкістана пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага ­супрацоўніцтва дзяржаў Садружнасці.

Беларускую дэлегацыю, у склад якой увайшлі прадстаўнікі ўсіх узроўняў сістэмы адукацыі і журналіст “Настаўніцкай газеты”, узначальвае намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. 

Тэмай VI з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў СНД стала “Адукацыйная прастора Садружнасці Незалежных Дзяржаў — стратэгічны рэсурс яго ўстойлівага развіцця”. Настаўнікі і работнікі адукацыі з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Узбекістана абмяркоўваюць пытанні развіцця сістэм адукацыі дзяржаў СНД.

У планах форуму правядзенне пленарных пасяджэнняў, тэматычных сесій, панэльных дыскусій і круглых сталоў, на якіх дэлегаты з’езда пагавораць аб прынцыпах узаемадзеяння ў справе павышэння якасці школьнай адукацыі, аб развіцці акадэмічнай мабільнасці, падзеляцца распрацоўкамі ў галіне інавацыйных адукацыйных тэхналогій.

Акрамя таго, на з’ездзе пройдзе I Міжнародны фестываль педагагічнага майстэрства, па выніках якога будуць уручаны дыпломы ў трох намінацыях: “Настаўнік”, “Выхавальнік”, “Псіхолаг/сацыяльны педагог”. Яшчэ адно ўзнагароджанне, якое адбудзецца ў рамках з’езда, — уручэнне нагруднага знака “Выдатнік адукацыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў”. Яго атрымаюць лепшыя настаўнікі і работнікі адукацыі дзяржаў СНД.

Больш падрабязна пра работу з’езда чытайце ў найбліжэйшых нумарах “Настаўніцкай газеты”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.