Віртуоз вытворчага навучання

— Як знайсці мяжу, пасля якой становяцца дарослымі, вопытнымі і патрэбнымі? Каб трапіць у шэрагі “тых, хто ведае і разумее”, важна, якіх настаўнікаў ты сустрэнеш, які прыклад яны будуць несці ў сваіх асобах. Нездарма ж кажуць, што чалавеку павінна пашанцаваць тройчы ў жыцці: у каго нарадзіцца, у каго вучыцца і з кім ажаніцца, — разважае майстар вытворчага навучання Баранавіцкага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання Ларыса Мікалаеўна СУШКО. 

Педагог расказвае, што ў час, калі яна была падлеткам, вучоба была своеасаблівым джэдайствам: веды перапрацоўваліся ўнутры чалавека і ператвараліся ў жыццёвы багаж. Дзяўчына добра вучылася, шмат чытала і была паглыблена ў грамадскую работу. Акрамя гэтага, вольны час займалі заняткі фехтаваннем, маляванне, выступленні ў аматарскім ансамблі. З тых часоў Ларыса Мікалаеўна запомніла свае разважанні па пытанні “Што такое сумленне?” (у школе трэба было падрыхтаваць даклад: узяўшы за аснову матэрыял з газеты “Знамя юности”, школьніца выклала ў рабоце сваё бачанне тэмы). Водгалас ад работы спецыяліст адчувае ў сабе і сёння.

— Добра памятаю сваю настаўніцу матэматыкі — дырэктара школы Лідзію Якаўлеўну Шляхціну. З пачатковай школы яна навучыла любіць свой прадмет, выклікала цікавасць, жаданне не толькі ведаць, але і разумець яго. Адным з яе любімых прыёмаў на ўроках было выпісванне цытат, звязаных з матэматыкай. Каб павысіць спрэчную адзнаку, мы карысталіся сшыткамі, дзе на апошніх старонках змяшчаліся выказванні, і атрымлівалі дадатковыя балы. “Матэматыку ўжо за тое любіць варта было, што яна розум у парадак прыводзіць”, — гаварыў М.В.Ламаносаў, і гэта засталося на ўсё жыццё.

Нехта плануе звязаць сябе з пэўнай прафесіяй з дзяцінства, а ў некага на выбар уплывае выпадковасць. Ларыса Мікалаеўна адносіць сябе якраз да апошніх. У 1995 го­дзе дзяўчына скончыла прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 5 Баранавіч па спецыяльнасці “Швачка-кравец” і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт (спецыяльнасць “Інжынер-тэхнолаг”), пасля — Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі (“Педагагічная дзейнасць спецыялістаў”). Але першапачаткова лёс Ларысы Сушко мог скласціся інакш: з дзяцінства яна марыла стаць кібернетыкам (Ларыса Мікалаеўна паступала ў Нацыянальны даследчы ядзерны ўніверсітэт МІФІ ў Маскве; калі дзяўчыне, якой не хапіла бала, прапанавалі вучыцца ў філіяле ўстановы ў Обнінску, яна адмовілася).

— У вышэйшай школе я пазнаёмілася з выкладчыкам фізікі Галінай Іванаўнай Пузыровай, суст­рэчы з якой і цяпер сапраўднае шчасце для мяне. Яна мэтанакіравана вучыла мяне майстэрст­ву публічнага выступлення. Сёння мне хочацца ўва многім быць падобнай да яе, — расказвае май­стар. — Але, паверце, за гады прафесійнай дзейнасці я прыйшла да высновы, што навучыцца можна ў кожнага педагога.

Тое, што знаходзіцца на сваім месцы, малады спецыяліст зразумела праз два гады і пазней пра выбар не шкадавала.

— Яркае ўражанне, якое прый­шло да мяне пасля першых заняткаў, — захапленне (Ларыса Мікалаеўна падчас першай вытворчай практыкі працавала з навучэнцамі, якія паступілі пасля сярэдняй школы). Мне заўсёды падабалася выступаць перад аўдыторыяй — гэта мабілізуе. У такія моманты ўнутры прачынаецца артыст, які кіруе ўвагай слухачоў. І ты знаходзішся ў тонусе, бо за табой назіраюць не менш за 10 пар вачэй, — успамінае педагог.

Спецыяліст расказвае, што трымаць руку на пульсе ёй пры­ходзіцца пастаянна, паколькі ў каледжы часта ўводзяцца новыя тэхналогіі, і майстру вытворчага навучання неабходна прымяняць іх на занятках. Як жа інакш зацікавіць моладзь і паказаць будучую прафесію ва ўсёй моцы?

Дачка Ларысы Сушко характарызуе маці як клапатлівага, добрага і адказнага чалавека. Такая ж педагог і ў працы. На занятках спецыяліст стараецца пабудаваць індывідуальнае ўзаемадзеянне з навучэнцамі, зрабіць так, каб яны хацелі выву­чаць дадатковы матэрыял самастойна. Інструментаў у педагога безліч: тэхнічныя і інтэрактыўныя сродкі, гульні, дадатковыя заняткі з моладдзю з высокай і нізкай паспяховасцю. Галоўныя прынцыпы на занятках майстра вытворчага навучання — даступ­насць, займальнасць і роўнасць. Гэта дапамагае маладым людзям давяраць і разумець адно аднаго, змяншае рызыку з’яўлення стрэсу.

— Найбольшых поспехаў у выхаванні можна дасягнуць тады, калі работа над сабой адбываецца на фоне калектыўнай дзейнасці. Калі ў групе агульныя мэты і захапленні, гэта заў­сёды станоўча ўплывае на станаўленне асобы навучэнца. Дзеці займаюцца разам, і адбываецца цуд: адкрываюць сябе з розных бакоў, у іх з’яўляецца вера ў свае сілы, жаданне працягваць справу далей, — расказвае Ларыса Мікалаеўна. — Успамінаю сябе ў іх узросце: мы прыйшлі пасля фізкультуры ў кабінет рускай мовы — званок даўно празвінеў, а дзверы ўсё стукаюць: “падцягваюцца” тыя, хто спазніўся. Настаўнік не можа пачаць урок, ён цярпліва чакае. А я думаю, што не хацела б вучыць падлеткаў нашага ўзросту. Часта гэты момант мяне весяліць — не заракайся, думаю, ніколі.

Калі хлопцы і дзяўчаты не раскрываюцца на занятках, ёсць магчымасць прыйсці да педагога на гурток “Хлам-дэкор”: тут многія развіваюць творчае мысленне, выяўляюць прыхаваныя таленты. Работы майстра-рацыяналізатара і яе навучэнцаў на працягу 7 гадоў упэўнена адчуваюць сябе на абласных і рэспубліканскіх выставах.

Пра якасці, неад’емныя ад педагогікі, па словах Ларысы Мікалаеў­ны можна ства­раць энцыклапедыю. Першымі сярод прафесійных спецыяліст лічыць працавітасць, адказнасць, устойлівасць, адэкватнасць, уменне ставіць мэты і выбіраць шляхі іх дасягнення. Не выключае майстар і чалавечыя якасці: яны ствараюць значныя перадумовы для наладжвання добрых адносін у выхаваўчым працэсе. Сюды выкладчык адносіць дабрыню, цярпенне, справядлівасць, аб’ектыўнасць, маральнасць, ураўнаважанасць, добразычлівасць і цікавасць да жыцця навучэнцаў.

Ларыса Сушко прызнаецца, што прафесія расквечвае яе жыццё навізной, любоўю да жыцця і вучняў, уменнем давяраць і ства­раць атмасферу дабра вакол сябе.

— Гэта заўсёды рух да самаразвіцця, імкненне быць зразумелым, магчымасць стаць дарадчыкам, хоць сёння моладзь у многіх пытаннях значна больш інфармаваная. Але ў гэтым і ёсць прыгажосць работы педагога. Калі вучань пераўзышоў настаўніка, значыць, настаўнік зрабіў усё правільна, — пераканана Ларыса Мікалаеўна. — Каб стаць аўтарытэтам, трэба любіць моладзь і сваю справу. У педагога ўсё атрымаецца, калі ён разумее, чаго хоча, і ведае, як гэтага дасягнуць. 

Найлепшая радасць для май­стра, калі няўпэўненыя ў сваіх сілах вучні дасягаюць поспеху і запатрабаваны ў прафесіі, калі яны становяцца шчаслівымі і іх вочы ззяюць пры новых дасягненнях. Такія моманты, асабліва з конкурсаў “Млын моды” і WorldSkills, застаюцца ў памяці Ларысы Мікалаеўны і яе калег.

— Прыемна, што палова сяброў у “Аднакласніках” —  мае выпускнікі. Калі яны запрашаюць на вечар сустрэчы, а пры маім з’яўленні ўстаюць і пляскаюць у далоні, усведамляю, што працую недарма, — дзеліцца Ларыса Сушко. — Педагогу нельга спыняцца — трэба пастаянна развівацца. У нашым калектыве ёсць такая несупакоенасць, таму разумею, што я на сваім месцы.

Ірына ІВАШКА.
Фота з асабістага архіва Л.М.Сушко.