Вітае азёрная Браслаўшчына, або Чаго прагне душа турыста?

- 17:28Навіны рэгіёнаў, Рознае

У апошні дзень сакавіка ў Браславе адбылася знакавая для Года гасціннасці падзея: на базе гімназіі для гаспадароў аграсядзіб быў праведзены семінар “Вучыцца ніколі не позна”. Мерапрыемства ладзілася ў рамках майстэрні ўстойлівага развіцця Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Рау пры садзейнічанні Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі.

Не толькі дранікі

Арганізацыя падобнага семінара для сістэмы адукацыі краіны — унікальная з’ява, а педагогі Браслаўскай гімназіі сталі ў пэўнай ступені першапраходцамі на прасторах айчыннага сельскага турызму. Яны сабралі ва ўстанове адукацыі людзей, зацікаўленых у папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу малой радзімы, і разам з імі шукалі эфектыўныя шляхі прыцягнення турыстаў у Беларускае Паазер’е. Да правядзення семінара педагогаў падштурхнулі дзве прычыны. Па-першае, некаторыя з іх самі з’яўляюцца гаспадарамі аграсядзіб і, як ніхто іншы, цудоўна ведаюць, чым жыве турызм у сельскай мясцовасці, чаго яму не хапае для раскрыцця сваіх магчымасцей. Другая прычына эстэтычнага плана — гэта жаданне падзяліцца з іншымі людзьмі любоўю да маляўнічай Браслаўшчыны.
Непаўторнасць, таямнічасць і загадкавасць браслаўскай зямлі прыцягвае турыстаў, як магніт. Аднак гэтая прыцягальная сіла найбольш моцна дзейнічае толькі ў летні перыяд, а вось у міжсезонне паток турыстаў значна змяншаецца. Здавалася, такой праблемы для краю, багатага на прыродную, культурную, гістарычную спадчыну, не павінна быць, тым больш што гаспадары больш чым 180 браслаўскіх сядзіб — людзі творчыя, ініцыятыўныя. І ўсё ж, як паказвае вопыт, душа айчыннага, а таксама замежнага турыста прагне нечага нестандартнага, адметнага, а не толькі смачных дранікаў, добрай рыбалкі і скокаў пад гармонік.

Пралог па-нямецку

Як вядома, тая ці іншая ідэя не прыходзіць сама па сабе, у яе ёсць пралог. Для семінара “Вучыцца ніколі не позна” такім пралогам стаў багаты вопыт дзейнасці гімназіі ў сферы дадатковай адукацыі дарослых. Ужо некалькі гадоў для жыхароў раёна ва ўстанове ладзяцца курсы па авалоданні камп’ютарам, англійскай мовай, што прывяло да ідэі стварэння праекта “Цэнтр адукацыі дарослых “ПОСПЕХ”. Восенню 2012 года яго ўдзельнікі (намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Браслаўскага райвыканкама Антаніна Лявонаўна Абалевіч, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі Ала Уладзіміраўна Ганчарова, настаўніца англійскай мовы Вольга Васільеўна Лукша) па выніках беларуска-нямецкай праграмы “Кампетэнцыі для развіцця адукацыі дарослых на мясцовым узроўні” былі ўзнагароджаны паездкай у Народны ўніверсітэт Бона.
— Гэтая паездка была вельмі карыснай у плане набыцця вопыту, паколькі традыцыям дадатковай адукацыі дарослых у Германіі больш за 100 гадоў. Авалоданне на працягу ўсяго жыцця тым ці іншым рамяством, пэўнымі ўменнямі і навыкамі для немцаў — звычайная справа. З той паездкі мы вярнуліся поўнымі ідэй і вялікага жадання іх ажыццяўляць. Узнікла майстэрня ўстойлівага развіцця, і праектная група ў крыху змененым складзе пачала развіваць ідэю навучання гаспадароў аграсядзіб. Першым мерапрыемствам праграмы якраз і стала правядзенне семінара, — расказвае Ала Уладзіміраўна Ганчарова.
Для ўдзелу ў семінары, акрамя гаспадароў аграсядзіб, былі запрошаны дырэктар Браслаўскага раённага музейнага аб’яднання Надзея Аляксандраўна Дударонак, спецыяліст па рэкламе Вячаслаў Вітальевіч Ігнатоўскі, кухар краснагорскай сядзібы Валянціна Іванаўна Вецер. Цікавым атрымалася і выступленне інструктара па кіраванні маламернымі суднамі Браніслава Анатольевіча Юрана.

Агратурпамятка

Каб сарыентавацца, у якім рэчышчы арганізоўваць наступныя заняткі, сярод удзельнікаў семінара было праведзена апытанне, вызначаны асноўныя тэмы, кірункі далейшай работы. Калі прадставіць іх у выглядзе памяткі, то атрымаецца прыкладна так.
Развіццё яхтынгу. Гэта пакуль што мала развіты кірунак дзейнасці аграсядзіб, але вельмі перспектыўны, асабліва для Браслаўшчыны, дзе яшчэ ў даваенны час на маляўнічых азёрах праводзіліся парусныя рэгаты, якія збіралі дзясяткі ўдзелнікаў і сотні гледачоў. Сваю папулярнасць яхтынг можа заваяваць не толькі на Паазер’і, але вялікіх і малых рэках Палесся, Падняпроўя, Панямоння.
Кулінарная спадчына. Як паказвае вопыт, на адных драніках і дамашніх каўбасах у агратурызме доўга не пратрымаешся. Патрэбны адмысловыя кулінарныя рашэнні. Калі разам з шырока распаўсюджанымі стравамі беларускай народнай кухні гасцям прапаноўваць рэгіянальныя кулінарныя шэдэўры, то эфект гасціннасці будзе куды большы. Узяць, напрыклад, запечанага судака, ды не проста судака, а прыгатаванага па-браслаўску, або вугра краснагорскага — смак такі, што пальчыкі абліжаш. А калі ўсю гэтую смакату шаноўны госць зап’е адмысловым квасам, што настойваецца мінімум паўгода, то ў яго абавязкова ўзнікне жаданне вярнуцца на гасцінную Браслаўшчыну.
Курсы англійскай мовы. Канечне, паспяхова аказваць паслугі ў сферы агратурызму можна і без разумення і хаця б мінімальнага валодання самай распаўсюджанай у свеце мовай, аднак у такім выпадку шанс рэгулярна і на належным узроўні прымаць у сваёй сядзібе гасцей з краін далёкага замежжа будзе роўны нулю.
Магчымасці інтэрнэту. Не сакрэт, што без стварэння спецыяльных сайтаў або тэматычных груп у сацыяльных сетках складана папулярызаваць сваю дзейнасць. На жаль, магчымасці інтэрнэту не вельмі шырока выкарыстоўваюцца ў сферы браслаўскага агратурызму, хоць і ствараюцца адпаведныя сайты, каталогі сядзіб. Калі ў руска- і беларускамоўным сектары інфармацыі яшчэ можна знайсці пэўныя звесткі пра браслаўскія сядзібы, то ў англамоўным сітуацыя куды больш сумная. Нават той мінімум прадстаўленай інфармацыі не самы прыцягальны для спажыўца. Вобразна кажучы, аб яркасці і стракатасці ўпакоўкі, якая б адпавядала асновам маркетынгу, гаворка не ідзе.
Народныя рамёствы. Самы просты і ў той жа час самы эфектыўны спосаб разнастаіць адпачынак сельскіх турыстаў — прапанаваць ім адчуць сябе народным майстрам (зляпіць на ганчарным коле збанок, выразаць на асінавай дошцы немудрагелісты ўзор або патрымаць у руках малаток бондара). Значных фінансавых выдаткаў з боку гаспадара сядзібы для гэтага не патрабуецца, затое вынік будзе вельмі прыемны.
Велатурызм. Развіццё велатурызму (распрацоўка маршрутаў, пракат веласіпедаў) як аднаго з кірункаў сельскага турызму — перспектыўная справа. Асаблівай папулярнасцю ён будзе карыстацца ў жыхароў вялікіх гарадоў, дзе амаль у кожнага другога ёсць веласіпед.
Размяшчэнне інфармацыйных і ўказальных знакаў. Пра важнасць гэтай справы ў нас гавораць часта. Аднымі з першых, хто перайшоў ад размоў да канкрэтных дзеянняў, сталі ўстановы адукацыі. Яшчэ ў 2008 годзе ў рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” праводзіўся конкурс-агляд інфармацыйных стэндаў, знакаў з пазначэннем гістарычных, прыродных, культурных славутасцей і выдатных мясцін. На жаль, устаноўка арыгінальных стэндаў абмяжоўвалася будынкам або тэрыторыяй установы адукацыі. І вось у Год гасціннасці, год правядзення ў Мінску чэмпіянату свету па хакеі, гэтая справа набыла новае жыццё. Удзельнікі семінара спадзяюцца, што і на Браслаўшчыне абавязкова з’явяцца інфармацыйныя і ўказальныя знакі, на якія будуць нанесены і назвы аграсядзіб, прычым на толькі на дзяржаўнай, але і як мінімум на англійскай мове.

Першая ластаўка

Семінар “Вучыцца ніколі не позна”, што ладзіўся на базе Браслаўскай гімназіі, можна параўнаць з першай ластаўкай, якая прыляцела ў апошні дзень сакавіка на прасторы айчыннага сельскага турызму з краіны педагагічных ідэй і наватарства. Чым больш прыляціць такіх ластавак, чым часцей будуць сустракацца людзі, зацікаўленыя ў папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу малой радзімы, тым хутчэй наступіць той момант, калі ў нашу краіну нарэшце завітае тая колькасць турыстаў, пра якую мы марым.

 

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва ўдзельнікаў семінара.