Віншуем з тым, што мы жывыя!

Часта ў асяроддзі незнаёмых людзей даводзілася чуць меркаванне, маўляў, кіно ў Беларусі спасціг лёс дыназаўраў. Пры гэтым на пытанне, што з апошніх работ “крытыкі” бачылі, яны адказваюць зацяжным маўчаннем. Да такіх “добразычліўцаў” на прэс-канферэнцыі “Зроблена на “Беларусьфільме” праз журналістаў звярнуўся генеральны дырэктар студыі Уладзімір Карачэўскі: “Тых, хто ведае, як працаваць у кіно, больш чым дастаткова, а вы станьце побач з намі, закасайце рукавы і пакажыце, як трэба. Не можаце паспрыяць — хаця б не хлусьце”.

Падобныя мерапрыемствы для журналістаў, як і экскурсіі для дзяцей і студэнтаў, на Нацыя­нальнай кінастудыі не навінка. Увесь сакрэт у тым, што “Беларусьфільм” хоча быць максімальна адкрытым і даступным для сваёй аўдыторыі. Часта такія сустрэчы адбываюцца неадрыўна ад вытворчага працэсу. Так было і гэты раз: прэс-канферэнцыя, прысвечаная выхаду новых рэлізаў, ла­дзілася ў дэкарацыях моладзевага сіткама (сітуацыйнай камедыі) “Ілюзіі”.

Першым з прадстаўленых журналістам нацыянальных праектаў, над якімі працуюць на “Беларусьфільме”, стала экранізацыя рамана Людмілы Рублеўскай “Прыгоды Пранціша Вырвіча” (рэжысёр Аляксандр Анісімаў, аўтар карцін “Званар”, “Незацюканы апостал”, “Урокі Чарнобыля”). На прэм’еры глядач адправіцца ў падарожжа па беларускіх землях XVIII стагоддзя, сустрэнецца з прадстаўнікамі родаў Радзівілаў, Сапегаў і Багінскіх (прататып роду Агінскіх), а таксама разам з галоўным героем пракоціцца на своеасаблівай машыне-чарапасе, якую вынайшаў Леанарда да Вінчы. Дарэчы, на студыі гэтае прыстасаванне стваралі самастойна па эскізах славутага італьянца. У карціне можна будзе ўбачыць сівыя Гальшаны, Мір, Нясвіж, Ліду, Бабруйск: палацы, храмы і ся­дзібы, якія захавалі гістарычны дух Беларусі таго часу. Герояў праекта на “Беларусьфільме” ласкава назы­ваюць беларускімі гардэмарынамі і абяцаюць, што сустрэча шырокай аўдыторыі з імі павінна адбыцца ў студзені наступнага года.

Другая буйная распрацоўка — фільм “Лёс дыверсанта”. Падзеі, апісаныя ў карціне, заснаваны на рэальных: кіно раскажа пра найбуйнейшую чыгуначную дыверсію Вялікай Айчыннай вайны ў Асіповічах. Рэжысёрам праекта выступіў Дзмітрый Астрахан (“Дзіцяткі”, “Жоўты карлік”, “Жыццё пасля жыцця”), а сцэнарый напісаў барысаўчанін Павел Магілін.

Не забываюць на “Беларусьфільме” і пра сучаснасць. Зусім нядаўна завяршыліся здым­кі сіткама рэжысёра Івана Паўлава “Ілюзіі”, дзе расказваецца пра будні мінскіх студэнтаў. На студыі паабяцалі, што ў серыяле можна бу­дзе ўба­чыць шмат забаўляльных момантаў і разваг пра сяброўства і каханне. Тут жа глядач зможа ад­крыць для сябе песні маладых беларускіх выканаўцаў, якія выкарыстоўваюцца ў якасці саўндтрэкаў да серыяла. Прэм’ера “Ілюзій” павінна адбыцца ўжо летам.

Дырэктар кінастудыі Ула­дзімір Карачэўскі адзначыў, што зараз ідзе актыўны пошук нестандартных ідэй для сцэнарыяў, якія паказалі б гісторыю незалежнай Беларусі, падкрэсліў, што спецыя­лісты кінастудыі чакаюць кожнага, каму ёсць што сказаць.

Уладзімір Карачэўскі.

— Амаль 30 гадоў — гэта вялікі штуршок для любой краіны. Не трэба ствараць нешта пластмасавае і безжыццёвае — хочацца бачыць праўду, аб’ектыўнасць. А мы чамусьці жывём мінулым. Нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што казаць, таму мы адкрыты для супрацоўніцтва, — падсумаваў Уладзімір Міхайлавіч.

Вядучы рэдактар студыі дакументальнага кіно “Летапіс” Уладзімір Мароз адзначыў, што зараз у вытворчасці знаходзіцца 13 праектаў. Сярод іх “Савецкі чалавек” — роздум Віктара Аслюка на тэму “чырвонага” чалавека, паводле Святланы Алексіевіч, “Добрых дзяўчат не б’юць” — фільм Галіны Адамовіч пра дамашні гвалт, “Невядомы рай” — карціна Дар’і Юркевіч пра паслячарнобыльскае жыццё, альманах “Інтэрнэт і жыццё” чатырох маладых творцаў Ксеніі Галубовіч, Веранікі Бандаровіч, Максіма Шведа і Алеся Лапо пра ролю інтэрнэту ў жыцці чалавека.

— Я маю вялікі вопыт работы ў дакументальным кіно. Лічу, што, каб ішоў паўнавартасны працэс, трэба здымаць па 24—25 фільмаў у год. Тады будуць шэдэўры: і сацыяльныя, і дэбютныя, і фестывальныя стужкі, — выказаў меркаванне Уладзімір Мароз.

Уладзімір Мароз.

Кінарэжысёр анімацыйнага і гульнявога кіно Алена Турава расказала, што сёння ў студыі анімацыйных фільмаў выходзяць як аўтарскія фільмы, якія пасля становяцца пераможцамі на буйных кінафестывалях свету, так і праекты, што карыстаюцца попытам у маленькіх гледачоў. Па словах Алены Віктараўны, за год спецыялісты ствараюць каля 12 кароткаметражных мультфільмаў, агульны аб’ём якіх складае каля 90 мінут. Акрамя таго, было адзначана, што беларускія мульцікі карыстаюцца попытам у Францыі і Германіі.

Аднак галоўная пярліна “Беларусьфільма” чакала журналістаў у канцы. “Купала” — ключавы і самы буйны нацыянальны праект студыі, твор рэжысёра Уладзіміра Янкоўскага пра класіка беларускай літаратуры. Розгаласная карціна здымалася ў Беларусі, Расіі і Літве. Галоўную ролю выканаў латышскі акцёр Мікалай Шэстак і яго юныя калегі Лоран Луцкоў, Яфім Цуба і Цімур Нядзведзь (сыгралі малога Купалу), над вобразамі астатніх ключавых герояў працавалі беларускія артысты Вераніка Пляшкевіч (Паўліна Мядзёлка), Алена Гіронак (Уладзіслава Луцэвіч), Ганна Палупанава (маці) і Аляксандр Абрамовіч (бацька).  Адметна,  што маладога і сталага пісьменніка іграе адзін чалавек — гэта, па словах генеральнага дырэктара студыі, стала магчымым дзякуючы спецыяльнаму грыму, які прывозілі з Масквы, і “біялогіі” самога Мікалая Шэстака. Пра тое, што гледача чакае нешта небывалае, сведчыла звонкая цішыня, якая ўстанавілася ў зале пасля прагляду афіцыйнага трэйлера праекта.

Маладзёжныя выканаўцы.

— Гэты фільм важны для кожнага з нас: усе ўспрымаюць яго як нешта сваё, вельмі блізкае. Таму на здымачнай пляцоўцы ідзе вельмі актыўная і нават агрэсіўная работа — за кожны кадр змагаюцца да апошняга. Мы хочам падарыць яму вялікую фестывальную гісторыю. Ёсць шанс, што з “Купалам” мы зая­вім пра сябе па-новаму. Сардэчна запрашаем у беларускае кіно і віншуем вас з тым, што мы зноў жывыя! — рэзюмаваў Уладзімір Карачэўскі.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.