Віншаванні настаўнікам

- 11:08Адукацыйная прастора, Рознае

У Магілёве адзначылі Дзень настаўніка. На ўрачыстае мерапрыемства з нагоды прафесійнага свята былі запрошаны лепшыя педагогі з усёй вобласці.

Як адзначыў першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Чыкіда, сёння вобласць ганарыцца педагагічнымі калектывамі, кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, настаўнікамі, якія ўслаўляюць магілёўскую сістэму адукацыі на розных узроўнях. Сярод іх — настаўніца біялогіі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Наталля Колчына, вучні якой на працягу многіх гадоў становяцца пераможцамі Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі; настаўнік фізічнай культуры Забялышанскай сярэдняй школы Хоцімскага раёна Аляксандр Сцепчанка, выхаванцы якога рэгулярна перамагаюць у рэспубліканскіх спаборніцтвах; намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце настаўнік фізікі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Уладзімір Грабцэвіч, які падрыхтаваў звыш 50 пераможцаў трэцяга этапу і 17 пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы. За дасягненні ў працы занясеннем на рэспубліканскую Дошку гонару адзначаны Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж (дырэктар Алег Адамавіч Бахановіч) і Магілёўскі дзяржаўны прафесійны агралесатэхнічны каледж імя Арлоўскага (дырэктар Георгій Мікалаевіч Маліноўскі).

— Сёння свята тых, для каго сэнсам жыцця стала служэнне высакароднай справе асветы і выхавання. Сярод усіх прафесійных свят гэтае займае асаблівае месца. Усе мы пачыналі сваю дарогу ў вялікае жыццё са школьнай парты, першага настаўніка. У кожнага чалавека ёсць педагогі, якія добрай парадай дапамаглі сфарміраваць светапогляд і маральныя каштоўнасці, вызначыцца з выбарам прафесійнага шляху, — звярнуўся да прысутных Алег Чыкіда. — Мы цэнім вашы заслугі ў забеспячэнні высокай якасці айчыннай адукацыі, важкі ўклад у развіццё краіны, захаванне духоўных і маральных ідэалаў грамадства. Педагогі з’яўляюцца надзейнай апорай нашай дзяржавы, таму зараз робіцца ўсё магчымае для ўзмацнення сацыяльнай абароненасці педагагічных работнікаў. Сучаснае грамадства ставіць перад настаўнікамі новыя мэты. Захаванне і ўзбагачэнне традыцый беларускай школы, стварэнне ўмоў для стабільнага развіцця адукацыі, павышэнне прэстыжу педагагічнай дзейнасці — вось першарадныя задачы на найбліжэйшую перспектыву. Упэўнены, іх ажыццяўленне вам пад сілу, — падкрэсліў Алег Іванавіч.

Як заўважыў у сваім выступленні начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў, Дзень настаўніка — свята абсалютна для ўсіх.

— Прафесія настаўніка — адна з найважнейшых, бо на педагогаў ускладаецца адказнасць за навучанне падрастаючага пакалення. І вельмі важна, што ў гэтай няпростай справе настаўніцтва мае моцную падтрымку з боку грамадскасці, бацькоў, улады. За сваю добрасумленную працу педагогі вобласці заахвочваюцца і матэрыяльна стымулююцца. Хацелася б, каб гэтае разуменне захавалася і далей, бо, калі мы разам, мы можам многае, — сказаў Уладзімір Уладзіміравіч.

У святочны дзень многія педагогі атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Так, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Бабруйска Ала Косцерава была адзначана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”. Ганаровыя граматы і граматы Міністэрства адукацыі былі ўручаны дырэктару Свіслацкай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Антаніне Фраловай, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 7 Наталлі Волкавай, галоўнаму эканамісту ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Веры Казіевай, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры магілёўскай гарадской гімназіі № 1 Ганне Бандарэнка, намесніку дырэктара па спорце Магілёўскага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Святлане Карчэўскай, дырэктару цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Чэрыкава Ларысе Цугульскай, дырэктару Магілёўскага гарадскога СПЦ Аляксею Філіпенку, загадчыцы ясляў-сада № 10 Асіповіч Любові Ігнацьевай, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Васходаўскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Святлане Трафімавай, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Міхалёўскага ВПК Бабруйскага раёна Тамары Кандрацьевай і намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 Чэрыкава Наталлі Яўменчыкавай.

Многія педагогі атрымалі падзякі ад Магілёўскага аблвыканкама, ганаровыя граматы ад упраўлення адукацыі аблвыканкама і шэрага іншых ведамстваў. Завяршэннем урачыстага мерапрыемства стаў святочны канцэрт.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.