Выхоўваюць патрыётаў

- 11:38Навіны рэгіёнаў

Педагогі брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава ўдзяляюць вялікую ўвагу грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню моладзі. У рамках нядаўняй тэматычнай дэкады ва ўстанове адукацыі адбылося шмат цікавых мерапрыемстваў, накіраваных на выхаванне ў вучняў патрыятычных пачуццяў і любові да Радзімы, беражлівых адносін да гісторыі і людзей, якія адыгралі ў ёй важную ролю.

Адзінаццацікласнікі прынялі актыўны ўдзел у адкрытым дыялогу “Моладзь Беларусі. Традыцыі і будучыня”. Госцем мерапрыемства стаў ветэран вайны ў Афганістане кавалер ордэна “Чырвоная Зорка” М.М.Філіповіч. Урок пакаленняў вёў яго сын — настаўнік гісторыі А.М.Філіповіч. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Т.К.Пляханава, брат якой служыў у Афганістане, прачытала вучням уласны верш, прысвечаны ўсім, хто прайшоў страшную вайну.

У дзень памяці генерал-лейтэнанта інжынерных войскаў, доктара ваенных навук, Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава прайшоў урок памяці ў школьным музеі, прысвечаным гэтаму чалавеку. Ва ўрачыстым мітынгу ўдзельнічаў аркестр Брэсцкай чырванасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Э.Дзяржынскага. Пагранічнікі пабывалі ў музеях Д.М.Карбышава і “Спадчына Беларусі”, сустрэліся з вучнямі профільнага класа — будучымі абаронцамі мяжы.

Каманда школьнікаў пад кіраўніцтвам настаўніка дапрызыўнай падрыхтоўкі А.В.Раманюка заняла 3-е месца ў гарадской ваенна-патрыятычнай гульні “Прызыўнік”. Экскурсаводы карбышаўскага музея прынялі ўдзел у канферэнцыі “Памяць дзеля міру! Я крэпасць, вяду бой!”, арганізаваным клубам “Дыялог” савета ветэранаў Ленінскага раёна Брэста, выступілі перад імі і вучнямі іншых школ з тэмай “Д.М.Карбышаў — герой нашага часу!”. Адзінаццацікласніца Кацярына Дзябёлая атрымала грамату Брэсцкага ваеннага камісарыята за ўзорнае нясенне ганаровай Вахты памяці ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць — герой”.

На працягу грамадзянска-патрыятычнай дэкады класныя кіраўнікі праводзілі тэматычныя класныя гадзіны на тэму “Героямі не нараджаюцца, героямі становяцца!”.

— Дзякуючы розным формам і метадам работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, педагогі актыўна ўплываюць на духоўнае станаўленне вучняў, — адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце 20-й школы Н.В.Лукашэвіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.