Віктар БАБАРЫКІН: “Мы былі скіраваны на творчасць”

- 11:27Моя школа

“Я з простай сям’і, і ўсё, чаго я дасягнуў, — вынік упартай працы,” — так характарызуе сябе наш сённяшні госць. Ён жыве музыкай, годна прадстаўляючы нашу краіну на айчынных канцэртных пляцоўках і за мяжой. З ім маюць за гонар працаваць лепшыя выканаўцы сучаснасці. Сённяшні госць праекта “Мая школа” — заслужаны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Рэпублікі Беларусь Віктар Уладзіміравіч БАБАРЫКІН.

— Віктар, віншуем вас з прысваеннем звання “Заслужаны артыст Беларусі”. Гэта, на вашу думку, прызнанне заслуг ці аванс на будучыню?
— Чым добрае гэтае званне, што яго сапраўды трэба заслужыць працай. Для гэтага звання прыйшлося шмат зрабіць, але наперадзе яшчэ больш — яно абавязвае, як кажуць, трымаць марку, не спыняцца і выдаваць вынік.
Для мяне вельмі важна, што мае заслугі таксама дарагія і для маёй сям’і: вельмі ганарыцца гэтым маці. Шкада, што бацька не дажыў да гэтага моманту. Яму было б таксама вельмі прыемна…

— Адкуль вы родам, як складваўся ваш шлях у музыку?
— Нарадзіўся я ў Мінску. У першы клас пайшоў у 8-ю мінскую школу. Дарэчы, некаторыя з маіх педагогаў да гэтага часу там працуюць. Калі заходжу ў школу, бачу знаёмыя твары на фотаздымках сённяшняга педагагічнага калектыву.

— Часта ў школе бываеце?
— Апошнім часам так. Справа ў тым, што я ў гэтую школу ваджу свайго сына на курсы падрыхтоўкі да школы. Яму ў лютым будзе 6 гадоў, але мы загадзя пачалі з ім рыхтавацца. Каля свайго дома мы нічога не знайшлі, таму вырашылі вазіць яго на “Аўтазавод”. Плюс гэтага таксама ў тым, што я стаў часцей заязджаць да маці, якая жыве ў гэтым раёне.

— Ці памятаеце, як ішлі ў першы клас?
Ад школы засталіся самыя прыемныя ўражанні. Ды і мы былі вельмі паслухмянымі. Адзінае, памятаю, за што атрымалі па шыі, дык гэта за “пасвячэнне ў лётчыкі”. Наш кабінет знаходзіўся на першым паверсе. Калі вучыліся ў другім класе, нехта з аднакласнікаў прыдумаў скакаць з акна на вуліцу (дзякуй богу, першы паверх быў не высокі). Мая маці да гэтага часу памятае той выпадак. Скакалі ўсе хлопцы нашага класа. Ну і, канечне, калі скочыў я, якраз у клас увайшла настаўніца.
Увогуле, школьнае жыццё было як ва ўсіх. Канечне, бывала, што і “двойкі” з дзённіка выводзілі. Быў у нас адзін майстар “хімік”. Неяк настаўніца ўляпіла мне дзве “двойкі” за паводзіны. Прыйшлося звярнуцца па дапамогу да нашага “хіміка”. Ён развёў хлорку, і “двойкі” акуратненька зніклі з майго дзённіка, нават следу не засталося. Як на бяду, назаўтра настаўніца ўзяла дзённік. Доўга глядзела на яго і кажа: “Я ж учора табе “двойкі” ставіла?! Старонку вырваў? (А як тут вырвеш, калі дзённік прашыты і старонкі пранумараваны?) Куды яны дзеліся?” Канечне, яна зразумела, што адбылося, і паставіла “двойкі” нанова, але ўжо шарыкавай ручкай, каб не вывелі, і маці патэлефанавала.
Памятаю, калі я заканчваў 9 клас (пасля 9-га я пайшоў у музычнае вучылішча), было здарэнне на экзамене па геаметрыі. У 9 класе я ўжо быў вымушаны многа прапускаць — самі разумееце, конкурсы, канцэрты… Але мяне вельмі паважалі ў школе і ставіліся да мяне з разуменнем. Выцягнуўшы экзаменацыйны білет, я напісаў адказ, адказаў (здаецца, нават, нядрэнна), і настаўніца, падсумаваўшы мой адказ, адзначыла: “Ну ты ў нас будзеш музыкантам, геаметрыя табе непатрэбная будзе, і “пяцёрка” непатрэбная. Малайчына, “чатыры”!” Я асабліва не засмуціўся.

— Ці спатрэбілася потым геаметрыя?
— Настаўніца мела рацыю: не спатрэбілася.

— Зразумела, што асноўнай мэтай была музычная кар’ера, але якія школьныя прадметы яшчэ падабаліся?
— Мне вельмі падабаліся руская літаратура, беларуская мова і літаратура. Больш за ўсё мне імпанавала тое, што ў беларускай мове, калі гаварыць спрошчана, “як чуецца, так і пішацца”. Маючы музычны слых, мне было лёгка пісаць дыктоўкі на ўроках беларускай мовы.
З замежнымі мовамі было цяжэй. Стартануў я на занятках па нямецкай мове добра, але потым запусціў, а праз некаторы час пашкадаваў пра гэта. Дарэчы, мая настаўніца нямецкай мовы да гэтага часу працуе ў школе.
Ужо ў дарослым узросце прыйшлося вывучыць замежную мову. Я з нуля пачаў вучыць англійскую — спачатку на курсах у Доме афіцэраў, потым і на іншых. І за тры гады дасягнуў даволі добрага ўзроўню, якога дастаткова для прафесійных кантактаў (часта даводзіцца працаваць з замежнымі артыстамі і музыкантамі).
Увогуле, школа была самая звычайная, без напрамкаў і спецыялізацый. Спецыялізацыя была ўжо ў іншай школе — музычнай. — Але ж, відаць, на ўроках спеваў вы былі зоркай…
— А як жа ж! Мой настаўнік спеваў Сяргей Леанідавіч Зянько іграў на баяне. Як толькі пачынаўся ўрок, ён выклікаў мяне да дошкі — і я цэлы ўрок спяваў, адказваў за ўвесь клас: “Барабаншчык”, “Вот тогда ты пожалеешь, Кулакова”, “Взвейтесь кострами, синие ночи”… Ну і, канечне, калі праводзілася нейкае мерапрыемства, Бабарыкіна бралі ў абарот. Спяваў я заўсёды і ўсюды. Калі стаў больш дарослым, мне гэта стала надакучваць…

— У адным з інтэрв’ю вы сказалі, што пайшлі ў музычную школу па ўласным жаданні. Раскажыце, што вас да гэтага падштурхнула?
— Усё атрымалася па абсалютна класічнай схеме. Маці адправіла мяне па кефір, а ў двары мяне сустрэлі сябры.
— Ты куды?
— У магазін. А вы?
— А мы ў музычную школу праслухоўвацца. Гайда з намі!
Так я трапіў на праслухоўванне. А далей, як гэта часта бывае, мяне ў школу ўзялі, а маіх сяброў — не.

Як адрэагавалі бацькі на ваша самавольнае паступленне?
— Бацька Уладзімір Казiмiравiч працаваў на трактарным заводзе кавалём-штампоўшчыкам, маці Наталля Вiктараўна — сакратаром канцылярыi ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама. Яны былі вельмі далёкія ад музыкі. Маім выхаваннем — кантролем за навучаннем і праверкай урокаў — займалася больш маці.
Неяк пачуўся тэлефонны званок з музычнай школы № 2, і маці паведамілі, што мяне прынялі ў музычную школу (я ж сам бацькам пра тое праслухоўванне не сказаў). Яна была вельмі здзіўлена, але разам са мной потым пайшла падаваць дакументы.

— Як выбіралі інструмент?
— Таксама з падачы сяброў. Мой сябар расказаў, што “там ёсць такая штука, якая рассоўваецца на два метры”. Ну я і вырашыў, што буду вучыцца іграць “на гэтай штуцы” — трамбоне. Не саксафон, не фартэпіяна, а менавіта трамбон.
Але вучыўся я ў 14-й музычнай школе. Калі мы прыйшлі падаваць дакументы, аказалася, што 2-я школа пераехала ў іншы будынак, а ў тым была ўжо іншая школа — 14-я. Выкладчык запрасіў мяне яшчэ раз праслухацца і запрасіў да яго ў клас на валторну. Але я адмовіўся, бо мяне вабіў усё ж такі трамбон. Так я паступіў у музычную школу па класе трамбона і баяна. Баян быў другім інструментам (вучыў мяне С.Верашчака), а вось на трамбоне я засяродзіў больш увагі, таму і поспехі былі больш значныя. У 3 класе музычнай школы, дзякуючы майму настаўніку па трамбоне Міхаілу Віктаравічу Кобзару, мы паехалі на конкурс у Магнітагорск, дзе я атрымаў дыплом лаўрэата міжнароднага конкурсу, заняўшы 3 месца (1 і 2 тады нікому не далі).Бабарикин и москович — Улічваючы вашы заслугі, у музычнае вучылішча паступілі, відаць, без экзаменаў?
— У музычнае вучылішча я таксама паступаў з прыгодамі. Паспяхова здаў усе экзамены, а потым паказаў дыплом таго самага конкурсу. “Дык табе можна было экзамены не здаваць!” — сказалі мне ў прыёмнай камісіі. Адкуль я тады мог ведаць, што лаўрэатаў міжнародных конкурсаў бралі ў вучылішча без экзаменаў? (Смяецца.)
Потым было музычнае вучылішча імя М.І.Глінкі, дзе маім педагогам стаў Уладзіслаў Сцяпанавіч Арлянскі. Ён, а таксама заслужаны артыст Беларусі дацэнт кафедры аркестравага дырыжыравання Барыс Сцяпанавіч Чудакоў і вядомы дырыжор народны артыст Расii Генадзь Панцеляймонавіч Праватораў зрабілі з мяне прафесіянала ў музыцы.
Арлянскі — унікальны педагог. Кожны год нехта з яго выпускнікоў паступае ў кансерваторыю ў Маскву, Санкт-Пецярбург ці ў Мінск. У яго ўнікальная аўра. Ён нікога не прымушаў працаваць, але ўсе працавалі. Відаць, у яго асаблівы кантакт з вучнямі. І гэта давала плён: кожны з яго вучняў, выязджаючы на конкурсы, прывозіў 1 ці 2 месца. Падчас вучобы ў вучылішчы я заваяваў 1 месца на рэспубліканскім конкурсе і ўдала выступіў у Расіі. Менавіта пра такіх педагогаў трэба пісаць.
Ён сапраўдны музыкант, відаць, таму ў яго не было часу паступіць у кансерваторыю. Ён да гэтага часу выкладае ў музычным каледжы імя М.І.Глінкі.

— Чым адметны час вашага навучання ў кансерваторыі?
— Калі я вучыўся ў кансерваторыі, то ўжо працаваў у трох месцах: іграў у аркестры тэатра оперы і балета, у канцэртным аркестры “Няміга” і выкладаў у музычнай школе. Так што на занятках я бываў нячаста. Выключэнне — заняткі па спецыяльнасці.

— Такая своеасаблівая свабода падабалася?
— Канечне, гэта было добра, але самы лепшы час быў у музычным вучылішчы. Можа, з прычыны таго, што гэта быў падлеткавы ўзрост, калі ўсё ўспрымаецца больш ярка. У вучылішчы педагогі хадзілі за намі, як бацькі за дзецьмі, а ў кансерваторыі да нас ставіліся як да дарослых: хочаш вучыцца — вучыся. Вучылішча стала насычаным часам сталення і фарміравання асобы. Каб нечага дасягнуць, трэба было шмат займацца. Мы ў 7 гадзін прыходзілі, каб заняць клас і пазаймацца, — у дзень трэба было “дзьмуць” па пяць гадзін. А яшчэ ж было агульнае фартэпіяна. Раней праходзіш па калідоры вучылішча — стаяць духавікі і іграюць кожны сваё. А зараз цішыня на калідорах. Цікава, дзе ж займаюцца сённяшнія навучэнцы? А мы нават у суботу і нядзелю займаліся: у 11 гадзін вечара вахцёрка выганяла нас дадому. Відаць, таму тыя, хто вучыўся ў Арлянскага, занялі дастойнае месца ў музычнай сферы: адзін — добры музыкант, другі — кампазітар, трэці — дырыжор…
Мне пашанцавала, што ў кансерваторыі я трапіў да цудоўнага выкладчыка — прафесара Расціслава Анатольевіча Лагонды. Ён быў сапраўдным майстрам. Аднойчы ён, музыкант-трамбаніст, сказаў пра мяне: “Віктар яшчэ пакажа сябе ў дырыжыраванні!” Як у ваду глядзеў.Бабарикин и энио морриконе Справа ў тым, што, займаючыся па класе трамбона, я паралельна вучыўся на дырыжора. І бывала такое, што, прыходзячы на заняткі па спецыяльным інструменце, я быў, мякка кажучы, не зусім гатовы. “Як ты будзеш экзамен іграць, застаўся адзін тыдзень,” — казаў ён мне. А трэба было не проста разабраць праграму, але і вывучыць усё на памяць. Але я ўсё паспяваў, і выкладчыку сорамна за мяне не было. Апошнія гады ён не стаў на мяне ціснуць, бо зразумеў, што я з галавой акунуўся ў дырыжыраванне.
Неяк было нават такое, што на пятым курсе перад дзяржаўным экзаменам я сабраўся і павёз аркестр на гастролі ў Францыю (канечне, перад гэтым датэрмінова здаўшы ўсе экзамены).

— Чым адрозніваецца ваша пакаленне музыкантаў ад тых, хто зараз прыходзіць у аркестр?
— Сёння мала добрых музыкантаў. Часам бывае, прыходзіць выпускнік кансерваторыі, я стаўлю перад ім ноты, а ён з ліста іграць не ўмее. А ў нас няма часу на тое, каб вучыць партыі. Патрэбны прафесіяналы, а іх не хапае. Таму апошнім часам і назіраецца некаторы крызіс у музычным мастацтве. Сённяшняя моладзь прыходзіць, і першае пытанне, якое задае: “Колькі мне заплацяць?” Мы былі скіраваны на творчасць, а не на заробкі — такая ўжо сутнасць музыкі. Добра, што захаваліся музыканты старой школы.

— Раскажыце крыху пра вашу педагагічную дзейнасць?
— Спачатку мяне запрасілі ў Бараўлянскую музычную школу выкладаць спецыяльнасць. Мне, 17-гадоваму юнаку, было цікава вучыць дзяцей. Акрамя таго, была дадатковая магчымасць пазаймацца самому, калі нехта з вучняў не прыходзіў. Потым выкладаў дырыжыраванне ў музычным вучылішчы і вёў духавы аркестр. Але мне падабаецца працаваць, калі ёсць нейкі вынік. Які сэнс траціць час і даваць веды таму, каму яны не патрэбны?

— Ці гатовы вы зараз дзяліцца тым, чаму навучыліся?
— Раней я лічыў, што яшчэ сам вучуся і мне няма чаго перадаваць вучням. А зараз ужо адчуваю ў сабе сілы, тым больш што за час работы з іншымі артыстамі і іншымі аркестрамі напрацаваны некаторыя прыёмы і сакрэты. Часам нашаму другому дырыжору падчас рэпетыцый нешта падказваю. Ды і работа з аркестрам таксама ў нечым роднасная педагагічнай.
Бабарикин семья
— Ці праяўляе ваш сын сябе ў музыцы?
— Ён спявае. Стаўлю яму рускамоўную музыку, каб словы правільныя спяваў, а то ў замежных песнях сам нейкія словы на тарабарскай мове прыдумвае. Рос ён на класіцы: пакуль быў маленькі, у доме заўсёды гучала класічная музыка. Да абсурду не даходзіла, але памятаю, як купалі яго пад “Барыса Гадунова” М.П.Мусаргскага. (Смяецца.) Я б не хацеў, каб сын прафесійна займаўся музыкай, але музычная адукацыя яшчэ нікому не нашкодзіла.

— У вашай сям’і вы адзіны музыкант?
— Відаць, так. Брат пачынаў займацца музыкай і нават рабіў поспехі, але, убачыўшы, колькі я займаюся на інструменце, сказаў, што гэта не для яго. І пайшоў у ІТ-сферу.

Сезон скончыўся, пачынаецца адпачынак. Як вы звычайна бавіце вольны час?
— У цішыні, без музыкі. (Смяецца.) Люблю пераключыцца на іншыя віды дзейнасці: дача, лес, рыбалка… (Смяецца.) Раней на рыбалку часта ездзіў, а зараз, бывае, праязджаю ля возера і думаю: “Эх, добра было б парыбачыць, але часу няма…”

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота Юрыя ІВАНОВА
і з асабістага архіва Віктара БАБАРЫКІНА.