Расія: Віктару Садоўнічаму — 75!

- 15:29Паралелі, Рознае

Рэктар буйнейшай ВНУ постсавецкай прасторы — Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава — Віктар Садоўнічы ў красавіку адзначыў сваё 75-годдзе. У дзень нараджэння ён правёў традыцыйны матэматычны семінар, паведамляюць расійскія СМІ.

Раз на тыдзень ён з’яўляецца ў знакамітай аўдыторыі МДУ, дзе калісьці чытаў лекцыі вялікі акадэмік мінулага стагоддзя Андрэй Мікалаевіч Калмагораў. На працягу 25 гадоў кожную сераду навуковая эліта, адклаўшы ўсе справы, прыходзіць сюды паслухаць, выступіць, узбагаціцца новымі ідэямі. Агульнапрызнана: па інтэлектуальнай напоўненасці роўных гэтаму семінару ў Расіі няма. Але на гэты раз без віншаванняў, кветак і апладысментаў не абышлося. Таму што 3 красавіка акадэмік Віктар Антонавіч Садоўнічы адзначыў свой 75-ы дзень нараджэння.

Практычна ўсё жыццё яго звязана з Маскоўскім універсітэтам. А нарадзіўся Віктар Садоўнічы ў 1939 годзе ў вёсцы Краснапаўлаўка Харкаўскай вобласці УССР. Пасля заканчэння сярэдняй школы некаторы час працаваў на шахце і вучыўся ў вячэрняй школе, якую скончыў на “выдатна”. У 1958 годзе крапільшчык данбаскай шахты “Камсамолец” стаў студэнтам прэстыжнага механіка-матэматычнага факультэта МДУ. Падчас вучобы браў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці — узначальваў студэнцкі савет універсітэта і камсамольскую арганізацыю факультэта. У 1963 годзе з адзнакай закончыў мехмат па спецыяльнасці “Матэматыка”. Пасля быў накіраваны ў аспірантуру і ў 1966 годзе закончыў яе датэрмінова. Ён вучыўся ў Анатоля Касцючэнкі, савецкага вучонага-матэматыка, стваральніка і кіраўніка сусветна вядомай школы функцыянальнага аналізу.

Пасля былі дысертацыі, доктарскую Садоўнічы абараніў у 1974 годзе, праз год стаў самым маладым прафесарам. З 1982 года і па сённяшні дзень з’яўляецца загадчыкам кафедры матэматычнага аналізу механіка-матэматычнага факультэта.
Па сутнасці, шмат у чым Садоўнічы паўтарыў лёс заснавальніка альма-матар Міхайлы Ламаносава. Выхадзец з народных глыбінь, які з дзяцінства імкнуўся да ведаў, таксама стаў выдатным навукоўцам. І па праве займае сваё месца сярод вучоных, якія з’яўляюцца гонарам айчыннай навукі ХХ стагоддзя і выкладалі ў буйнейшым класічным універсітэце Расіі ў шэрагу з Багалюбавым, Капіцам, Ландау, Тамам, Несмяянавым, Сямёнавым…
Віктар Садоўнічы з’яўляецца прызнаным у свеце спецыялістам у галіне матэматычнага мадэлявання і матэматычнай тэорыі складаных сістэм. Пры яго ўдзеле ў СССР быў створаны трэнажор, які імітуе бязважкасць у зямных умовах. На ім рыхтаваліся да палёту айчынныя касманаўты, а таксама ўдзельнікі сумесных экіпажаў.

Садоўнічы апублікаваў каля 300 навуковых работ, у тым ліку 40 манаграфій, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. Падрыхтаваў больш за 40 кандыдатаў і 10 дактароў навук, сярод якіх навукоўцы Югаславіі, Балгарыі, Егіпта і іншых краін.
З 1992 года Садоўнічы — нязменны рэктар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Да таго ж узначальвае Расійскі саюз рэктараў. Не забудуцца яго рашучасць і ўпартасць у непрыманні ідэі адзінага дзяржаўнага экзамену. Ён лічыў і лічыць, што АДЭ — не адзіны магчымы спосаб адбору хлопчыкаў і дзяўчынак. Калі слепа прытрымлівацца адзінага дзяржэкзамену, сцвярджае ён, якраз самую каштоўную частку таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак можна згубіць. Сваю прынцыповую пазіцыю рэктар адстойваў паслядоўна, што і дазволіла МДУ захаваць значную самастойнасць у правядзенні ўступных экзаменаў. Універсітэт сам вызначае і праводзіць дадатковыя ўступныя экзамены па адпаведных спецыяльнасцях, хаця і вынікі АДЭ абітурыентаў таксама ўлічваюцца.

У свой час крытычна паставіўся Садоўнічы і да рашэння Міністэрства адукацыі Расійскай Федэрацыі пачаць далучэнне Расіі да Балонскага працэсу, згодна з якім стандарты айчыннай вышэйшай адукацыі павінны быць прыведзены ў адпаведнасць з еўрапейскімі. Тады Садоўнічы заявіў, што для сістэмы расійскай тэхнічнай і прыродазнаўчай адукацыі дзеючыя стандарты былі аптымальнымі і ўвядзенне іншых магло разбурыць навуковыя школы, якія фарміраваліся дзесяцігоддзямі. Рэктар МДУ параіў чыноўнікам адмовіцца ад прынцыпу абавязковасці змяненняў і надаць ВНУ права самім вырашаць гэтае пытанне.
Сёння Садоўнічы актыўна ўключыўся ў работу па інтэграцыі Крыма ў адукацыйную сістэму Расіі. МДУ стаў “піянерам” у справе прыёму крымскай моладзі. “Мы ўжо дзейнічаем так, як будуць дзейнічаць усе іншыя ўніверсітэты. Калі ў школьніка ёсць АДЭ, то ён яго здае, і далей у нас ёсць профільны экзамен, уласны. Калі ў яго АДЭ няма, а ёсць вынік тэсціравання Украіны, то мы ладзім уласны дадатковы экзамен, які замяняе гэтае тэсціраванне. Ні адзін школьнік не павінен адчуваць фармальных цяжкасцей з-за таго, што ў яго няма АДЭ або іншая праграма ў школе”, — падкрэсліў ён.

Напэўна, толькі Садоўнічы ў цяжкія для краіны і ўніверсітэта часы мог дамагчыся, каб урад вылучыў дастатковыя асігнаванні. Пры яго непасрэдным удзеле ажыццяўляецца небывалае будаўніцтва: сёння ўніверсітэт мае ў сваім распараджэнні больш за 600 будынкаў і збудаванняў, толькі ў Маскве ён займае звыш 200 гектараў. Многія структуры ўніверсітэта з’яўляюцца ўнікальнымі. Напрыклад, Фундаментальная навуковая бібліятэка МДУ, фонды якой налічваюць каля 10 млн адзінак, з іх 2,5 млн — літаратура на замежных мовах. Штогод тут набываюць звыш 130 тысяч экзэмпляраў айчыннай і замежнай літаратуры. Бібліятэка МДУ валодае каштоўным фондам рэдкіх кніг і рукапісаў — гэта раннія помнікі паліграфічнага мастацтва, выданні, якія адносяцца да першых славянскіх друкаваных кніг XV—XVII стст., айчынныя і замежныя кнігі і перыядычныя выданні XVIII—XXI стст. У фондзе ёсць таксама архіўныя матэрыялы вядомых навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў, пісьменнікаў Расіі.

А вось як ацэньвае зробленае сам рэктар: “Не ўсё атрымалася, але атрымалася многае. Мы сур’ёзна падтрымалі людзей, захавалі навуковую школу, не знізілі планку прыёму і навучання, дамагліся ўласнага дыплома. У нас абсталяванне, якое можна параўнаць з замежнымі ўніверсітэтамі, а можа быць, і лепшае. І, вядома, поспех можа быць толькі тады, калі ёсць добрая інфраструктура. Мы падвоілі свой кампус, нам удалося пабудаваць яшчэ мільён квадратных метраў. Ёсць прарывы сусветнага класа, мы запускаем спадарожнікі, у нас вельмі магутнае інфармацыйнае забеспячэнне, супер-вылічальнік”, — пералічвае ён.
Сярод фактаў, якія ставяцца Садоўнічаму ў заслугу, — істотны рост колькасці факультэтаў. “У МДУ з даўніх часоў было 16 факультэтаў. Быў іншы час, узбуйненыя спецыяльнасці. Факультэты выдатныя, навуковага напрамку. Але жыццё запатрабавала даваць адказы на выклікі. Узніклі новыя навукі, паўстала патрэба ў новых спецыялістах, фундаментальна падрыхтаваных, але ўсё-такі арыентаваных на практыку. Замест факультэта біяінжынерыі і біяінфарматыкі, напрыклад, можна было адкрыць проста новае аддзяленне на біяфаку. Але для больш дакладнага адказу на гэтае запатрабаванне быў неабходны новы факультэт, каб матэматыка была, як на мехмаце, хімія — як на хімфаку, фізіка — як на фізфаку і біялогія — як на біяфаку. Зараз гэты факультэт самы папулярны”, — патлумачыў Садоўнічы.

З 2014 года пачынаецца набор на самы малады — біятэхналагічны — факультэт, створаны ў інтарэсах інтэграцыі навучання ў МДУ і ў падмаскоўным біялагічным навукагорадзе Пушчына.
У МДУ першымі сталі зноў адзначаць Таццянін дзень, які з 2005 года стаў агульнарасійскім святам. І сам Віктар Антонавіч 25 студзеня ў белым фартуху разлівае медавуху. Дэмакратычна, як і прынята ў МДУ.
Пра што сённяшнія думкі рэктара? Гаворачы аб сучасным студэнцтве, Віктар Садоўнічы з трывогай канстатуе зніжэнне ўзроўню школьнай адукацыі: “Хлопцы вельмі цікаўныя, хочуць вучыцца. Хоць з прычыны вялікіх змяненняў у школе не на такім высокім узроўні выкладаюцца матэматыка, фізіка, хімія. І гэта адна з праблем. Мы адчуваем патрэбу арганізаваць дадатковае навучанне з тым, каб паступіўшыя дасягнулі ўзроўню, патрэбнага для першага курса МДУ”. Таксама, па яго словах, студэнтам трэба вярнуць дух творчасці: “Яны павінны разумець, што камп’ютары і базы даных — гэта яшчэ не ўсе”.