Відэазнаёмства дапаможа ў вывучэнні нямецкай

- 10:50Навіны рэгіёнаў

У сярэдняй школе № 9 Светлагорска ўпершыню прайшоў інтэрнацыянальны анлайн-урок.

Ідэю яго правядзення агучыў падчас тэлеканферэнцыі з горадам-пабрацімам Хельм­штэт (Германія) старшыня Светлагорскага райвыканкама Дзмітрый Алейнікаў. Падстава — трыццацігоддзе партнёрскіх адносін паміж гарадамі. Як расказала дырэктар школы Алена Букачова, партнёрамі сталі навучэнцы гімназіі Барона фон Штэйна з г.Веферлінген, што за 30 кіламет­раў ад Хельмштэта.

— Мы гутарылі больш, чым адведзеныя 45 мінут, — гаворыць Алена Уладзіміраўна. — Такім чынам мы спрабуем аднавіць даўнія партнёрскія сувязі. Раней мы з калегамі перыядычна бывалі ў Германіі, і ў нас існавалі ўзаемныя праекты.

Светлагорскія навучэнцы пад­рыхтавалі відэаролік аб Беларусі і прэзентацыю пра родны горад. Да відэаканферэнцыі ў Германіі далучыліся гімназісты 10 класа, якія вывучаюць рускую мову. Нямецкія дзеці прызналіся, што мала ведаюць пра Беларусь, таму з задавальненнем прынялі запрашэнне. Вялікую частку відэаканферэнцыі заняло актыўнае абмеркаванне школьнага жыцця, любімых заняткаў, цяжкасцей у вывучэнні рускай/нямецкай мовы.

— Ведаеце, такім чынам у школьнікаў знімаецца страх перад моўным бар’ерам, — адзначае дырэктар светлагорскай сярэдняй школы № 9 і настаўніца нямецкай мовы Алена Букачова. — Нашы деці ўбачылі такіх жа дзяцей, як і самі. Прынамсі, яны таксама баяліся размаўляць на рускай з памылкамі. Нашых вучняў здзівіла, што нямецкія школьнікі больш захапляюцца спортам, чым камп’ютарнымі гульнямі. Таксама і тое, што нямецкім гімназістам забаронена карыстацца смартфонамі на ўроках. З’явілася жывая цікавасць да мовы і магчымасці зносін. Ведаю, што пасля гэтага відэаўрока дзеці перайшлі на асабістыя зносіны ў сацыяльных сетках. Мы спадзяёмся, што яшчэ не раз пагаворым пра сіс­тэму школьнай адукацыі ў Беларусі і Германіі.

Напрыканцы відэаўрока ўсе дружна выканалі песеньку “Чаму вучаць у школе” на рускай і нямецкай мовах. Для дзяцей, якія жывуць у гарадах-пабрацімах, такі ўрок — гэта не толькі магчымасць пазнаёміцца, а і практычны вопыт у вывучэнні замежнай мовы.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.