Вілейка. Вілія. Вялля

Ад Вілейкі да Асіповіч — 203 км, ад Вілейкі да Любані — 201 км, ад Асіповіч да Любані — 108 км. На гэтыя звесткі жыхары Вілейскага раёна могуць справядліва запярэчыць: ад Вілейкі да Асіповіч усяго 7 км, да Любані — 13, і ад Любані да Асіповіч не 108, а толькі 17 км. І ў першым, і ў другім выпадку лічбы правільныя. Блытаніны няма. Проста населеныя пункты Асіповічы і Любань — гэта не толькі райцэнтры ў Мінскай і Магілёўскай абласцях, але яшчэ і вёскі ў Вілейскім раёне. І падобных адметнасцей у геаграфічным, гістарычным, культурным і прыродным плане на Вілейшчыне вельмі многа.

Лірычныя назвы

Храмы, музеі, сядзібы, валуны, урочышчы, рэкі… Пералік гэтых адметнасцей заняў бы як мінімум сот­ню пунктаў. Невыпадкова ў кожнай установе адукацыі Вілейскага раёна ў рамках Года малой радзімы распрацавана некалькі края­знаўчых маршрутаў, кожны з якіх дазваляе азнаёміцца з дзясяткам цікавых аб’ектаў. І кожны марш­рут абавязкова ўключае маляўнічую Вілію і не менш маляўнічае і велічнае Вілейскае вада­сховішча.

Вілія для Вілейшчыны — больш, чым проста рака. Гэта яе галоўная водная артэрыя, яе душа, яе думкі, мары, спадзяванні. Гэта крыніца гісторыі, сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця краю. Ды і гучыць гідронім Вілія ўзвышана, паэтычна, як і вытворныя ад яго назвы — Вілейка, Вілейшчына. Нёман — бацька, Прыпяць — матухна, а Вілія — сястра, сяброўка, з якой можна падзяліцца самым патаемным, самым набалелым. Ня­дзіўна, што ўсе настаўнікі, з якімі мне пашчасціла сустрэцца падчас каман­дзіроўкі, — лірыкі, паэты. Яны шчыра любяць родны край. І гэтую любоў выказваюць не толькі прыгожымі словамі, але і не менш прыгожымі справамі.

Ільянскія далягляды

Адзін толькі аграгарадок Ілья (націск на першым складзе. — Заўв. аўт.) можа пахваліцца цэлай плеядай самабытных паэтаў, сярод якіх нямала настаўнікаў. Таму цалкам заканамерна, што ў Ільянскай сярэдняй школе імя А.А.Грымаця дзейнічае самы вялікі ў краіне па колькасці экспанатаў школьны літаратурны музей, якім многія гады кіравала паэтэса Роза Канстанцінаўна Шэрая. Больш за 3,5 тысячы музейных прадметаў “Вілейшчыны літаратурнай” расказваюць пра шляхі-дарогі класікаў нашай літаратуры па гэтай маляўнічай зямлі. Сярод іх — Янка Купала (псеўданім Ня-Гутнік быў выбраны паэтам невыпадкова, бо ён наведваўся на гуту “Залессе” і потым напісаў артыкул пра ўмовы працы рабочых), Змітрок Бядуля, Янка Брыль, Максім Танк.

Ёсць звесткі, што і Адам Міцкевіч любаваўся даляглядамі Вілейшчыны, а Тамаш Зан дык наогул праславіў камень у вёсцы Вязынь, бо на гэтым камені ён сядзеў. Гэтую цікавую і крыху жартоўную версію пра Тамаша Зана давялося пачуць ад настаўнікаў Вілейскай гімназіі № 2, куды мы таксама наведаемся. Дарэчы, педагогі гэтай установы сцвярджаюць, што карані знакамітага друкара Івана Фёдарава таксама з Вілейшчыны, з Хаценчыц. І нават Васіль Цяпінскі-Амелья­новіч родам з берагоў Віліі.

Але вернемся ў Ілью. Ільянская сярэдняя школа імя А.А.Грымаця з’яўляецца ўзорнай установай адукацыі ў напрамку краязнаўчай работы. Многія гады яна працавала як школа з краязнаўчым ухілам, таму вопыт вывучэння роднага краю тут назапашаны вялізны. З 2018 года работа вядзецца ў рамках рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне этнакультурных тэхналогій для пашырэння і ўзба­гачэння адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”. Па словах каардынатара праекта намесніка дырэктара школы па вучэбнай рабоце Алены Мікалаеўны Міхалёнак, настаўнікі ўкараняюць тэхналогіі навучання, засваення і трансляцыі свят, звычаяў, абрадаў, фальклорнай творчасці, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, нацыянальнай кухні, нацыянальнага касцюма.

Сярод шматлікіх ініцыятыў, рэалізаваных у рамках праекта, — стварэнне школьнага YouTube-канала, арганізацыя дзейнасці праектна-даследчага цэнтра, які будзе ўключаць у сябе дзеючы рэсурсны цэнтр па музейнай педагогіцы. “У праектна-даследчым цэнтры ўжо створана экспазіцыя, якая расказвае пра жыццё вялікай яўрэйскай абшчыны (больш за 1500 чалавек) у Ільі, якая была знішчана падчас Халакосту. Орна Шуман з Ізраіля, дачка партызана Файвеля Саламянскага, аказала нам фінансавую і інфармацыйную падтрымку. Разам з вучнямі Лізай Артамонавай і Дзмітрыем Сэсаравым мы стварылі тэматычную экспазіцыю, падрыхтавалі брашуры на некалькіх мовах, праводзім экскурсіі на англійскай мове. Замежныя госці праяўляюць цікавасць і да сайта ўстановы, таму была створана англамоўная версія музея “Ільянскія далягляды”, — паведаміла настаўніца англійскай мовы Алеся Ігараўна Сэсарава.

Удзельнікі акцыі “Ілья памятае!”

У 75-ю гадавіну Вялікай Перамогі традыцыйнай стала акцыя “Ілья памятае!”. Кожны панядзелак на агульнашкольнай лінейцы любы вучань можа выступіць з паведамленнем пра родзіча — удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Якраз на панядзелак выпала мая каман­дзіроўка ў Вілейскі раён, таму разам з настаўнікамі і вучнямі пашчасціла слухаць цікавыя аповеды пяцікласніка Аляксандра Сцепановіча і першакласніка Рамана Шапуцькі. Саша расказаў пра свайго прадзеда Мікалая Макаравіча Сцепановіча, які служыў кулямётчыкам і ў складзе І Прыбалтыйскага фронту ўдзельнічаў у баях за Кёнігсберг. Раман Шапуцька прыйшоў на лінейку разам з мамай. У руках хлопчыка — партрэт прадзеда, а ў руках матулі — узнагароды яе дзеда, сярод якіх — ордэн Айчыннай вайны І ступені і ордэн Славы ІІІ ступені, медалі “За перамогу над Германіяй”, “За ўзяцце Берліна”, а таксама ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалі, якія Фёдар Ягоравіч Шачыкаў заслужыў у мірны час.

Папулярнымі ў Ільянскай школе з’яўляюцца і акцыі “Музей у чамадане”, “Экспанат тыдня”, “Мой экспанат музея”, “Краязнавец года”, якія праводзяцца кіраўніком “Ільянскіх даляглядаў” Людмілай Францаўнай Маркевіч. Экспанаты ў народным музеі захоўваюцца ў раз­дзелах “Водгукі ліхалецця”, “Пад прасамі гісторыі”, “Польскі перыяд”, “Савецкі перыяд”, “Рамёствы, мастацтва і быт”, “Гісторыя Ільянскай школы”. Так, у першым раздзеле прадстаўлены матэрыялы пра ваенныя ліхалецці, што пранесліся праз Ільяншчыну. На вітрынах змешчаны рэшткі зброі і боепрыпасаў, асабістыя рэчы салдат і партызан, амуніцыя, фотаздымкі і дакументы, лісты-трохкутнічкі, узнагароды, успаміны, а таксама вучнёўскія даследчыя работы. Гэта калі гаварыць пра адзін з лепшых школьных народных гістарычна-краязнаўчых музеяў краіны вельмі і вельмі коратка. Больш падрабязна з ім можна азнаёміцца на сайце музея http://ilya-horizons-museum.of.by/be/ і на сайце Ільянскай сярэдняй школы. А лепш за ўсё здзейсніць экскурсію не віртуальна, а рэальна. Гасцям у Ільянскай школе заўсёды рады.

Этнавізітоўка

А як гасцям рады ў Вілейскай гімназіі № 2! І ў музеі запро­сяць, і цікавую экскурсію правядуць, і нават народныя песні заспяваюць, а яшчэ затанцуюць, толькі з адной умовай: каб госць не стаяў убаку, а хаця б паспрабаваў развучыць некалькі элементаў традыцыйных танцаў Вілейшчыны. Такое адметнае этнавітанне тлумачыцца вельмі проста: многія гады гімназія працавала па праекце этнашколы. Сабраны вопыт і цяпер актыўна выкарыстоўваецца ў выхаваўчай рабоце.

“Нашы выпускнікі, якія займаліся па праграмах этнашколы, адрозніваюцца ад сваіх аднагодкаў. Яны больш цікавыя ў зносінах, могуць заспяваць, не саромеюцца выйсці на сцэну, прыгожа размаўляюць. Кожны выпускнік этнашколы ведаў да 30 танцаў, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Мікалай Міхайлавіч Іваненка. — На Вілейшчыне зафіксавана больш як 100 разнавіднасцей беларускіх народных танцаў. Запісам гэтай багатай спадчыны займалася настаўніца Зінаіда Васіль­еўна Крупская. У нас кожны год праводзіліся фальклорныя экспедыцыі па вёсках раёна, якія ў летні перыяд нярэдка доўжыліся месяц. Дзякуючы экспедыцыям, мы аднавілі традыцыйны жаночы касцюм вілейскага строю. Галоўная яго адметнасць — асаблівы галаўны ўбор. Праз аднаўленне вырабу вясельных лялек “Неразлучнікі” дзеці і цяпер знаёмяцца з сямейнымі традыцыямі і каштоўнасцямі. Дарэчы, на Рэспубліканскай края­знаўчай канферэнцыі работа па ляльках-неразлучніках заняла 1-е месца. Напрацоўкі ў рамках этнашколы мы працягваем выкарыстоўваць у выхаваўчай рабоце”.

У плане вуснай народнай творчасці Вілейшчына — найбагацейшая скарбонка. І гэтае багацце за 15 гадоў краязнаўчай дзейнасці настаўнік беларускай мовы і літаратуры Віктар Віктаравіч Кажура вывучыў дасканала, як кажуць ад “А” да “Я”. “У пачатку спрабавалі з вучнямі заняцца і агульналітаратурнымі, і агульнамоўнымі пытаннямі, а потым спыніліся ўсё ж на края­знаўстве. Па-першае, гэта сваё, а па-другое, я лічу, што калі мы страцім гістарычную памяць, то бу­дзем самі не свае, намі лёгка будзе маніпуляваць. Вілейшчына вельмі багаты край. Але самому вывучаць гэтае багацце складана. Шчаслівы той настаўнік, якому шанцуе знайсці зацікаўленых вучняў. Мне пашанцавала. Разам з вучаніцай Бажэнай Мацюк яшчэ ў 2005 годзе мы стварылі работу “Што ні куточак, то галасочак”, прысвечаную легендам і паданням Вілейшчыны. Мы сабралі каля 50 легенд, апрацавалі іх вершам, выдалі зборнік. І гэтыя легенды ўвайшлі ў кнігу “Гэта ўсё — Радзіма наша” 2013 года выдання. Цяпер да краязнаўчай справы далучыў сваю ўнучку Ангеліну. Мы ўжо напісалі тры работы пра маю родную вёску Карпавічы — “Адкуль твая назва, вёска?”, “Падарожжа па вёсцы Карпавічы і яе ваколіцах”, “Карта Вілейскага раёна расказвае…” (апошняя работа прысвечана аналізу паходжання назваў вёсак, звязаных з дрэвамі)”, — падзяліўся Віктар Віктаравіч.

На думку педагога, вынік у любой справе, у тым ліку краязнаўчай, абавязкова будзе толькі тады, калі ёсць зацікаўленае дзіця, зацікаўлены настаўнік і зацікаўленыя бацькі. Калі хоць адзін з гэтых складнікаў выпадае, тады і работа не атрымаецца. “У кожнага краязнаўчага даследавання павінен быць выхад на шырокую аўдыторыю, тады і дзеці будуць зацікаўлены. Таму большасц­ь нашых работ друкуецца на старонках раённай газеты. Вучань у такім выпадку атрымлівае прызнанне. Цесныя кантакты наладжаны не толькі з газетай “Шлях Перамогі” і асабіста галоўным рэдактарам вядомым краязнаўцам Сяргеем Мікалаевічам Ганчаром, але і з раённым краязнаўчым музеем. Адна з нашых работ прысвечана будаўніцт­ву Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Дзевяць вёсак аказаліся затопленымі. А дзе людзі? Што ад тых вёсак засталося? Мы знайшлі іх былых жыхароў, сустрэліся з імі, яны
намалявалі нам падрабязныя планы населеных пунктаў (вуліцы, дамы, двары), падзяліліся ўспамінамі пра суседзяў, пра выпадкі з жыцця, будаўніцтва вадасховішча”, — паведаміў Віктар Віктаравіч.

Дзе плешчуцца хвалі…

Калі паглядзець на фізічную карту Беларусі, нельга не заўва­жыць, што побач з Нараччу (самым вялікім нашым возерам) знаходзіцца не меншы па плошчы водны аб’ект. Ён не прыродны, а штучны, і гэта не возера, а вадасховішча — Вілейскае. Дарэчы, яно самае вялікае ў Беларусі, увахо­дзіць у склад Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Яго будаўніцтва (пачалося ў 1968 го­дзе, у 1973-м завершана) было выклікана неабходнасцю павелічэння аб’ёму водазабеспячэння Мінска. Для гэтага патрабавалася перакінуць част­ку сцёку Віліі ў Свіслач. Сёння спецыяльныя гідрапомпавыя станцыі падымаюць узровень вады больш чым на 70 м. Штогод яе перакідваецца каля 575 млн тон.

Стварэнне Вілейскага вада­сховішча — справа важная, неабходная. Аднак нават у самай добрай справы нярэдка бываюць і негатыўныя моманты. У дадзеным выпадку гэта высяленне вёсак. Сутокі, Сэрвач, Малмыгі, Рыбчына, Пахомава… Усяго былі пераселены жыхары 9 населеных пунктаў. “Для людзей гэта была трагедыя. Нехта параўноўвае яе з перасяленнем жыхароў вёсак, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Але гэтае параўнанне не вельмі правільнае. Чарнобыль — гэта бяда. Будаўніцтва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы было неабходнасцю. Дзяржава дапамагала людзям і ў перапахаваннях, і ў перавозцы дамоў. У чарнобыльскай зоне, як вядома, дамы закопваліся. Перасяленне на Вілейшчыне спланаванае, у лю­дзей было дастаткова часу сабраць свае рэчы. Я памятаю, як мая мама пераяз­джала з Брагінскага раёна. Яна нават дакументы не ўзяла — думала, што вернецца. Тут сітуацыя іншая. Хаця людзям усё роўна баліць, яны з сумам прыгадваюць родныя мясціны, якія паглынула вялікая вада”, — падзяліўся Мікалай Міхайлавіч Іваненка.

Юныя экскурсаводы музея “Ільянскія далягляды”.

Пакручастым з’яўляецца, напрыклад, лёс вёскі Пахомава, адкуль, дарэчы, родам дзед знакамітага авіяканструктара Паўла Сухога. У гады Вялікай Айчыннай вайны яна была спалена карнікамі, потым адноўлена. Пры будаўніцтве Вілейска-Мінскай воднай сістэмы Пахомава трапіла ў зону затаплення. Там, дзе калісьці віравала вясковае жыццё, сёння плешчуцца хвалі вадасховішча. Для жыхароў Пахомава гэтыя хвалі навяваюць сумныя ўспаміны. А вось для шматлікіх рыбакоў, фатографаў, аматараў якаснага адпачынку на прыродзе маляўнічы бераг вада­сховішча — сапраўдны рай.

Сямейная рака

За 27 гадоў удзельнікі турклуба “Чарапашкі” Вілейскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі абышлі бераг Вілейскага вада­сховішча пад кіраўніцтвам Міхаіла Мікалаевіча Петуха, як ка­жуць, уздоўж і ўпоперак. Ды што там Вілейскага вадасховішча! На берагах Віліі таксама няма такога лапіка, дзе не ступала б нага “чарапашак”. “Гэтую назву выбралі невыпадкова. Мы поўзаем, плаваем (на веласіпедах, байдарках, пешшу), хоць і паціху, але па ўсім свеце, а найбольш — па малой радзіме. Пэўны час наш клуб знаходзіўся каля другой гімназіі, таму большасць “чарапашак” — навучэнцы гэтай установы. Настаўнікі гімназіі спрыяюць таму, каб дзеці запісваліся ў турклуб, дапамагаюць разве­яць сумненні бацькоў наконт неабходнасці дзяцей ісці ў паход, вырывацца з прывычнага, камфортнага асяроддзя. Хлопчыкі і дзяўчынкі павінны хадзіць у паходы ў любое надвор’е, там яны вучацца жыць у рэальным свеце, пераадоль­ваць розныя цяжкасці”, — падзяліўся Міхаіл Мікалаевіч.

Для педагога не важныя спартыўныя дасягненні, перамога ў конкурсах (хаця вілейскія “чарапашкі” рэгулярна становяцца прызёрамі самых розных рэспубліканскіх спаборніцтваў). Галоўнае, каб з вучняў выраслі добрыя людзі. А вырастуць яны толькі ў тым выпадку, калі дарослыя змогуць навучыць іх заўважаць прыгажосць, калі дзіцячая душа зможа адгукацца на гармонію, якую назіраеш у прыродзе падчас паходу. Дзякуючы краязнаўчым вандроўкам, хлопчыкі і дзяўчынкі навучацца ствараць прыгажосць не толькі на малюнках і ў марах. Яны навучацца прыгажосці духоўнай, змогуць ладзіць паміж сабой, адчуваць сябе адзінай турысцкай сям’ёй, будуць імкнуцца з радасцю зрабіць нешта для сваіх сяброў (паставіць палатку, згата­ваць ежу і г.д.). Дзецям з вілейскага дома-інтэрната, якія таксама займаюцца ў клубе, не хапае цёплай, душэўнай атмасферы. А ў края­знаўчым паходзе ўсе якраз становяцца адной сям’ёй.

“Вілія — сямейная рака. Падыходзіць для дзяцей любога ў­зросту, любога ўзроўню падрыхтоўкі. Па Віліі штогод, пачынаючы з 2007 года, мы ладзім экспедыцыі “Шляхам Тышкевіча”. Некалькі разоў плавалі да літоўскага Каўнаса. Вілія для нас знакавая рака. Дарэчы, раней яна называлася Вялля, таму ад старэйшых жыхароў можна нярэдка пачуць не Вілейка, а Вялейка. На берагах Віліі знаходзіцца шмат помнікаў розных эпох. Яе берагі літаральна ўскапаны акопамі. Дарэчы, Вілейскі раён багаты на падзеі Першай сусветнай вайны. Засталося шмат дотаў, акопаў, бліндажоў, якія сёння пакрыты мохам, абхоплены каранямі стагадовых елак. Адна з жамчужын нашага раёна — Заброддзе, дзе сям’я мастака Барыса Барысавіча Цітовіча разам з іншымі краязнаўцамі стварыла музей Першай сусветнай вайны, у якім часта ладзяцца рэканструкцыі. Багата на берагах Віліі старажытных курганоў, цэркавак, касцёлаў, мемарыялаў. Вандруючы па рацэ, можна ўбачыць валуны, каменны калодзеж, разбураны ва­дзяны млын былога базыльянскага манастыра. Галоўнае, што рэчка даступная і цікавая. Большая яе частка не мае перашкод, плывеш і любуешся маляўнічымі берагамі”, — расказаў педагог.

Захочацца вярнуцца

Калі скласці колькасць дзён, праведзеных Міхаілам Мікалаевічам у паходах па роднай Вілейшчыне, то атрымаецца некалькі гадоў. Кіраўніку клуба “Чарапашкі” можна па-добраму пазайздросціць. Гэта некалькі гадоў любавання маляўнічай роднай зямлёй, некалькі гадоў, напоўненых незабыўнымі паходнымі ўражаннямі. Але навошта зайздросціць, калі кожнаму з нас можна завітаць на Вілейшчыну? Завітаеш — і абавязкова захочаш вярнуцца. І неаднойчы.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.