Удзельнікамі Алімпійскага сходу на пасаду першага віцэпрэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта быў выбраны Віктар Лукашэнка.
На пасаду віцэпрэзідэнта НАК выбраны намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі каноэ алімпійскі чэмпіён Дзмітрый Даўгалёнак.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ён пакуль не прыняў канчатковае рашэнне, ці будзе Віктар Лукашэнка сумяшчаць пасаду першага віцэпрэзідэнта НАК і памочніка прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў рашэнні вылучыць на пасаду першага віцэпрэзідэнта НАК Віктара Лукашэнку няма ніякай канспіралогіі. “Калі нехта думае, што тут з падачы бацькі яму вялікую пасаду далі, ну, у яго і так пасада — дай бог кожнаму, добрая — памочнік па нацыянальнай бяспецы”, — сказаў ён.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што прапанова вылучыць на пасаду першага віцэпрэзідэнта Віктара Лукашэнку зыходзіла не ад кіраўніка дзяржавы.
“Многія, хто ведае мяне і маю сям’ю, прапаноўвалі гэта. Але калі пачалі настойваць на гэтым некаторыя прадстаўнікі, не бедныя, замежных дзяржаў, папрасілі мяне разгледзець гэтае пытанне, я здаўся”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Разам з тым ён прызнаўся, што яшчэ вагаецца наконт таго, ці будзе Віктар Лукашэнка сумяшчаць дзве пасады. “Таму што гэта вялікая будзе страта ў дзяржаве. Я ўжо неяк гаварыў, што ён працаваў памочнікам, таму што мне патрэбны быў цяснейшы адкрыты канал сувязі паміж мной і сілавымі структурамі, — растлумачыў беларускі лідар. — Вы ведаеце, гэтыя структуры вялікую ролю адыгрываюць у краіне і павінны быць пад кантролем прэзідэнта, каб не дай бог не здарылася, як у некаторых нашых суседзяў. Я гэта, вы бачыце, заўсёды трымаў на кантролі, і не знайшоў лепшага выйсця (і цяпер не шкадую), як назначыць яго памочнікам. Я ведаў, што адбываецца ў гэтых сілавых структурах, асабліва ў спецпадраздзяленнях, такіх як “Алмаз”, “Альфа”, АСАМ (пагранічнае падраздзяленне), ГРУ Генштаба. На прамой сувязі з ім былі кіраўнікі. Мы вельмі шмат зрабілі за гэты час і за кошт дзяржавы, і спонсараў па ўзбраенні, давядзенні гэтых структур да сур’ёзнага стану. Яны сёння рэагуюць на любыя выклікі нашага часу”.
Паводле яго слоў, адыход Віктара Лукашэнкі з пасады памочніка прэзідэнта, калі гэта здарыцца, стане значнай стратай. “Я пакуль не бачу чалавека, які выконваў бы гэтыя абавязкі”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
З назначэннем Віктара Лукашэнкі першым віцэпрэзідэнтам НАК кіраўнік дзяржавы звязвае перспектывы руху наперад Беларусі ў міжнародным спорце. “Вы ведаеце, хто сёння працуе ў міжнародных структурах, што гэта за людзі, хто узначальвае (спартыўныя. — Заўвага БелТА.) рухі ў канкрэтных краінах і як з імі трэба працаваць”, — удакладніў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што некаторы час назад яму давялося ўзяць пад кантроль пытанні развіцця спорту, каб стабілізаваць галіну і надаць ёй дадатковы імпульс. Прэзідэнт адзначыў, што беларускія спартсмены не вызначаюцца поспехамі ў апошні час, але звярнуў увагу і на станоўчыя моманты ў спорце. “Мы, як ні адна іншая адносна невялікая краіна, маем усё, каб выхоўваць сапраўдных спартсменаў і алімпійскіх чэмпіёнаў. У савецкі час нашы спартсмены, трэнеры і функцыянеры ад спорту ніколі не думалі, што ў нас будзе такая база для падрыхтоўкі спартсменаў. Калі ласка, ёсць усё для таго, каб іх падрыхтаваць, — канстатаваў ён. — Дзяржава зрабіла нямала, і гэта было маёй мэтай — узнімаць спорт”.
Удзельнікі сходу падтрымалі прапанову скараціць колькасць пасад віцэпрэзідэнтаў НАК да дзвюх, што дасць магчымасць пазбегнуць дубліравання функцый і павысіць эфектыўнасць работы кіруючых органаў НАК. “Думаю, што дастаткова для нашага НАК і дваіх віцэпрэзідэнтаў. Але ўсё ў нашых руках. Калі двое не справяцца, мы можам выбраць і пяць, але пажадана, каб, як па ўсёй краіне ідзе напружанне ў кадрах, каб у нас такое напружанне ў НАКу адбывалася”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
На Алімпійскім сходзе НАК Беларусі таксама прайшлі выбары ў кіруючы штаб арганізацыі і членаў новага выканкама. У склад арганізацыі ўведзены 29 новых членаў.
Як паведамлялася, у красавіку гэтага года Выканкам НАК прыняў рашэнне аб тым, што выконваць абавязкі першага віцэпрэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта будзе памочнік Прэзідэнта Беларусі па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка. Тады агаворвалася, што ён будзе займацца гэтай дзейнасцю часова і на грамадскіх пачатках, сумяшчаючы з работай на пасадзе памочніка прэзідэнта. У далейшым на Алімпійскім сходзе пасля завяршэння ў Беларусі буйных міжнародных спартыўных мерапрыемстваў планавалася вырашыць пытанне наконт кандыдатуры на пасаду першага віцэпрэзідэнта НАК.