Відамлянская сярэдняя школа на працягу многіх гадоў перамагае ў абласным конкурсе «Цудоўней стане Брэстчына мая»

- 16:10На пользу дела, Новости

Вёска Відамля, што ў Камянецкім раёне, размешчана на скрыжаванні дарог. Штодзень праз населены пункт у розных кірунках праязджаюць тысячы аўтамабіляў. Увагу іх вадзіцеляў і пасажыраў заўсёды прыцягвае, акрамя драўлянай царквы, і сярэдняя школа імя Ф.П. Хахракова, тэрыторыя якой з вясны да восені патанае ў пышнай квецені, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Наша ўстанова адукацыі знаходзіцца навідавоку, а гэта да многага абавязвае, — гаворыць дырэктар Тамара Страпко. — Адукацыйнае асяроддзе валодае магутным выхаваўчым патэнцыялам, таму калектыў школы імкнецца, каб у ёй было па-дамашняму ўтульна і прыгожа не толькі ўнутры, але і звонку. Гэта патрабуе вялікіх намаганняў, аднак іх вынікі таго вартыя.

Да будынка школы вядзе невялікая звілістая брукаванка, уздоўж якой цягнуцца акуратныя самшытавыя кусты і высокія туі. На прышкольнай тэрыторыі раскінуліся кветнікі, аформленыя ў розных кампа­зіцыях. Адна з іх выкладзена ў форме сэрца і Дзяржаўнага сцяга, якія сімва­лізуюць любоў да Радзімы.

— На школьнай тэрыторыі плошчай 2,7 гектара расце каля 50 відаў раслін, — працягвае Тамара Страпко. — Насенне нарыхтоўваем самі, як і вырошч­ваем расаду. Так, сёлета высадзілі больш за 2000 браткаў. Расліны падбіраем такім чынам, каб забяспечыць іх бесперапыннае цвіценне на працягу некалькіх сезонаў. А зімой школьная тэрыторыя выглядае па-казачнаму чароўна за кошт шматлікіх хвойнікаў.

Увагу гасцей прыцягваюць арыгінальныя домікі для насякомых і домікі-кармушкі для птушак, вырабленыя сіламі педагогаў і бацькоў. Дзеці любяць назіраць за жыццём наведвальнікаў гэтых домікаў, што збліжае з прыродай і вучыць лепш разумець яе.

— Падтрымліваць вялікую тэрыторыю ў чысціні і парадку дапамагаюць не толькі педагогі і тэхнічны персанал, але і вучні, — расказвае дырэктар. — Станоўчы прыклад дарослых далучае школьнікаў да працы і выхоўвае ў іх павагу да яе. Зробленае ўласнымі рукамі цэніцца лепш за ўсё.

Чысціня і парадак пану­юць не толькі на тэрыторыі школы, але і ў будынку, узведзеным 75 гадоў назад. Усюды адчуваецца дбайная гаспадарская рука. Калідоры аформлены такім чынам, што нічога не нагадвае пра афіцыйную ўстанову.

У школе атрымліваюць веды каля 130 вучняў і працуюць 20 педагогаў. Амаль чвэрць стагоддзя ўстанову ўзначальвае Тамара Страпко. Менавіта з яе прыходам школьная тэрыторыя з году ў год станавілася больш прыгожай і добраўпарадкаванай. У 2021-м установа далучылася да адукацыйнага праекта “Зялёныя школы”.

На рахунку школы не толькі шматлікія перамогі ў абласным аглядзе-конкурсе па навядзенні парадку і азеляненні тэрыторый “Цудоўней стане Брэстчына мая”, але і дып­лом І ступені, атрыманы па выніках рэспубліканскага конкурсу на лепшую кампазіцыю па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый у намінацыі “Добраўпарадкаванне тэрыторый прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, аб’ектаў аграэкатурызму, прыдарожнага сэрвісу”. У 2021 годзе школа была прызнана лепшай установай сацыяльнай сферы па выніках раённага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і санітарнае становішча населеных пунктаў, утрыманне аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння. А летась атрымала раённы знак якасці ў галіне добраўпарадкавання. Важкія дасягненні і высокі статус відамлянскія педагогі і далей будуць пацвярджаць стваральнай працай.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва школы