Віктар МАНАЕЎ: “Маімі настаўнікамі былі лялькі”

- 11:45Моя школа

Мы сустрэліся каля службовага ўвахода Купалаўскага тэатра. Віктар Сяргеевіч роўна ў 12 гадзін пунктуальна з’явіўся на парозе і запрасіў у сваю грымёрку. Дзе ж яшчэ можа адбывацца гутарка з чалавекам, які большую частку свайго жыцця прысвяціў тэатру.
Наш сённяшні субяседнік — народны артыст Беларусі лаўрэат дзяржаўных прэмій СССР і Рэспублікі Беларусь Віктар МАНАЕЎ.

— Віктар Сяргеевіч, раскажыце, калі ласка, дзе вы вучыліся, чым ваша школа, клас былі адметныя ад іншых.
— Часта я чую такія размовы, што шмат хто (і з маіх калег таксама) не любіць успамінаць гады навучання ў школе. Маюць адмоўныя ўражанні і таму не хочуць успамінаць пра школьныя гады. У мяне ж усё наадварот: мне, відаць, проста пашанцавала. І мае станоўчыя ўспаміны сапраўды вельмі шчырыя.
Гэта была звыйчайная мінская школа недалёка ад Грушаўкі. Сёлета ў канцы жніўня мне патэлефанавалі з маёй школы і запрасілі на юбілей. Справа ў тым, што ў 1965 годзе, роўна 50 гадоў назад, я пайшоў у першы клас у новую школу № 101. І мы былі першыя, хто 10 гадоў вучыўся ў гэтай школе.І калі я прыйшоў на святочную лінейку, кажу шчыра, ледзь стрымліваў слёзы: калі ішлі першакласнікі, разглядаў іх, думаючы, на каго з гэтых шасцігадовых хлопчыкаў я быў падобны, і ўспамінаў шчаслівае школьнае жыццё. А яно заўсёды шчаслівае. Калі ты малы, турбот няма, бо пра ўсё клапоцяцца бацькі. Памятаю, як настаўнікі казалі, што яшчэ ўсё наперадзе, што потым будуць складанасці… Хто ж гэтаму ў дзяцінстве даваў веры? — “Аё, усё выдумляюць, усё і далей будзе цудоўна”.
Клас наш склаўся вельмі ўдалы: мы ўсе былі, як тады казалі, харашыстамі. Былі выдатнікі і харашысты, а троечнікаў амаль і не было. Я адносіўся да харашыстаў. Дарэчы, калі я быў у школе на юбілеі, мне прэзентавалі копію маіх адзнак у выпускным класе — усяго некалькі чацвёрак было (дарэчы, па беларускай мове таксама). І самае галоўнае — мы сябравалі. Ніхто не біўся і не абражаў адно аднаго. У нас быў касцяк — чалавек пятнаццаць, — з якім мы і ў лес хадзілі, і ў паходы, у тэатр. І настаўнікі таксама амаль заўсёды былі з намі. Разам нам было весела і камфортна, мы заўсёды адно аднаго падтрымлівалі і нават разам з торцікамі святкавалі дні нараджэння.
Зараз у школе дзеці пачынаюць піва піць і курыць… Я гэта кажу не таму, што хачу ідэалізаваць той час, — сапраўды, мы проста не ведалі, што гэта такое, і ў нас у гэтым не было патрэбы. Можа, дзе хто і хаваўся, але ж навідавоку гэтага не было ніколі. З нашага класа ў ВНУ паступіла працэнтаў 70 — на той час гэта было накшталт рэкорду.

— Ці кантактуеце сёння са школьнымі таварышамі?
— У гэтым годзе было 40 гадоў, як мы скончылі школу, і, уявіце сабе, мы шмат кантактуем і бачымся. Касцяк застаўся, і хоць не часта, але мы сустракаемся — гэтае шчырае сяброўства ў нас выхавала школа.

— Каго з настаўнікаў вы памятаеце?
— Я шмат каго добра памятаю. Са школьных педагогаў ужо нікога няма, акрамя, бадай, нашага класнага кіраўніка.
Дырэктарам школы была тады Ніна Міхайлаўна Журавель, выкладала ў нас гісторыю. Школа на чале з ёй квітнела. Да сённяшняга часу памятаю прыгожы лозунг, які вісеў у школе: “Мы рождены, чтоб сказку сделать былью”. Сёння б я ўжо, можа, і паспрачаўся з ім: лепш, канечне, быль казкай зрабіць. (Смяецца.)
Найперш памятаю, канечне, першую настаўніцу Лідзію Ігнатаўну, якая была працягам мамы. Мамы для ўсіх добрыя, але і яна была такой добрай, уважлівай, ніколі не павышала голасу. Яна вяла нас да 4 класа, а потым, у 5-м, з’явіліся новыя настаўнікі. Для нас гэта было вельмі цяжка, але з Лідзіяй Ігнатаўнай мы не развіталіся — яна выкладала ў нас беларускую мову і літаратуру.
Настаўніца хіміі Софія Барысаўна была сапраўдным педагогам. Каб так зацікавіць нас хіміяй, трэба было быць закаханай у хімію самой. Яна настолькі творча выкладала свой прадмет, што я запісаўся да яе на факультатыў. Вельмі ўражвалі доследы (відаць, многія памятаюць дослед, калі аранжавы курганок ператвараўся ў вулкан). І вось мы вырашылі правесці тэатралізавана-фокуснае шоу, каб усім паказаць прыгожыя і ў нечым чароўныя хімічныя доследы. У працэсе выступлення мне вельмі падабалася рэакцыя людзей: нехта шчыра здзіўляўся, нехта смяяўся, а я атрымліваў асалоду ад таго, што людзям падабаецца тое, што я раблю на сцэне.
З хіміяй у мяне было ўсё добра, і таму, калі падышоў час выбару прафесіі, Софія Барысаўна настойліва мяне агітавала: “Ты што, які тэатр? Толькі хіміка-тэхналагічны інстытут. Паступіш — будзеш мець добрую спецыяльнасць…” Але для мяне было ўжо ўсё вырашана. Ды і ў школе ўсе вельмі любілі глядзець нашы выступленні.

— Як маці адрэагавала на ваша рашэнне звязаць свой лёс з тэатрам?
— У мяне былі сябры, якіх проста не пускалі ў тэатральны інстытут — трэба ж прафесію мець! А мая маці казала: “Віцюша, дзе будзе добра табе, там і мне будзе добра”. Калі яна была на пенсіі і хварэла, ёй было вельмі прыемна, калі тэлефанавалі гледачы, ці проста знаёмыя і дзякавалі за артыста Манаева.
З цягам часу ў школе ўсе ўжо прызвычаіліся да таго, што я артыст. Калі трэба было расказваць верш на памяць, мяне, канечне, выклікалі першым. Але гэта прымушала і вучыць іх — у мяне не было аніякага шансу не прачытаць верш.

— Ці памятаеце што з вершаў школьнай праграмы?
— А як жа ж! Многа памятаю. Шмат што з іх ужо не актуальнае, як, напрыклад, “Камсамольскі білет” Аркадзя Куляшова (сапраўды, многія прадстаўнікі старэйшага пакалення добра памятаюць гэты верш. — Рэд.). Канечне, потым было вывучана настолькі шмат, што многае сцерлася з памяці…

— Раскажыце, калі ласка, пра вашага класнага кіраўніка.
— У старшай школе да нас прыйшла новая настаўніца матэматыкі Наталля Аляксандраўна Бражнова, якая і стала нашым класным кіраўніком. Зусім маладая, адразу пасля інстытута, яна была старэйшай за нас літаральна на некалькі гадоў. Мы былі проста шчаслівыя! А як цікава праходзілі нашы класныя гадзіны! Мы рыхтавалі паведамленні і даклады. Валодзя Котаў, які потым пайшоў у журналістыку, рабіў агляды папулярнага тады маладзёжнага часопіса “Равеснік”. Мы разам адпачывалі, хадзілі ў невялікія паходы, дзе пяклі бульбу на вогнішчы, дзяўчаты гатавалі розныя прысмакі — з Наталляй Аляксандраўнай было цікава.

— Відаць, хлопцы закахаліся ў яе?
— А як было не закахацца ў яе: стройная, прыгожая, разумная (матэматык як-ніяк!). У мяне ж з матэматыкай не было вялікай дружбы, а вось з аднакласнікамі была: нашы выдатнікі з задавальненнем давалі спісаць. (Смяецца.) Так што абстрактна-лагічнае мысленне ў мяне развіта слабей, чым канкрэтна-вобразнае.

— А што ў школе не давалася?
— Англійская мова асабліва не падабалася (яе тады ўвогуле мала хто любіў). Добра памятаю экзамен па англійскай мове. Я ленаваўся вучыць усе тэмы і вывучыў тэму пра Мінск. Я тут нарадзіўся і вельмі люблю свой горад — для мяне гэта святое месца. Тым больш што мае бабка з дзедам будавалі яго, у 1933 годзе, прыехаўшы з Палесся (як я потым даведаўся, будавалі Тэатр юнага гледача і Палац піянераў), — сталіцы патрэбны былі працоўныя рукі.
“Minsk is my native town я вызубрыў, а ўсё астатняе вырашыў не вучыць, каб не дурыць сабе галаву. А на экзамене выцягнуў “Shopping“. І тут настаўніца ціхенька ў мяне запыталася: “Вы ў тэатральным інстытуце замежную мову здаваць не будзеце?” — “Не”, — кажу я. “Ну, тады “чатыры”. Ідзіце”. (Смяецца.) Увогуле, я быў вельмі ўзрадаваны, што не трэба здаваць ні фізіку, ні хімію, ні матэматыку. Нават калі б пад прымусам мне загадалі здаваць матэматыку, я не пайшоў бы — ну не маё гэта, зусім не маё.

— З чаго пачалося захапленне тэатрам?
— Маё творчае тэатральнае жыццё пачалося таксама ў школе. У тэатр з дзяцінства вадзіла мама. І калі мне падабаўся спектакль, я ўсіх агітаваў і вадзіў на спектаклі. Нават тады, калі вучыўся ў старшай школе. Так што я быў яшчэ, як кажуць, “культмасавы сектар”.
Але захапленню тэатрам я абавязаны… Не, давайце пачнём спачатку.
У кожнай школе ёсць бібліятэка. І там працавала цудоўная жанчына (яна мне падавалася вельмі-вельмі старэнькай, але ж я таксама быў яшчэ маленькім хлопчыкам). Да вайны яна хацела быць артысткай, займалася ў студыі пры тэатры імя Янкі Купалы. Але вайна ўсяму перашкодзіла: артысткай яна не стала і пасля вайны працавала бібліятэкарам у школе. Але любоў да тэатра не згасла…
Пра людзей, якія табе падабаюцца, можна расказваць вельмі многа. Калі я вырас, зразумеў, што яна мне ў нечым нагадвала Фаіну Ранеўскую — такі самы тып чалавека. Яе надзвычай трагічнае жыццё, пра якое я даведаўся значна пазней: была ў падполлі (нават кніжкі пра яе пісалі), страціла на вайне мужа, — ніяк не адбівалася вонкава. Звалі яе Алена Іосіфаўна Ярмалінская.
Неяк, калі вучыўся ў 2-м ці 3 класе, чарговы раз прыйшоў у бібліятэку ўзяць новыя кніжкі. Іншы раз шмат набіраў. І Алена Іосіфаўна вырашыла праверыць, ці прачытаў я тое, што браў раней (відаць, засумнявалася, можа, я бяру кніжкі, каб паболей запісаць у фармуляр). І яна запыталася: “Скажы, вось пра што гэтая кніжка.” Памятаю, што гэта быў “Цветик-семицветик” Валянціна Катаева. І я ёй стаў расказваць пра каляровыя пялёсткі і нават паказваў, як яны маглі лётаць. Яна спачатку пасмяялася, а потым прапанавала: “Прыходзь у драматычны гурток”. Што гэта такое і што ў тым драматычным гуртку робяць, я сабе не ўяўляў: ці самалёцікі, ці яшчэ што. (Смяецца.) Прыйшоў і… застаўся разам з тэатральным мастацтвам назаўсёды.
У гуртку займаліся старэйшыя за мяне хлопцы і дзяўчаты — я быў у складзе “школьнай трупы” самы маленькі. У першым маім спектаклі — нешта пра знакі прыпынку было — я іграў ролю кухара з цікавым імем Пельмель. Перад спектаклем мяне адпаведна ролі апранулі і зрабілі “пузік” — падсунулі падушачку пад вопратку. Калі я выйшаў на сцэну, усе засмяяліся, потым стаў нешта прамаўляць, і ўсе сталі смяяцца яшчэ больш, а я атрымліваў вялікае шчасце ад таго, што людзі, гледзячы на мяне, шчыра смяяліся.

— Выходзіць, ваша амплуа склалася з самага першага выхаду на сцэну?
— Выходзіць, што так. Мне гэта вельмі падабалася. Школа ўвесь час чакала новых пастановак. Гэта аднімала шмат часу, але не дазваляла нам займацца глупствам. У 9—10 класах мы ўжо ставілі вадэвілі А.П.Чэхава.
Алена Іосіфаўна, якая жыла са сваёй старэнькай маці, таксама стала для мяне родным чалавекам. Амаль на ўсіх перапынках я бегаў у бібліятэку: браў кніжкі, чытаў. А яна, ведаючы, што маці з намі траімі было нялёгка, калі я прыходзіў у бібліятэку, падтрымлівала мяне то цукеркай, то бутэрбродам. Я потым, пасля заканчэння школы, часта прыходзіў у госці і мы шмат аб чым гаварылі.
Дарэчы, яны з маёй маці вельмі пасябравалі. Яе ўжо даўно няма, але менавіта яна адкрыла мне дзверы ў свет тэатра.

— Ці наведвала яна вашы спектаклі, калі вы сталі прафесійным акцёрам?
— Памятаю, наколькі яе ўзрушыў спектакль “Радавыя”, дзе я іграў Лёньку Адуванчыка (за гэтую ролю Віктар Манаеў у 1985 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. — Рэд.), — для яе вайна назаўсёды адгукалася вострым болем, і прэм’ера “Радавых” для яе была сапраўдным святам. Мне тады было 25 гадоў. Яна бачыла амаль усе мае тагачасныя спектаклі. Пакуль было здароўе, прыходзіла на ўсе прэм’еры. Вельмі радавалася, што ў мяне так шчасліва склаўся лёс.

— Хто-небудзь з удзельнікаў вашага школьнага драматычнага гуртка стаў вашым калегам?
— Ніхто ў акцёры не пайшоў. Нехта абраў сабе музыку, але ў асноўным выбралі фізіку, біялогію, хімію, матэматыку — больш, як кажуць, сур’ёзныя сферы дзейнасці.

— Ведаю, што ў тэатральны вы паступілі толькі з другой спробы.
— Было такое. Я рыхтаваўся здаваць рускую мову, беларускую мову і гісторыю. Ну і, вядома, спачатку трэба было здаць творчыя іспыты. “Што там іх здаваць, — думаў я. — Я ж у школе ўжо амаль майстар сцэны”. За такую самаўпэўненасць Божанька даў мне вельмі сур’езны ўрок на ўсё жыццё: у тэатральны я не паступіў. Мала таго, нават да другога тура не дайшоў. У першым туры трэба было чытаць верш. І я добра ведаў, што трэба чытаць менавіта тое, што табе падабаецца. Мне падабаліся вершы пра вайну, асабліва творчасць Мікалая Маёрава — паэта, які загінуў на вайне. Голасам я асабліва не вылучаўся: як для хлопца, то ён быў нават крыху высакаваты (за “дзявочы” голас мяне нават падражнівалі). І пасля мутацый перамен у мяне не адбылося. Нават сёння, слухаючы архіўныя радыёспектаклі беларускага радыё, думаю, што змог бы і зараз іграць на радыё (менавіта на радыё, а не сцэне) піянераў ці камсамольцаў. (Смяецца.) Калі палічыць мае “подзвігі” маіх радыёгерояў, ім можна было б Героя Савецкага Саюза даваць не адзін раз — колькі фашыстаў падарвана і танкаў падбіта ў радыёпастаноўках.
І вось я сваім гэтым “дзявочым” голасам стаў чытаць верш Мікалая Маёрава “Есть в голосе моём звучание металла. Я в жизнь вошёл тяжёлым и прямым…” Камісія смяялася. А Барыс Луцэнка, тады яшчэ малады рэжысёр, які набіраў курс, сказаў: “Вам трэба яшчэ падрасці і падумаць, працаваць над рэпертуарам…” Шмат гадоў пасля, калі Барыс Іванавіч прыходзіў віншаваць наш тэатр з прэм’ерай, я яму па-сяброўску нагадаў той выпадак. (Смяецца.)

— Як вы перажылі няўдалую спробу паступлення?
— Як бачыце, перажыў. (Смяецца.) А калі сур’ёзна, я быў яшчэ вельмі малады: у жніўні споўнілася 16 гадоў, і ў мяне быў яшчэ цэлы год у запасе — у армію не забяруць. Так што ў мяне быў шанс паспрабаваць яшчэ раз. Да таго ж менавіта ў 1975 годзе тэатр лялек набіраў акцёраў. Прафесійных акцёраў-лялечнікаў не было, таму набіралі проста “з вуліцы”. Тагачасны кіраўнік тэатра Анатоль Аляксандравіч Ляляўскі праводзіў праслухоўванне. Я, навучаны горкім вопытам, на гэты раз чытаў байку — усім спадабалася. Потым мне далі ў рукі ляльку, каб я нешта паказаў, — тым, хто глядзеў, таксама спадабалася. Так мяне прынялі ў тэатр лялек, а Анатоль Ляляўскі стаў маім другім анёлам у тэатральным мастацтве, а я год працаваў акцёрам тэатра лялек.
Дарэчы, для мяне лялечны тэатр не быў навіной. Мы жылі на другім паверсе, і я часта рабіў лялечныя прадстаўленні для ўсяго двара. А галоўным героем усіх прадстаўленняў была сапраўдная пальчаткавая лялька, якую сястра неяк прывезла мне з камандзіроўкі.Лялечнае мастацтва, на маю думку, вышэйшае за драму. Гэта цуд, чараўніцтва: калі нежывое робіцца жывым, калі нейкая анучка можа зрабіцца лялькай. Тады быў час класічнага лялечнага мастацтва. Зараз дзіця пасля спектакля можа заікай застацца — трэба яшчэ ведаць, на што дзіця весці.
Другім рэжысёрам тэатра была Вікторыя Казлова, якая скончыла Ленінградскі тэатральна-мастацкі інстытут. І ёй праз год прапанавалі ў Мінску набіраць курс акцёраў-лялечнікаў. Неяк яна сабрала мяне і маіх сяброў, такіх самых маладых хлопцаў, і паведаміла: “Я пагаджуся на гэтую прапанову, толькі калі вы пойдзеце са мной вучыцца”. Безумоўна, мы ўсе пагадзіліся, паспяхова здалі экзамены і пачалі вучыцца на курсе акцёра тэатра лялек.

— Віктар Сяргеевіч, а чаму вы не вярнуліся ў тэатр лялек?
— Калі мы пачалі вучыцца, праграм для нашай спецыяльнасці не было, і нас вучылі па звычайных праграмах, дадаткова выкладаючы дысцыпліны, звязаныя з лялечным тэатрам. Дык вось драматычные мастацтва ў нас вёў рэжысёр Купалаўскага тэатра Андрэй Фёдаравіч Андросік, а лялечнае — Вікторыя Казлова. І мы былі першымі і адзінымі, дзе вывучалася ўсё. Мы, акрамя традыцыйнага для тэатральна-мастацкага інстытута навучання, прыдумвалі лялек з розных прадметаў, развіваючы фантазію, асвойвалі пластыку.
Таксама я заўсёды кажу, што маімі настаўнікамі былі лялькі. Чаму? У працэсе работы з лялькай разумееш, што лялька павінна зрабіць такі адмысловы жэст, каб быў зразумелы ўнутраны стан героя. Потым гэта дапамагала і ў драматычным мастацтве, у якім кожны рух ці жэст павінны несці сэнсавую нагрузку.

— Ці была ў вас любімая лялька?
— І была, і ёсць да сённяшняга часу, праўда, засталася яна толькі на фотаздымках. Маёй першай роляй у лялечным тэатры была роля мышкі. Роля была без слоў. Мышка была на дзвюх трасцінках: галава і хвосцік. Я не ведаў правіл лялечнага тэатра і імправізаваў як мог. Мышка некалькі разоў з’яўлялася і павінна была пужаць герояў. Але я зрабіў з яе мышку-акрабатку. Яна ў мяне і на галаву станавілася, і на хвосцік уставала… Усе смяяліся. І гэтая мышка (не без маёй дапамогі) стала зоркай сцэны.

— Але ўсё ж што паспрыяла вашаму выбару месца работы пасля заканчэння інстытута?
— За час навучання мы ставілі шмат вучэбных спектакляў, дыпломных работ было дзве: драматычны спектакль і лялечны. Дзівосна тое, што дыпломным спектаклем быў вадэвіль “Предложение” А.П.Чэхава, які мы калісьці ігралі з Аленай Іосіфаўнай. А я іграў Ломава — тую самую ролю, якую іграў, калі яшчэ вучыўся ў школе. Але так склалася само сабой, і маёй ініцыятывы ў гэтым не было. Лялечны спектакль быў з лялькамі, якіх падарыў нашаму інстытуту тэатр лялек, — “Іван — сялянскі сын”, у якім я выконваў галоўную ролю Івана.Так склалася, што Андрэй Фёдаравіч прывёў на наш дыпломны спектакль мастацкі савет Купалаўскага тэатра. Скажу шчыра, ён проста ўзяў мяне за руку і прывёў у свой тэатр. Я плакаў, бо хацеў у лялечны тэатр, бо ўсіх і ўсё там ведаў. А тут сябе я не мог уявіць. Зразумела, я ведаў рэпертуар і акцёраў, тым больш што я ўвесь час любіў гэты тэатр. Але працаваць побач з такімі вялікімі акцёрамі, як Стафанія Станюта і Галіна Макарава, Здзіслаў Стома і Павел Кармунін, я не мог нават марыць. Тое, што яны будуць тваімі калегамі і што ты будзеш з імі на адной сцэне, і акрыляла, і выклікала боязь.

— Ваш кіраўнік курса і рэжысёр Вікторыя Казлова не пакрыўдзілася, што вы не вярнуліся ў тэатр?
— Я скарыўся лёсу, але і яна не пакрыўдзілася. Яна таксама была вельмі задаволена маім лёсам. Мы шмат сябравалі, прыходзілі адно да аднаго на спектаклі. Але вось дырэкцыя тэатра лялек адрэагавала інакш. “Ты яшчэ падумай, можа, лепш быць галавой мухі, чым хвастом слана”, — казаў мне тагачасны дырэктар тэатра. (Смяецца.) Дзякуй богу, амаль увесь час працы ў Купалаўскім тэатры я запатрабаваны. Вось такая шчаслівая “казка ад Манаева” атрымліваецца.

— Ці быў звязаны хто-небудзь у вашай сям’і з мастацтвам?
— У маёй сям’і ніхто не меў дачынення да мастацтва. Маці ўсё жыццё працавала прадаўцом у прадуктовым магазіне на вуліцы Маскоўскай. Яна была вельмі таленавітым і інтэлігентным чалавекам. Яе ведалі ўсе пакупнікі. Яна працавала там яшчэ і да трагедыі, якая адбылася ў нашай сям’і ў 1961 годзе, калі за адну ноч загінулі мой 5-гадовы брацік і бацька, які ратаваў яго падчас пажару ў нашым доме на Аэрадромнай. Потым мне расказвалі, як людзі ёй дапамагалі як маглі: нехта прыносіў маечку, нехта штонікі. Пасля гэтага, нягледзячы на гора і пакуты, якія ёй давялося перанесці, яна ўсё роўна нібы свяцілася. Пра яе нават легенды хадзілі, што яна мірыла сем’і, якія пасварыліся: калі мужыкі прыходзілі па мяса да яе. “Улюшка (маю маці звалі Ульяна Міронаўна, а блізкія звалі Ульянай ці Вольгай), мяне вось жонка паслала па мяса на галубцы”, — казаў ёй пакупнік. І яна давала такі кавалак мяса, што жонка потым мужа і цалавала, і дзякавала яму…
Партыйнай яна ніколі не была — у яе была свая партыя: трое дзяцей (я, брат і сястра) і старэнькая маці майго бацькі, але адна з першых атрымала ганаровае званне заслужанага работніка гандлю і грамадскага харчавання, а таксама ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.
У яе быў сапраўдны талент. З работы звычайна прыходзіла стомленая, бо аддавалася рабоце ўся: за прылаўкам і з людзьмі гаварыла, жартавала, але пры гэтым заўсёды знаходзіла час, каб завесці мяне ў тэатр.
Я часам прыходзіў да яе на работу, каб дапамагчы несці сумкі — вельмі часта пакупнікі дзяліліся сваім ураджаем: хто яблыкі прынясе, хто грушы, хто слівы (у многіх былі свае агароды — гэта быў раён прыватнага сектара па вуліцах Прыгожай і Маскоўскай).

— Ці ёсць у вас ворагі?
— Думаю, што не. Нехта вельмі добра сказаў: не думай, ці ёсць у цябе ворагі, а думай, каб самому нікому не стаць ворагам. І калі ў нас з’яўляюцца нядобразычліўцы, у гэтым вінаваты найперш мы самі. Я нават стараюся дрэнна не думаць пра людзей — для нас больш прыдатна рабіць намаганні, каб жыць у міры з людзьмі і самім сабой.
З самага пачатку маё жыццё было на стратах. І праз гэта разумееш каштоўнасць жыцця. Калі ў сястры трагічна загінуў муж-геолаг і яна засталася з двума дзецьмі, сястра неяк мне сказала: “Не важна, што мы разам пражылі вельмі нямнога (усяго дзевяць гадоў), важна тое, што мы былі шчаслівыя ў гэтыя гады”. Ды і я сам пераконваюся, што ў чалавеку спачатку трэба бачыць добрае, а не дрэннае і злое. Са свайго вопыту скажу: калі пачынаеш крытыкаваць іншых, сам у сабе перастаеш заўважаць нейкія хібы і заганы. Свае недахопы прызнаць вельмі цяжка, а вось у іншых… Таксама мне вельмі падабаецца адзін афарызм: “Праўда, сказаная без любові, горш за няпраўду”. Любая, нават самая горкая праўда, можа быць сказана па-рознаму.
Ёсць яшчэ адна, на мой погляд, важная ісціна: не кладзіся спаць, не памірыўшыся са сваім блізкім, бо не ведаеш, ці давядзецца яго заўтра пабачыць вачыма сваімі. І так бывае вельмі часта. Трэба любіць тых, хто побач. Часам думаю, хоць бы паспець у сваіх блізкіх колер вачэй разгледзець, сказаць, што ты любіш іх, а не ўшчуваць і ганіць іх.

— Ці спрабавалі сябе на педагагічнай ніве?
— Не, не давялося. Не запрашалі (а калі і запрашалі, то, відаць, не так настойліва). Ды і я не пайшоў бы, бо гэта іншая прафесія. Калі робіш сваю справу, трэба аддавацца ёй цалкам: і сэрцам, і думкамі. Мая прафесія мяне захапляе. Выкладаць — гэта вельмі адказна: ты адказваеш за маладыя душы, трэба быць вельмі асцярожным, каб нічога ў іх не паламаць. Каб быць педагогам, трэба мець многа цярплівасці, а ў мяне яе недастаткова. І ўсё ж такі мяне палохае ў выкладанні вялікая адказнасць перад іншымі. А вось калі хто папросіць параду, абавязкова дапамагу і падкажу.

— Хто каго больш любіць: гледачы вас ці вы гледачоў?
— Спадзяюся, што ўзаемна. Без такой устаноўкі, мабыць, не варта нават і на сцэну выходзіць.

— Дзякуй вялікі за гутарку, чакаем ад вас новых цікавых роляў.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з асабістага архіва В.МАНАЕВА.