Лядовы палац, што ў Баранавічах, прывычны да гарачых спартыўных спаборніцтваў. Аднак нядаўна тут прайшоў чэмпіянат, падчас якога сапернікі скрыжавалі не клюшкі, а кельні і малаткі, нажніцы і іголкі, нажы і лапаткі. Пры гэтым супрацьстаянне было не менш напружаным і захапляючым, чым на любым спартыўным матчы. Менавіта такія баталіі адбываліся на абласным фестывалі-конкурсе прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў, студэнтаў і маладых рабочых Брэсцкай вобласці. Мерапрыемства стала рэгіянальным этапам Рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus — 2020.
Фестываль-конкурс на рэгіянальным этапе WorldSkills прайшоў на Брэстчыне ўпершыню. Звычайна рэгіянальныя адборы ладзяцца па асобных кампетэнцыях у розны час і ў розных месцах. А ўжо на рэспубліканскім этапе мерапрыемства праходзіць у форме фестывалю-конкурсу, які аб’ядноўвае прадстаўнікоў усіх прафесій на адзінай пляцоўцы. У гэтым годзе на Брэстчыне вырашылі і на ўзроўні вобласці правесці такое маштабнае мерапрыемства. У Баранавічах у Лядовым палацы каля 80 навучэнцаў ліцэяў і каледжаў адначасова спаборнічалі ў 20 кампетэнцыях.
WorldSkills не проста конкурс. Гэта рух, які закліканы мяняць погляды і руйнаваць стэрэатыпы аб рабочых прафесіях. Гэта магчымасць гучна і з гордасцю гаварыць аб прафесійнай адукацыі. І ўсё гэта ўвасобіў фестываль-конкурс.

— Было вырашана, што рэгіянальны этап WorldSkills павінен стаць не проста конкурсам, а святам для навучэнцаў. Каб яны маглі ўбачыць спаборніцтвы не толькі ў сваёй кампетэнцыі, паказаць сваё майстэрства шырокаму колу гледачоў, — расказвае Вера Анатольеўна Шапавал, начальнік аддзела агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. — Мы рады, што сёння ёсць разуменне значнасці руху WorldSkills на ўзроўні кіраўніцтва вобласці. Каласальную падтрымку ў арганізацыі мерапрыемства мы атрымалі ад Брэсцкага аблвыканкама і Баранавіцкага гарвыканкама.
Свята сабрала не толькі канкурсантаў, падтрымаць іх прыехалі педагогі і майстры вытворчага навучання. Горача хварэлі за іх кіраўнікі ўстаноў адукацыі, дзе яны вучацца. Убачыць поспехі юнакоў і дзяўчат маглі і прадстаўнікі розных арганізацый і прадпрыемстваў, а таксама школьнікі. Яшчэ больш гледачоў дадала анлайн-трансляцыя, якая вялася з конкурсу — сачыць за падзеямі мог кожны жадаючы, не знаходзячыся ў Баранавічах.
Безумоўна, для маладых людзей выступаць на такой маштабнай пляцоўцы, на вачах у мноства гледачоў — адказнасць. Але самае галоўнае — магчымасць адчуць гордасць за сябе і сваю справу. Таксама гэта добрая падрыхтоўка да рэспубліканскага этапу, дзе спаборнічаць давядзецца ў аналагічных умовах.
Сакрэты цаглянага муру і малекулярнай кухні
Конкурсныя пляцоўкі ў будынку Лядовага палаца занялі два паверхі і балкон. На першым паверсе размясціліся юныя майстры, якія засвойваюць будаўнічыя прафесіі. Засяроджана выконваюць свае заданні юныя электрамантажнікі, муляры, маляры, абліцоўшчыкі, мантажнікі сантэхнічных сістэм.
Вось, напрыклад, завіхаюцца ўдзельнікі спаборніцтва па кампетэнцыі “Сантэхніка і ацяпленне”. У іх ёсць трубы чатырох відаў: металічныя, медныя, прапіленавыя і з металапластыку. Іх трэба аб’яднаць у адзін вузел у адпаведнасці са схемай. Трэба ведаць, як розныя віды труб спалучаць, а таксама ўмець іх загнуць пад патрэбным вуглом.
— У кампетэнцыі выступаюць тры каманды: юнакі з Брэсцкага і Бярозаўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Пакуль спраўляюцца добра. Па выніках работы эксперты ацэняць хуткасць і якасць выканання задання, адпаведнасць схеме і памерам, — расказвае Марат Дзмітрыевіч Маляўка, эксперт па гэтай кампетэнцыі.
Самае складанае заданне, па меркаваннях экспертаў, у гэтым годзе ў муляроў. Ім трэба зрабіць дэкаратыўны рэльефны мур — фон і ромбападобны арнамент, які выступае на 15 мм. На ўсё — 10 гадзін.
— Заданне прадугледжвае дыяганальную рэзку цаглін. Акрамя таго, пры навучанні юнакі працуюць толькі з пустацелай цэглай, а на конкурсе неабходна працаваць з цэльнай. Таму заданне для канкурсантаў вельмі складанае. Такую работу звычайна выконваюць рабочыя з 5 і 6 разрадам. Выпускнікі каледжаў атрымліваюць 3-ці, — расказвае эксперт па кампетэнцыі “Цагляны мур” Алег Яўгенавіч Сярчэня.
На другім паверсе панавалі “прыгожыя” і “смачныя” кампетэнцыі: “Цырульніцкае мастацтва”, “Тэхналогія моды”, “Кулінарнае мастацтва”, “Рэстаранны сэрвіс” і іншыя.
Ацэньвалі ўменні канкурсантаў экспертныя групы на чале з нацыянальнымі экспертамі WorldSkills па розных кампетэнцыях, якія чакалі ад удзельнікаў высокага ўзроўню.
— Прафесіяналізм праяўляецца ва ўсім: ва ўменні працаваць з сучасным абсталяваннем, веданні сучасных тэндэнцый і тэхналогій, нават у правільным прымяненні прафесійных тэрмінаў. Нельга грэнкай называць тост, а проста парэзаную рыбу — севічэ, бо гэта назва прадугледжвае пэўны спосаб нарэзкі, — расказвае нацыянальны эксперт па кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” Вольга Уладзіміраўна Мацыкава.
Дарэчы, нацыянальны эксперт вырашыла правесці для будучых кухараў дадатковае выпрабаванне і падрыхтавала для іх скіл-тэст: без падрыхтоўкі яны гатавалі некалькі простых, на першы погляд, страў з яек. А галоўнымі конкурснымі заданнямі сталі нарэзка агародніны, халодная закуска з яек, гарачая страва з філе птушкі.
Конкурс прадэманстраваў, наколькі захопленыя і апантаныя справай юнакі і дзяўчаты вучацца ў ліцэях і каледжах. Яны не абмяжоўваюцца рамкамі праграмы, а шукаюць і знаходзяць актуальную інфармацыю, каб быць не проста выканаўцамі, а мастакамі.
— Я згатаваў страву малекулярнай кухні. Гэта яйкі, фаршыраваныя мусам з чырвонай рыбы, пакрытыя глазурай з бурака. Страва дэкарыравана чырвонай ікрой, гранатавым соусам і мусам з хрэну, — расказвае канкурсант Андрэй Маеўскі, навучэнец Кобрынскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання. — У авалодванні такімі тэхналогіямі мне дапамагаюць майстры ў ліцэі, даводзіцца шмат вучыцца і самастойна, шукаць інфармацыю ў інтэрнэце. Яшчэ вельмі дапамагаюць удасканальваць майстэрства разнастайныя конкурсы. Напрыклад, нядаўна я быў удзельнікам Міжнароднага фестывалю рэстаранных тэхналогій Best Cook Fest — 2019, які прайшоў ва ўкраінскіх Чарнаўцах. Сёння выкарыстаў сакрэты, якія даведаўся на майстар-класах брытанскіх шэф-кухараў, якія выступалі на мерапрыемстве.
Варта адзначыць, што кампетэнцый, прадстаўленых на рэгіянальным этапе, з кожным годам становіцца больш. Так, напрыклад, сёлета ўпершыню спаборнічалі ў кампетэнцыях “Геадэзія”, “Прыкладная эстэтыка”, “Графічны дызайн”.
Падарожжа па кампетэнцыях
Галоўнымі героямі мерапрыемства сталі канкурсанты, а галоўнымі гледачамі — школьнікі. Бо фестываль-конкурс быў скіраваны таксама і на прафарыентацыю. За конкурсныя дні мерапрыемства наведалі каля 3 тысяч вучняў школ і гімназій Баранавіч. Важна, каб, знаходзячыся перад выбарам прафесіі, яны маглі аб’ектыўна ацаніць магчымасці прафесійнай адукацыі.
Школьнікаў у Лядовым палацы сустракалі спецыяльна падрыхтаваныя валанцёры — навучэнцы Баранавіцкага дзяржаўнага прафтэхкаледжа сферы абслугоўвання. Лоўка накіроўваючы групы па розных маршрутах, каб не ствараць натоўпу, яны праводзілі экскурсію па конкурсных пляцоўках і расказвалі аб прадстаўленых кампетэнцыях і прафесіях. Таксама на кожнай пляцоўцы знаходзіўся эксперт-мадэратар, гатовы адказаць на любыя пытанні.
— Школьнікам цікава назіраць за тым, як адбываюцца спаборніцтвы, — расказвае валанцёр Аліна Булдык. — Хлопчыкі надоўга спыняюцца ля пляцовак, дзе прадстаўлены будаўнічыя прафесіі, а дзяўчат не адцягнуць ад месца, дзе працуюць будучыя цырульнікі.
Таксама гасцей чакала прафарыентацыйная інтэрактыўная выстава, фотазоны і майстар-класы па прафесіях. Адчуць сябе кавалём дапамагаў майстар-клас па мастацкай коўцы ад Пінскага ДПТК машынабудавання. Бадай што кожны пазаймаўся на трэнажоры па зварачных работах, які прапаноўваў Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж, і пакіраваў трэнажорам-экскаватарам, які прадставіў Ганцавіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці. Навучэнцы Баранавіцкага ДПТК сферы абслугоўвання плялі жадаючым косы і рабілі аквагрым. А яшчэ на пляцоўках можна было навучыцца вышываць стужкамі, пазнаёміцца са скрапбукінгам, пескаграфіяй — словам, убачыць, што, акрамя прафесійнага навучання, каледжы і ліцэі прапануюць яшчэ і творчае развіццё сваім навучэнцам.
Ацаніць майстэрства канкурсантаў прыйшлі і прадстаўнікі арганізацый — заказчыкаў кадраў. І ацанілі вельмі высока. Многія кіраўнікі прадпрыемстваў гатовы былі адразу прапанаваць работу юнакам і дзяўчатам, што бяруць удзел у спаборніцтвах.
— Адчуваецца, што ўзровень падрыхтоўкі ў іх высокі. Мне падабаецца, як яны спраўляюцца з няпростымі заданнямі, — расказвае Таццяна Уладзіміраўна Ползікава, заснавальнік — дырэктар кампаніі “Індустрыя моды”, эксперт у кампетэнцыі “Тэхналогія моды”. — Пасля першага конкурснага модуля я вырашыла, што пасля заканчэння конкурсу запрашу адну з удзельніц на работу.
Фестываль-конкурс WorldSkills варта наведаць, каб убачыць, як віртуозна моладзь выконвае самыя складаныя заданні, як іх майстэрства ператвараецца ў сапраўднае мастацтва, як яны любяць сваю справу і гараць ёй. Таму будзем спадзявацца, што рэгіянальны фестываль на Брэстчыне стане традыцыяй.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.