Віншаванні настаўнікам

- 10:47Адукацыйная прастора

У Магілёве адзначылі Дзень настаўніка. На ўрачыстае мерапрыемства з нагоды прафесійнага свята былі запрошаны каля 500 лепшых педагогаў з усёй вобласці.

Бясконцым патокам гучалі ў адрас магілёўскага настаўніцтва шчырыя словы ўдзячнасці, адзначаліся іх заслугі і дасягненні. На тэматычнай выставе былі прадстаўлены поспехі сферы адукацыі Прыдняпроўскага краю. У рэгіёне плённа працуюць над павышэннем якасці адукацыі, развіццём дзіцячых талентаў, укараненнем сучасных адукацыйных тэхналогій у вучэбны працэс. Сёння вобласць ганарыцца педагагічнымі калектывамі, кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, настаўнікамі, якія ўслаўляюць рэгіянальную сістэму адукацыі на розных узроўнях.

Як адзначыў у сваім выступленні начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў, адукацыя рэгіёна дастаткова высокатэхналагічная сістэма. Так, у сярэдняй школе № 8 Крычава запушчаны праект “Электронная школа”, дзе высокія тэхналогіі і інтэрнэт задзейнічаны ва ўсіх напрамках: ад прапускной сістэмы — да дыстанцыйных урокаў, вядзення дакументацыі і ўніверсальнай электроннай карты навучэнца. Сёлета да праекта далучылася новая сярэдняя школа № 34 у Бабруйску.

— Комплексна вырашаць задачу павышэння цікавасці да прадметаў, актывізацыі пазнавальнай дзейнасці дазваляе алгарытм работы педагогаў па падтрымцы і развіцці таленавітых дзяцей. Цікавыя напрацоўкі створаны ў Бабруйску. У горадзе функцыянуюць цэнтры па ўзаемадзеянні з адоранымі навучэнцамі, гарадскія трэнерскія клубы. Гэта прадукцыйныя формы работы па падрыхтоўцы да этапаў рэспубліканскай алімпіяды і творчых конкурсаў, — падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч.

Паводле яго слоў, асаблівая місія сёння — у педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі. Шчаслівае дзяцінства, далейшы лёс кожнага дзіцяці залежаць ад мудрасці, цярпення, увагі выхавальнікаў. У сістэме дашкольнай адукацыі вобласці забяспечваецца варыятыўнасць адукацыйнага працэсу, арыентаванасць на індывідуальнасць дзіцяці і запыты сям’і.

— Настаўнік — гэта прызванне. І, напэўна, гэта лёс. Ва ўсе часы ён знаходзіцца ў цэнтры грамадскага жыцця, з’яўляецца захавальнікам ведаў, культуры і вышэйшых духоўных каштоўнасцей, — канстатаваў Уладзімір Рыжкоў, падзякаваўшы педагогам за іх добрасумленную працу.

Падчас святочнага мерапрыемства нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі” былі адзначаны дырэктар Касцюковіцкай раённай гімназіі Антаніна Максімава, выкладчык спецыяльных дысцыплін Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя Арлоўскага Мікалай Навальнеў і загадчык Дрыбінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Любоў Тарасенка. Акрамя таго, больш чым 80 настаўнікам былі ўручаны ганаровыя граматы і падзякі ад Міністэрства адукацыі, аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, галоўнага ўпраўлення па адукацыі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Галіны РАДЗЬКОВАЙ.