Відэагід памяці

Заўсёды цікава сачыць за праектамі, якія маюць практычнае ўвасабленне. Так, як у выпадку з праектам чацвёртакурсніка гістарычнага факультэта БДУ Юрыя Тамковіча “Памяць і слава”, які з часам можа стаць значнай старонкай у гісторыі ўніверсітэта.

Ідэя зрабіць праект, прысвечаны былым супрацоўнікам і студэнтам, з’явілася, калі абмяркоўваліся мерапрыемствы, прымеркаваныя да стагоддзя ўніверсітэта. Пошукі студэнта накіраваны на тое, каб імёны людзей, якія стваралі БДУ, не зніклі.

— Спачатку прапаноўвалася нала­дзіць экскурсіі па Вайсковых могілках (яны знаходзяцца недалёка ад гістарычнага факультэта, і студэнты, як мне здаецца, павінны ведаць пра гэтае месца). А паколькі яго я ведаў добра, распрацоўваць маршрут даручылі мне. Пасля, у сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй, стала зразумела, што пакуль збіраць лю­дзей немагчыма. Таму мы вырашылі запісаць відэагід. Але як падаць гэта, каб і ў інтэрактыўнай форме было цікава і не зацягнута? Вырашылі звязаць ролік з пахаваннямі людзей, якія маюць адносіны да БДУ, — расказвае Юрый.

Каб напісаць разгорнуты сцэнарый, студэнт пачаў весці пошукі па адкрытых крыніцах — у інтэрнэце, бібліятэках, архівах. Вопыт карпатлівага вывучэння матэрыялаў для юнака не новы: у вольны час ён даследуе XX стагоддзе, вывучае асаблівасці пахаванняў Мінска і хо­дзіць у паходы па гістарычных месцах. У выніку хлопец знайшоў дадатковыя звесткі пра самі могілкі, адкрыў імёны 20 чалавек і прасачыў некаторыя падзеі з іх біяграфій. У чэрвені запланаванае відэа было знята.

Але на гэтым каманда распрацоў­шчыкаў, у якой працаваў Юрый (студэнты гістфака, калектыў выкладчыкаў: Алег Яноўскі, Аліна Верамейчык, Аляксандра і Сяргей Вайтовіч), не спынілася. Падумалася, што ў горадзе шмат дамоў, дзе на шыльдах увекавечаны імёны прадстаўнікоў БДУ. Зараз стварэнне відэа знаходзіцца на этапе распрацоўкі. У далейшых планах хлопца — пошук новых імён (зараз Юрый збірае інфармацыю на Маскоўскіх могілках).

— Цяпер я значна больш ведаю гісторыю ўніверсітэта: як фарміравалася акадэмічнае асяроддзе, якія людзі тут вучыліся і былі выкладчыкамі. Таксама лепш пазнаёміўся з рознымі могілкамі і ў любы час змагу расказваць пра іх, — падагульняе будучы гісторык. — Гэта быў цікавы вопыт для мяне, і, спадзяюся, ён будзе карысны іншым.

Ірына ІВАШКА.
Фота з архіва Ю.Тамковіча.