Віртуоз-сыравар са Слуцка

- 11:53Прафесійна-тэхнічная адукацыя

У Барнауле прайшоў ІV Міжнародны конкурс прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі па кампетэнцыі “Майстар малочнай вытворчасці”. Беларусь у конкурсе прадставіў навучэнец Слуцкага дзяржаўнага каледжа Дзмітрый Іваноўскі. І прадставіў найлепшым чынам — дадому юнак вярнуўся з узнагародай.

Конкурс праводзіўся чацвёрты раз. Першыя тры спаборніцтвы прахо­дзілі ў Слуцкім дзяржаўным каледжы. У гэтым годзе геаграфія змянілася і канкурсанты сабраліся ў Барнауле, дзе дзейнічае Міжнародны каледж сыраробства і прафесійных тэхналогій.

Традыцыйна ў конкурсе бяруць удзел прадстаўнікі ўстаноў адукацыі Беларусі і Расіі, і з кожным годам іх становіцца ўсё больш. Сёлета за лідарства змагаліся 6 каманд.

Удзельнікаў чакалі два этапы выпрабаванняў. Спачатку яны дэманстравалі тэарэтычныя веды падчас тэсціравання па вучэбных дысцыплінах прафесійнага кампанента і вырашэння вытворчых сітуацый. А потым перайшлі да практыкі і варылі сыр. У другім этапе ўдзель­нікам трэба было правесці лабараторныя даследаванні сыравіны і вырабіць мяккі сыр “Барнаульскі”, вывучыць яго арганалептычныя і фізіка-хімічныя паказчыкі, а таксама паказчыкі бяспекі гатовага прадукту.

Дзмітрый праявіў сябе ў конкурсе як сапраўдны прафесіянал. Ён паказаў не толькі цудоўныя веды і ўменні, але таксама характар і вытрымку. У працэсе вырабу сыру ў абсталяванні, на якім працаваў Дзмітрый, выявіліся непаладкі, што магло сапсаваць вынікі работы. Аднак юнак не разгубіўся і пераадолеў гэтую перашкоду: сам наладзіў абсталяванне і прадоўжыў працаваць. Па выніках конкурсу Дзмітрый Іваноўскі прызнаны пераможцам і ўдастоены дыплома I ступені.

Перамагчы Дзмітрыю дапамагла ўзмоцненая падрыхтоўка, якую ён прайшоў у каледжы. Рыхтавацца дапамагалі выкладчыкі Лілія Аляксандраўна Марозава, Людміла Уладзіміраўна Абрацінская, Таццяна Міхайлаўна Давыдовіч, непасрэдна на конкурсе падтрымлівала педагог Ала Мікалаеўна Матусевіч. Вялікае значэнне для поспеху Дзмітрыя мае таксама асоба дырэктара каледжа — Б.Б.Блахін усяляк падтрымлівае прафесійны конкурсны рух ва ўстанове.

У рамках мерапрыемства адбываліся не толькі конкурсныя падзеі, але і прафесійны і культурны абмен. Госці адправіліся на экскурсію па Алтайскім краі і наведалі Міжнародны каледж сыраробства і прафесійных тэхналогій, дзе азнаёміліся з сістэмай работы ўстановы.

Дар’я РЭВА.