Віншаванні ад сяброў і партнёраў

Віншаванні з Днём Незалежнасці паступілі ў адрас Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і беларускага народа ад кіраўнікоў замежных дзяржаў, замежных палітычных і грамадскіх дзеячаў. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Віншавальныя пасланні атрыманы ад кіраўнікоў краін СНД, Еўрапейскага саюза і іншых дзяржаў у розных рэгіёнах свету.

Свае віншаванні накіравалі Папа Рымскі Францыск, каралева Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Лізавета II, кароль Швецыі Карл XVI Густаў, кароль Іарданіі Абдала II, імператар Японіі Акіхіта.

Кіраўніка дзяржавы і беларускі народ павіншавалі Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, Старшыня КНР Сі Цзіньпін, прэзідэнты Казахстана, Азербайджана, Украіны, Туркменістана, Малдовы, Таджыкістана, Балгарыі, Францыі, Італіі, Турцыі, ААЭ, Алжыра, Сірыі, Палесціны, старшыня Дзяржаўнага савета і Савета Міністраў Кубы, генерал-губернатар Аўстралійскага саюза.

Уладзімір Пуцін у віншавальнай тэлеграме падкрэсліў, што 3 ліпеня — знамянальная дата ў гісторыі Беларусі. “Вызваленне Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стала адной з найважнейшых перамог, якія атрымалі нашы бацькі і дзяды ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Завешчаныя імі братэрская дружба і ўзаемадапамога і сёння служаць надзейнай асновай развіцця расійска-беларускіх сувязей”, — звярнуў увагу кіраўнік расійскай дзяржавы.

Старшыня КНР Сі Цзіньпін у віншаванні адзначыў усё ўзрастаючае міжнароднае становішча і ўплыў Беларусі, эканамічнае развіццё краіны. “Беларуская мара” пра паспяховае і шчаслівае жыццё народа, мірную і стабільную дзяржаву ўвасабляецца ў рэальнасць. Як добры сябар кітайскі бок адчувае сардэчную радасць. Я надаю вялікае значэнне развіццю кітайска-беларускіх адносін, цаню ўстаноўленыя з вамі добрыя рабочыя адносіны і асабістае моцнае сяброўства, — адзначыў кітайскі лідар. — Я гатовы разам з вамі прыкладаць намаганні на карысць дзвюх краін і народаў, няспынна дасягаць новых вынікаў у развіцці адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і ў сумесным будаўніцтве ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях”.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка адзначыў, што за мінулыя гады Беларусь заняла дастойнае месца сярод краін рэгіёна і дэманструе адданасць міру і рэгіянальнай стабільнасці, упэўненае ўмацаванне нацыянальнай эканомікі.

Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў звярнуў увагу, што ў яго краіне надаюць вялікае значэнне далейшаму ўмацаванню дружалюбных і партнёрскіх адносін з Беларуссю ва ўсіх галінах супрацоўніцтва.

У віншавальным пасланні беларускаму лідару Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў выказаў асаблівае задавальненне высокім узроўнем азербайджанска-беларускіх адносін, які адлюстроўвае імкненне дзвюх краін да далейшага ўмацавання ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і паглыблення стратэгічнага партнёрства.

Прэзідэнт Італьянскай Рэспублікі Серджыа Матарэла ў віншаванні звярнуў увагу на значны прагрэс у дыялогу паміж Мінскам і Еўрапейскім саюзам, які будзе і далей стымуляваць узбагачэнне двухбаковага партнёрства.

Віншаванне ў адрас Аляксандра Лукашэнкі накіраваў таксама Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. Ён пажадаў, каб адносіны паміж дзвюма краінамі ўзмацніліся ва ўсіх галінах, дзе існуе яшчэ нерастрачаны патэнцыял. Эмануэль Макрон адзначыў развіццё адносін Беларусі з Еўрапейскім саюзам.

Папа Рымскі Францыск пажадаў кіраўніцтву Беларусі і ўсяму народу краіны боскіх благаславенняў.

Віншаванні ў адрас Прэзідэнта Беларусі і беларускага народа з Днём Незалежнасці яшчэ прадаўжаюць паступаць.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *