Віншаванні для педагогаў

6 лістапада ў адукацыйным цэнтры Нацыянальнага інстытута адукацыі прайшла цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў конкурсу віншавальных паштовак да Дня настаўніка. Конкурс, які прайшоў упершыню, стартаваў 10 верасня і аб’яднаў больш за 700 чалавек — гэта аўтары індывідуальных і калектыўных работ.

Удзел у адкрытых дыстанцыйных спаборніцтвах прынялі навучэнцы з усіх абласцей рэспублікі, якія вырашылі арыгінальна павіншаваць сваіх любімых настаўнікаў. Канкурсантамі сталі выхаванцы дзіцячых ясляў-садоў, школьнікі, студэнты. Конкурсныя работы, якія ўключалі макет паштоўкі і віншавальны тэкст, дасылаліся на электронную пошту нацыянальнага адукацыйнага партала www.adu.by. Такая работа патрабавала ад удзельнікаў у першую чаргу добрага дызайнерскага густу, валодання мовай, графічнымі рэдактарамі, сучаснымі інтэрнэт-тэхналогіямі.
Зусім маленькія дзеці, якія не маюць магчымасці зрабіць паштоўку ў камп’ютарным варыянце, прысылалі свае ручныя работы ў інстытут кур’ерамі, праз пошту або перадавалі праз бацькоў. Такія паштоўкі былі створаны ў папулярнай сёння тэхніцы скрапбукінг. У паштоўках, як электронных, так і папяровых, вучні выказвалі свае шчырыя і добрыя пачуцці, пажаданні ў адрас педагогаў, падзяку за іх нялёгкую працу, а таксама віншавалі з прафесійным святам. Дарэчы, да гэтага свята ў Нацыянальным інстытуце адукацыі была арганізавана адкрытая выстава творчых работ канкурсантаў “Павіншуем настаўнікаў разам!”. Пад аналагічнай назвай на сайце нацыянальнага адукацыйнага партала можна пагартаць віртуальны альбом з конкурснымі работамі. Кожная з іх — сапраўдны твор мастацтва.
У якасці журы выступілі супрацоўнікі адукацыйнага цэнтра. Як паведаміла начальнік аддзела метадычнага забеспячэння дыстанцыйных адукацыйных паслуг Гюльнара Мансураўна Юстынская, пераможцамі сталі больш за 60 канкурсантаў, якія атрымалі дыпломы і прыемныя падарункі ад спонсара мерапрыемства — адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій — флэш-карты і камп’ютарныя мышкі. А галоўнай узнагародай, якая дасталася творчаму калектыву Ружанскага шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, стаў сучасны гаджэт — планшэт, які прадаставіла выдавецтва “Аверсэв”. Акрамя папяровых дыпломаў, кожнаму ўдзельніку быў уручаны электронны сертыфікат ад Нацыянальнага інстытута адукацыі.

Алеся УШАКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.