Віншаванні з упэўненай перамогай

- 12:05Інфармацыйная гадзіна

Адбылася тэлефонная размова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнік беларускай дзяржавы ад свайго імя, сваёй сям’і і ўсяго беларускага народа цёпла павіншаваў азербайджанскага лідара з упэўненай перамогай на прэзідэнцкіх выбарах, што адбыліся, пажадаўшы далейшых поспехаў у рабоце на гэтай адказнай дзяржаўнай пасадзе. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што падтрымка выбаршчыкаў з’яўляецца пераканаўчым сведчаннем паспяховасці палітычнага курсу на будаўніцтва моцнай і квітнеючай дзяржавы.

Прэзідэнты Беларусі і Азербайджана абмеркавалі парадак дня двухбаковых адносін, стан і перспектывы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, кантакты на міжнароднай арэне. Адзначана высокая ступень даверу і ўзаемаразумення, што характарызуюць беларуска-азербайджанскія адносіны. У гандлёвым супрацоўніцтве краін апошнім часам адзначаецца дадатная дынаміка, і кіраўнікі дзяржаў падкрэслілі важнасць далейшых сумесных намаганняў у гэтым напрамку.

Ільхам Аліеў таксама запрасіў Аляксандра Лукашэнку зрабіць візіт у Азербайджан у любы зручны час.

Нагадаем, што на прэзідэнцкіх выбарах у Азербайджане за дзеючага кіраўніка дзяржавы Ільхама Аліева, паводле папярэдніх даных, прагаласавалі 86 працэнтаў выбаршчыкаў.

Усяго на пасаду прэзідэнта прэтэндавалі 8 кандыдатаў. Ільхам Аліеў атрымаў перамогу з вялікім адрывам. Лепшы вынік яго сапернікаў — 3,11 працэнта.

Старшыня Цэнтрвыбаркама Мазахір Панахаў паведаміў журналістам, што галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах адбылося на 5641 выбарчым участку.