Віртуозна і з талентам

- 9:44Людзі адукацыі

Пытанне, як павысіць якасць адукацыі ў навучальнай установе, перш за ўсё хвалюе намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. Менавіта завуч натхняе калег, кантралюе іх работу, стараецца кіраваць вучэбным працэсам так, каб не дапусціць зрыву ніводнага ўрока. Завучу трэба быць віртуозам: наведваць і аналізаваць работу педагогаў, рыхтаваць тарыфікацыю, атэстацыю і многае іншае. Такі віртуоз ёсць і ў нас — гэта намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 3 Барысава настаўніца фізікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Галіна Аляксандраўна УСЦІЛКА.

Педагагічная кар’ера Галіны Аляксандраўны Усцілка пачалася з паступлення ў 1982 го­дзе ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Максіма Горкага (сёння БДПУ імя Максіма Танка). Праз 5 гадоў малады педагог з дыпломам па спецыяльнасці “Настаўнік фізікі і матэматыкі” пачала праца­ваць на сваім першым рабочым месцы — у Горскай сярэдняй школе Лепельскага раёна. Праз год Г.Усцілка ўжо жыла і працавала ў Барысаве. На працягу двух гадоў настаўніца выкладала матэматыку ў сярэдняй школе № 14, а пасля, з 1992 па 2006 год, вучыла дзяцей фізіцы ў сярэдняй школе № 16.

У 2006 годзе Галіне Усцілка прапанавалі пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 15 (сёння гэта наша гімназія) з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы і гадзіны выкладчыка фізікі.

Як настаўніца Галіна Аляксанд­раўна патрабавальная і да сябе, і да вучняў. Яе навучэнцы паспяхова здаюць ЦТ па фізіцы. А ўрокі, якія праводзіць Г.А.Усцілка, заўсёды прадуманыя і ўключаюць шмат практычных эксперыментаў. Педагог умее прывіць вучням любоў да свайго прадмета, хутка наладжвае кантакт з навучэнцамі.

Найбольш эфектыўнымі формамі работы на ўроку настаўніца лічыць рознаўзроўневую і дыферэнцыраваную падрыхтоўку дзяцей. Гэта, упэўнена настаўніца, дае магчымасць кожнаму вучню працаваць у сваім рэжыме, у меру сваіх сіл.

Акрамя настаўніцтва, Г.А.Усцілка вельмі адказна ставіцца да выканання сваіх абавязкаў завуча. Ні для каго з настаўнікаў не сакрэт, што сярод асноўных мэт і задач работы намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце — арганізацыя адукацыйнага працэсу ў гімназіі, укараненне дапрофільнага і профільнага навучання, засваенне сучасных адукацыйных тэхналогій і інш. У дадатак да гэтага ў абавязкі намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце ўваходзіць арганізацыя і кантроль за ходам працэсу навучання гімназістаў, іх паво­дзінамі і паспяховасцю, выкананнем вучэбных планаў і праграм, якасцю выкладання прадмета настаўнікамі і якасцю атрыманых навучэнцамі ведаў. Гэта вялікі пласт работы, і ён патрабуе адказнасці і кантролю. Але з усімі гэтымі абавязкамі Галіна Аляксандраўна таксама спраўляецца па-майстэрску. Гледзячы, як яна кіруе вучэбным працэсам, можна з упэўненасцю ска­заць, што гэты высакакласны спецыяліст знаходзіцца на сваім месцы.

Адна з самых галоўных якасцей для завуча — уменне арганізаваць работу калектыву, стварыць і падтрымліваць цэласны педагагічны працэс. Калегі Г.А.Усцілка гаво­раць, што яна якраз такі чалавек: умее згуртаваць вакол сябе калектыў аднадумцаў, заснаваны на супрацоўніцтве і паразуменні, падтрымлівае рабочы рытм, стварае станоўчы мікраклімат.

Асноўная задача, якую ставіць перад сабой Галіна Аляксандраўна і як настаўнік, і як завуч, — гэта стварэнне ўмоў, якія б адпавядалі адукацыйным патрэбам гімназістаў, з мэтай павышэння якаснага ўзроўню іх адукацыі.

Калі гаварыць пра асноўныя паказчыкі якасці адукацыі, у гімназіі гэта вынікі атэстацыі і цэнтралізаванага тэсціравання, удзел навучэнцаў у алімпіядах, конкурсах, канферэнцыях рознага ўзроўню, а таксама вынікі размеркавання выпускнікоў.

Рэйтынг вучэбных дасягненняў вучняў 3—11 класаў на працягу некалькіх гадоў складае 8 балаў. Як паказвае аналіз выніковай атэстацыі, у гімназіі пераважае колькасць навучэнцаў з дастатковым і высокім узроўнем засваення вучэбнага матэрыялу — 96,8% навучэнцаў.

Дарэчы, па выніках цэнтралізаванага тэсціравання 2019 года сярэдні бал навучэнцаў склаў 65,6 бала (2018 год — 57,8, 2017 год — 61).

Г.А.Усцілка перажывае за кожнага з вучняў і радуецца, калі яны паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Дарэчы, працэнт паступлення выпускнікоў гімназіі ва УВА стабільны на працягу трох гадоў.

У 2019 годзе ён склаў 91,5%.

Не застаюцца без увагі настаўніцы і тыя дзеці, якія прыма­юць ­удзел у раённых, абласных, а таксама рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. Так, на міжнароднай алімпіядзе па фізіцы Phystech.International і матэматыцы, якая праходзіла ў мінулым навучальным го­дзе ў Маскве, 5 нашых вучняў былі ўзнагароджаны дыпломамі.

Галіна Аляксандраўна ўпэўнена, што адоранасць навучэнцаў таксама раскрываецца падчас удзелу ў конкурсах і канферэнцыях даследчага характару. Настаўніца гаворыць, што даследчая работа, у прыватнасці яе падрыхтоўка, дае магчымасць дзецям навучыцца самастойна працаваць, прымаць рашэнні і ўвасаб­ляць іх.

Вялікую ўвагу намеснік дырэктара ўдзяляе магчымасцям пашырэння і назапашвання вопыту калег. Так, наша гімназія прымае ўдзел у інавацыйнай дзейнасці на ўзроўні вобласці і краіны. Пачынаючы з 2015 года ў нас быў рэалізаваны інавацыйны праект “Укараненне мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення”. Прыемна і ганарова, што педагогаў гімназіі № 3 запрашаюць на раённыя і абласныя мерапрыемствы, каб падзяліцца вопытам па выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій у сферы адукацыі. Безумоўна, тое, што дасягненні гімназіі № 3 Барысава знаходзяцца на слыху не толькі ў вобласці, але і за яе межамі, — гэта заслуга ў тым ліку Галіны Аляксандраўны Усцілка.

Настаўніца ўзнагаро­джана Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта за выніковую, плённую працу ў сістэме адукацыі па развіцці інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў, прафесіяналізм, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення.

Дарэчы, калі мы запыталіся ў настаўніцы, дзе яна бярэ сілы на тое, каб прысвяціць сябе рабоце і рабіць усё настолькі дасведчана і бездакорна, Г.А.Усцілка адказала, што гэта дасягаецца дзякуючы тром простым, але вельмі важным складнікам: сілам і веры ў сябе, натхненню і матыватарам. Сілы і веру ёй дае сям’я — муж і сын з дачкой, нат­хненне атрымлівае, калі займаецца хобі: вязаннем, кулінарыяй і дачай. А матыватары — гэта яе калегі і вучні. Толькі дзякуючы ім, усе цяжкасці, якія ўзнікаюць у настаўніцкай сферы, хочацца якасна пераадольваць і шукаць новыя шляхі і магчымасці, якія будуць павышаць статус нашай гімназіі.

Алена ЧУРА,
настаўніца матэматыкі гімназіі № 3 Барысава.