Віртуальная рэальнасць, фарсайт-тэхналогіі, перавернутае навучанне, ці Як падрыхтаваць паспяховага педагога

Як падрыхтаваць настаўніка, які зможа эфектыўна працаваць у школе будучыні? Якія тэхналогіі навучання неабходна прымяняць на школьнай лаўцы, у студэнцкія гады, пры станаўленні маладога спецыяліста? На гэтыя і многія іншыя пытанні паспрабавалі адказаць навучэнцы педагагічных класаў на вочным этапе фарсайт-форуму “Будучыя педагогі — пра тэхналогіі падрыхтоўкі паспяховага педагога”, які адбыўся ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка ў межах дэкады студэнцкай навукі.

forum1Удзельнікаў мерапрыемства вітала прарэктар па вучэбнай рабоце БДПУ імя Максіма Танка, доктар педагагічных навук, прафесар Ганна Васільеўна Торхава. Яна адзначыла, што год назад, у красавіку 2017 г., праходзіў Рэспубліканскі конкурс для вучняў педагагічных класаў “Будучыя педагогі — пра школу будучыні”. Удзельнікі прадстаўлялі розныя мадэлі школы будучыні. Многія намінанты гаварылі пра тое, што ключавой фігурай у тэхнічна аснашчанай школе будучыні застанецца педагог, які “ачалавечвае” адукацыйны працэс, здольны стаць прыкладам, прывіць любоў да прадмета і прафесіі. У працяг тэмы сёлета старшакласнікам прапанавалі пашукаць адказ на пытанне “Як жа падрыхтаваць педагога, які зможа эфектыўна працаваць у школе будучыні?”.

Апрабаваць фарсайт-тэхналогію было прапанавана камандам школ-лабараторый вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Дарэчы, на гэтую прапанову адгукнуліся 9 каманд. У адрозненне ад традыцыйнага прагназавання тэхналогія фарсайта з’яўляецца праактыўнай у адносінах да будучых педагогаў. Гэта азначае, што ўдзельнікі не проста паасобку ацэньваюць верагоднасці і рызыкі ўзнікнення тых ці іншых з’яў, а займаюць актыўную пазіцыю і сумесна праектуюць сваю цяперашнюю і будучую (вучэбную і прафесійную) дзейнасць такім чынам, каб узмацніць станоўчыя трэнды, павялічыць верагоднасць жаданых падзей і знізіць адмоўныя і непажаданыя наступствы. Фарсайт-форум дазваляе стварыць атмасферу інтэлектуальнага пошуку, узаемадзеяння і супрацоўніцтва прадстаўнікоў супольнасці педагагічных класаў у адукацыйнай прасторы “школа — УВА”.

Ідэі, распрацаваныя камандамі школ-лабараторый, прадставілі спікеры Марыя Анікеенка (сярэдняя школа № 8 Слоніма), Аляксандр Ленкавец (Сноўская сярэдняя школа Нясвіжскага раёна), Валерыя Рахінская (Грэская сярэдняя школа Слуцкага раёна), Дар’я Бяляева (гімназія № 5 Віцебска), Леанід Ларын і Аляксандр Данілаў (сярэдняя школа № 126 Мінска), Мілана Заікіна (сярэдняя школа № 8 Магілёва), Дар’я Мурашка (сярэдняя школа № 3 Смалявіч), Яна Райтэнка (сярэдняя школа № 4 Віцебска) і Аляксандра Калтовіч (сярэдняя школа № 6 Мінска).

forum2На працягу пяці мінут навучэнцам неабходна было сцісла, дакладна і лаканічна прадставіць свае фарсайт-ідэі, адказаць на некалькі пытанняў прысутных. Старшакласнікі прадэманстравалі магчымыя, верагодныя і пажаданыя падзеі і змяненні ў галіне тэхналогій прафесійнай падрыхтоўкі педагогаў з розных суб’ектных пазіцый: навучэнца педагагічнага класа, студэнта, маладога спецыяліста, які працуе ў сферы адукацыі. Яны абгрунтавалі неабходнасць прымянення магчымасцей віртуальнай рэальнасці, гейміфікацыі, нейратэхналогій, педагагічнай інтэрнатуры і інш.

З выступленняў вучняў вынікала, што ўсе змяненні, на парозе якіх мы стаім, уяўляюцца неабходнымі. Гэта змяненне фармату навучання ад масавага да індывідуальнага, навучанне на працягу ўсяго жыцця і актыўнае ўкараненне анлайн-навучання. Галоўны трэнд будучыні: адукацыя — асабістая адказнасць кожнага.

Навучэнка гімназіі № 5 Віцебска Дар’я Бяляева прадставіла фарсайт-ідэю “Педагагічны ўчынак”. Па яе словах, галоўны педагагічны ўчынак — гэта пераход ад тэорыі да практыкі. Тэхналогія падрыхтоўкі навучэнца класа педагагічнай накіраванасці — “сетка падтрымкі”, сутнасць якой заключаецца ў тым, што з навучэнцаў фарміруецца падтрымліваючая сетка для малодшых школьнікаў у выглядзе кансультацый па вучэбных прадметах, якія праводзяцца пасля ўрокаў ці ў шосты школьны дзень. Будучыя педагогі пагружаюцца ў непасрэдныя зносіны з малодшымі школьнікамі, напрацоўваюць практычныя навыкі тлумачэння незразумелых тэм, адпрацоўкі ў іх канкрэтных вучэбных уменняў. Пры гэтым яны будуць адчуваць цяжкасці, якія будуць пабуджаць да пошуку рашэнняў педагагічных сітуацый шляхам вывучэння асноў педагогікі, методыкі і вопыту сваіх педагогаў.

Пры падрыхтоўцы студэнта педагагічнага ўніверсітэта, заўважыла Дар’я, неабходна выкарыстоўваць індуктыўныя методыкі, якія заключаюцца ў вучэнні не ад тэорыі да практыкі, а ад практыкі да тэорыі, і тэхналогію безадзнакавага навучання (замест таго, каб ставіць адзнакі, адлічваючы ад нормы ці эталона, лепш абапірацца на крытэрыі — мінімальны вынік, які чакаецца ад студэнта). Так, ацэнка будзе будавацца па ўзыходзячых ступенях і залежаць ад складанасці ўменняў, якімі валодае студэнт. Акрамя таго, у кожнага студэнта з першага курса і да заканчэння ўніверсітэта павінны быць свае цьютар і падшэфны клас у канкрэтнай школе, куды ў вольны ад вучобы час студэнт можа заходзіць максімум адзін раз на тыдзень. Студэнт пры гэтым адыгрывае ролю своеасаблівага памочніка класнага кіраўніка. У ідэале прадметную педпрактыку студэнт павінен праходзіць у тым жа класе і ў таго ж настаўніка.

Навучэнцы і педагогі віцебскай гімназіі прапанавалі для маладых педагогаў у першыя 5 гадоў іх работы выкарыстоўваць вучэбныя курсы па прынцыпе змешанага навучання, у якім спалучаецца навучанне з удзелам выкладчыка з анлайн-навучаннем. Змешанае навучанне прадугледжвае элементы самастойнага кантролю навучэнцам шляху, часу, месца і тэмпу навучання. Для аптымізацыі вучэбнага працэсу пры арганізацыі штогадовага павышэння кваліфікацыі маладога настаўніка варта выкарыстоўваць прынцып “перавернутага” класнага пакоя, калі на вочнай сустрэчы праходзіць адпрацоўка той тэорыі, якую карыстальнікі атрымалі загадзя ў выглядзе інтэрактыўных кейсаў ці вучэбнага курса ад віртуальнага трэнера. Самае галоўнае ў гэтай тэхналогіі — не перадача тэарэтычнай інфармацыі падчас трэнінгу, а яе практычнае прымяненне.

— У традыцыйнай мадэлі педагог атрымліваў тэарэтычную адукацыю ва УВА, потым працаваў у масавай практыцы, у выніку чаго толькі адзінкі развіваліся і вырасталі да ўзроўню аўтарскай сістэмы. Мы прапаноўваем гэтую сістэму перавярнуць: максімум практыкі ў педкласе і бесперапынная практыка падчас навучання ва ўніверсітэце за кошт змяншэння тэорыі да неабходнага мінімуму, — лічыць Дар’я. — Пасля заканчэння УВА студэнт павінен здаць экзамен, падчас якога ён пакажа свае педагагічныя кампетэнцыі, а не ўзровень тэарэтычнай падрыхтоўкі. Напрыклад, яму можа быць прапанавана, карыстаючыся падручнікам, дыдактычнымі матэрыяламі і наборам вучэбных праграм і лічбавых асяроддзяў, падрыхтаваць і абараніць перад камісіяй план урока па тэме, якая яму дасталася ў экзаменацыйным білеце, а таксама вырашыць канкрэтную педагагічную сітуацыю. Тады можна будзе ацаніць, наколькі паспяхова гэты чалавек падрыхтаваны працаваць настаўнікам, а не аб’ём яго памяці, дзякуючы якому ён змог завучыць тэорыю па педагогіцы і методыцы.

Пасля прадстаўлення навучэнцамі фарсайт-ідэй адбылося іх абмеркаванне. Разам са спікерамі ў малых групах працавалі запрошаныя эксперты: выпускніца педагагічнага класа Грэскай сярэдняй школы Слуцкага раёна студэнтка 1 курса гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка Таццяна Страховіч, студэнтка 3 курса факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій гэтага ж універсітэта Хрысціна Карнюшка і настаўнік рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 6 Мінска выпускнік БДПУ імя Максіма Танка Ігар Байдзін.

Вынікам сумеснай работы стала рэзалюцыя, у якой адлюстраваны самыя актуальныя трэнды і тэндэнцыі ў педагагічнай адукацыі, вызначаны тэхналогіі, якія, па меркаванні ўдзельнікаў, будуць эфектыўнымі ў падрыхтоўцы педагога новага пакалення, сярод іх — віртуальная рэальнасць, фарсайт-тэхналогіі, перавернутая мадэль навучання.

Па водзывах навучэнцаў, удзел у фарсайт-форуме садзейнічаў больш глыбокаму асэнсаванню сваёй прафесійнай пазіцыі ў свеце сучасных і будучых трэндаў і магчымасцей педагагічнай адукацыі, пашырэнню ўласных гарызонтаў і перспектыў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *