Віртуальная рэканструкцыя будынкаў

- 10:57Адукацыйная прастора

Калі спытаць школьнікаў, што такое Minecraft, адкажа любы. Хтосьці ў гэтую гульню гуляе, хтосьці глядзіць, як гуляюць іншыя, хтосьці сумяшчае. Навучэнец 8 класа Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна Андрэй Солтан выбраў для сябе іншы варыянт: ён будуе ў Minecraft славутасці Беларусі і іншых краін і паказвае іх на сваім YouTube-­канале.

Гродна.

Экскурсія дала штуршок

Minecraft нагадвае канструктар. Гулец трапляе ў трохмерны свет, які складаецца з кубоў. Іх можна выкарыстоўваць у любых варыяцыях і ствараць розныя будынкі. Minecraft не паказвае гульцу, што рабіць ці чаго дасягнуць. Той можа даследаваць свет, здабываць карысныя выкапні, змагацца з сапернікамі і інш. Ёсць дадатковыя рэжымы. Напрыклад, у “выжыванні” гулец павінен сам здабываць рэсурсы, а ў “творчасці” яны ёсць у яго ў неабмежаванай колькасці.

У Minecraft можна гуляць як на камп’ютары, так і на тэлефоне. За лета 2020 года было прада­дзена больш за 200 мільёнаў копій на ўсіх платформах, што зрабіла гульню самай прадавальнай у гісторыі. 140 мільёнаў гульцоў запускалі яе хоць раз у месяц. У развіцці папулярнасці Minecraft вялікую ролю адыграў кантэнт карыстальнікаў, асабліва ролікі на YouTube. Калі ўвесці слова “minecraft” у Google, то пошукавік выдасць больш за 450 мільёнаў відэа!

Андрэй Солтан пачаў гуляць у Minecraft у кастрычніку 2016 года, калі бацькі падарылі яму новы тэлефон, а брат устанавіў туды гульню. Яна стала для хлопчыка новым хобі. У жніўні 2019 года Андрэй пераглядаў фотаздымкі са школьнай экскурсіі ў Лідскі замак і падумаў, што ў Minecraft можна стварыць яго віртуальную копію. На пабудову пайшло каля 1,5 гадзі­ны. Замак атрымаўся неідэальны, але гэта была першая работа. Далей Андрэй паляпшаў свае “будаўнічыя” навыкі і рэканструяваў іншыя замкі Беларусі і замежжа. Зараз на яго YouTube­-канале “Андрей Солтан” можна паглядзець на Мірскі, Навагрудскі, Гальшанскі, Любчанскі, Крэўскі, Смалянскі, Мядніцкі, Косаўскі і Каралеўскі замкі. Прычым яны паказаны не ў сваім сучасным выглядзе, а ў гістарычным. Каб зразумець, як замак выглядаў першапачаткова, Андрэй вывучае матэрыялы ў інтэрнэце і ў падручніках па гісторыі Беларусі.

Пра канкурэнцыю на YouTube школьнік адказвае па-­даросламу: “У мяне канкурэнтаў няма, таму што я не планую з кімсьці канкурыраваць. Я раблю ролікі для сябе і сваіх гледачоў”.

— Раней я займаўся выключна зам­камі і толькі тымі, якія наведваў. Потым рэканструяваў месцы, у якіх яшчэ не быў. У выніку перайшоў на іншую тэму, таму што гледачам нецікава назіраць за дэманстрацыямі асобных аб’ектаў, ім трэба нешта большае. Ды і мне хацелася звярнуць увагу не толькі на знешні выгляд славутасці, але і на дэкарацыі, дробязі экстэр’еру.

Каб зайсці на аб’екты, якія Андрэй пабудаваў, іншыя карыстальнікі могуць папрасіць у яго карту. Лепш за ўсё напісаць ва “УКантакце”. З картай можна паглядзець славутасць з любога ракурсу, нешта дадаць у пабудову ці, наадварот, прыбраць.

Гродна за 9 месяцаў

Свае першыя работы Андрэй рабіў на тэлефоне, потым перайшоў на камп’ютарную версію гульні. Праўда, яго камп’ютар слабаваты, нядаўна ўвогуле зламаўся: згарэў блок забеспячэння. Для такіх праектаў патрэбен магутны камп’ютар, бо Minecraft выкарыстоўвае шмат памяці. Зараз хлопец працягвае “будаваць” на ноўтбуку брата. Той прывёз яго дадому спецыяльна, бо ведае: Андрэю трэба завяршаць праекты.

Гальшанскі замак.

“Мая самая любімая работа — гэта Гальшанскі замак, на які я затраціў 16 гадзін. Ён мае агульную гісторыю са шляхецкім родам Сапегаў, пра што я даведаўся з падручніка па гісторыі Беларусі. Мне падабаецца чытаць пра розныя вялікія роды Беларусі, чым яны займаліся, што стваралі, будавалі”.

— Цяжэй за ўсё ствараць маштабныя пабудовы: цэлыя вуліцы, гарады. Гэта займае шмат часу. Напрыклад, на рэканструкцыю Гродна я патраціў 8 месяцаў і 27 дзён. Кожны дзень займаўся каля 1,5—2 гадзін. Праўда, былі дні, калі ўвогуле не хацелася будаваць, даваў сабе адпачыць.

На стварэнне Гродна Андрэя натхніла відэа аб віртуальным Магілёве. Каб сапраўды паўтарыць будынкі і вуліцы, хлопец карыстаўся рознымі фотаздымкамі, схемамі, картамі. Складаней за ўсё было пабудаваць корпус ГрДУ імя Янкі Купалы на вуліцы Ажэшка, на яго стварэнне пайшло больш за 3 дні.

— Было цікава працаваць над Свята­-Пакроўскім кафедральным саборам, таму што ён выйшаў даволі рэалістычным, кожную дэталь можна разгле­дзець. Калі параўнаць яго з сапраўдным, бачна, што яны вельмі падобны.

Свае работы школьнік заўсёды рэдагуе: калі нешта атрымалася няправільна, разбурае або дадае новыя элементы. Рэдка можа стварыць абсалютна іншую версію.

Больш за ўсё на яго канале відэа з замкамі і саборамі, цэрквамі, касцёламі. Андрэй зазначае, што яму падабаецца рабіць не проста каробкі, а шэдэўры архітэктуры. Рэлігійныя пабудовы якраз падыходзяць пад гэты крытэрый. Там шмат дэталяў, незвычайныя формы і колеры.

Лідскі замак.

Зараз Андрэй працуе над павільёнам № 18 ВДНГ — выставачна­-гандлёвым цэнтрам Рэспублікі Беларусь. Абяцае, што хутка ён з’явіцца ў сетцы. А пакуль дае некалькі парад тым, хто хоча пабудаваць у Minecraft славутасць свайго горада:

— Трэба арыентавацца не на час стварэння, а на прыга­жосць і праўдападобнасць. Варта ўлічыць форму розных дэталяў і зрабіць іх максімальна падобнымі на рэальныя. Напрыклад, калі ёсць фігурныя вокны, трэба такімі іх і будаваць, звычайныя квадратныя не падыдуць.

Бясконцасць творчасці

Хоць на YouTube шмат відэа пра Minecraft, кантэнту з рэканструкцыяй рэальных будынкаў не хапае. Гэта адна з прычын, чаму Андрэй працягвае займацца сваім хобі. Другая — хлопец хоча паказаць іншым беларускую культуру і гісторыю, даказаць, што словы “Беларусь — ра­дзіма замкаў” не пустыя.

— Я піяру свой канал у інтэрнэце, у YouTube, каб зацікавіць больш людзей. Імкнуся заўсёды дадаваць пад ролікі падрабязнае апісанне аб праекце, стаўлю тэгі, гэта павялічвае шансы трапіць у рэкамендацыі. Працую над афармленнем ролікаў, апісаннем канала, каб яны прыцягвалі ўвагу. Зрабіў сабе лагатып. Гэта трохвугольнік, які складаецца з некалькіх бясконцых палос. Яны сімвалізуюць працягласць і бясконцасць маёй творчасці.

Спаса-Пакроўскі кафедральны сабор.

На сваю старонку ў Instagram Андрэй выкладвае фотаздымкі гатовых праектаў. У YouTube цяпер ёсць функцыя супольнасцей, калі можна дзяліцца фотаздымкамі, рабіць пасты. У іх хлопец паказвае, на якой стадыі знаходзіцца праект, што пабудавана, як ідзе мантаж роліка. Дарэчы, мантаж для Андрэя — яшчэ адно хобі і самы просты этап у стварэнні відэа. Ён можа заняць мінут 5, але хлопец імкнецца ўдзяліць яму больш часу, дадаць відэаэфекты. Андрэй навучыўся ўсяму сам дзякуючы ўрокам у інтэрнэце. Поўны self­-made.

— У мяне ёсць два дыпломы за перамогу ў трансгранічным анлайн­конкурсе. Там трэба было зрабіць інфармацыйныя ролікі пра тыя праекты, якія рэалізуюцца ў краінах-­удзельніцах. Маё першае відэа расказвала пра фестывалі, якія праходзілі ў Гудзевічах, а другое — пра пагранічны пункт пропуску “Бераставіца”.

Зараз на YouTube­-канал Андрэя падпісана амаль 1200 чалавек. Самы папулярны ролік, на дзіва, не звязаны з Minecraft, на другім месцы — відэа пра рэканструкцыю Гродна. Яго паглядзела 2,8 тысячы чалавек.

Падтрымка ад усіх

Да двух ужо вядомых хобі Андрэя трэба дадаць маляванне, рэдагаванне фотаздымкаў і робататэхніку. Апошняй ён займаецца ў школе, дзе не толькі збірае робатаў, але і праграмуе іх. Усе захапленні хлопца выдатна спалучаюцца і звязаны адно з адным.

Шмат у чым поспех Андрэя — гэта падтрымка з боку сяброў, бацькоў, настаўнікаў. Яны думаюць, што ў хлопца можа атрымацца зрабіць на гэтым кар’еру, што яшчэ больш людзей даведаецца пра яго творчасць. Настаўнікі часам просяць Андрэя аднавіць нейкі гістарычны будынак для прэзентацыі, часам ён сам прыносіць ролікі на ўрок. Толькі ў інтэрнэце некаторыя каментатары пішуць, што хлопец займаецца глупствам, неабгрунтавана крытыкуюць. Андрэй на гэта не звяртае ўвагі, ігнаруе, затое з радасцю адказвае тым, хто яму дзякуе, хваліць яго, задае пытанні па справе.

— Я думаю, што магу пас­тупіць у Гродзенскі політэхнічны каледж, атрымаць спецыяльнасць па камп’ютарнай графіцы або ў Гродзенскі каледж мастацтваў, дзе навучаць камп’ютарнаму дызайну. Але пакуль дакладна не ведаю, куды пайду. Да паступлення яшчэ далёка, і мне можа спадабацца нешта іншае.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва А.Солтана.