Вітае гімназістаў бібліятэка

- 12:38Навіны рэгіёнаў

Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя акадэміка Я.Карскага ўзаемадзейнічае з усімі школамі горада, але з гімназіяй №10 наладжаны асабліва цёплыя адносіны. У крокавай даступнасці ад гімназіі знаходзяцца аддзелы дзіцячай літаратуры, мастацтва, замежнай літаратуры і мультыцэнтр “Совушка”. Утульныя сучасныя памяшканні, сенсорны пакой, інтэрактыўная лабараторыя, выдатнае абсталяванне і добразычлівыя работнікі — усё вабіць юных наведвальнікаў у бібліятэку.

Cупрацоўніцтва педагогаў гімназіі №10 з абласной бібліятэкай імя Я.Карскага даўняе, сістэмнае і разнастайнае. Штогод у пачатку верасня мы ладзім сумесныя мера­прыемствы, прымеркаваныя да Дня беларускага пісьменства. На сустрэчы з вучнямі прыходзяць пісьменнікі Гро­дзеншчыны: Ганна Скаржынская-Савіцкая, Людміла Шаўчэнка, Пётр Сямінскі. Успаміны аб першых кроках у літаратуру, чытанне вершаў, літаратурныя гульні, творчыя дыялогі, конкурсы знаўцаў беларускай паэзіі — так праходзяць нашы літаратурныя святы. Такім чынам падрастаючае пакаленне далучаецца да літаратурнай спадчыны. Хачу заўважыць, што сустрэчы з пісьменнікамі-сучаснікамі вельмі ўраж­ваюць дзяцей. Дзеячы літаратуры перастаюць быць для юных чытачоў “помнікамі”, “партрэтамі з кнігі”. Дзеці разумеюць, што пісьменнік — звычайны чалавек, толькі больш адукаваны і таленавіты. І літаратурная праца вельмі няпростая.

Асабліва памятнай для вучняў і для мяне асабіста стала творчая сустрэча з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі Андрэем Жвалеўскім і Яўгеніяй Пастарнак. Аўтары сумесна стварылі аповесці для падлеткаў “Час заўсёды добры”, “Я хачу ў школу”, “Гімназія №13” і іншыя. Сюжэты твораў падказвала ім само жыццё. Мае сямікласнікі з захапленнем слухалі гісторыі аб стварэнні папулярных сярод падлеткаў твораў, задавалі пытанні, бралі аўтографы. Закончылася творчая сустрэча тым, што вучні выстраіліся ў чаргу, каб узяць у бібліятэцы аповесці А.Жвалеўскага і Я.Пастарнак. Таму пануючая ў грамадстве думка пра тое, што сучасныя дзеці не любяць чытаць, здаецца вельмі спрэчнай. Дзеці любяць чытаць, але за імі павінна застацца права выбару.

Супрацоўнікі бібліятэкі знаёмяц­ь юных наведвальнікаў з навінкамі літаратуры, ладзяць для гімназістаў урокі-прэзентацыі, прысвечаныя пісьменнікам-юбілярам, запрашаюць у літаратурныя падарожжы, гасцёўні, праводзяць турніры знаўцаў, вусныя часопісы і літаратурныя калейдаскопы. Традыцыйнымі для нас сталі сумесна падрыхтаваныя праекты “Гродзеншчына літаратурная”, “Нашы славутыя землякі”, “Чытаем разам”, “Дакрануцца да гісторыі”, пасяджэнні клуба “Пачытайка”. Дзеці наведваюць бібліятэку цэлымі класамі. Асабліва актыўныя чытачы — вучні 4 “В” класа, класным кіраўніком якога з’яўляецца Наталля Рыгораўна Кашкан.

Сумесную асветніцкую работу педагогі і бібліятэкары праводзяць пастаянна. Заняткі па розных кірунках выхаваўчай работы часта арганізоўваюцца на базе Гродзенскай абласной бібліятэкі імя Я.Карскага. Гэта і ўрокі камп’ютарнай бяспекі, і сустрэчы з выдатнымі прадстаўнікамі розных прафесій, і сямейнае свята да Дня маці. Асабліва актуальнай на працягу 2019 і 2020 гадоў была тэма Вялікай Перамогі. Кніжныя выставы, сустрэча з ветэранам вайны Валянцінай Пятроўнай Баранавай, конкурсы чытальнікаў і чытацкія канферэнцыі — работа ў гэтым кірунку вялася плённа.

Заўсёды гасцінна вітаюць гімназістаў у музейным пакоі Элізы Ажэшка. У рамках шостага школьнага дня ў аддзеле мастацтва можна наведац­ь выставы “У старых рытмах”, “Вялікай Перамозе — 75”, “Мода мінулага стагоддзя” і іншыя, у дзяцей ёсць магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі музыканта або кампазітара. А выхаванцы лагера з дзённым знаходжаннем “Лінгвісцяня” на канікулах абавязкова знойдуць для сябе цікавы занятак у мультыцэнтры “Совушка”: восем лабараторый, абсталяваных сучаснымі электроннымі сродкамі, дазволяць дзецям удасканальвац­ь свае здольнасці.

Наведваючы Гродзенскую абласную бібліятэку імя Я.Карскага, вучні гімназіі №10 не толькі далучаюцца да каштоўнасцей нацыянальнай і сусветнай культуры — дзеці становяцца ў­дзельнікамі дабрачынных мерапрыемстваў, радуюць сваімі выступленнямі выхаванцаў дапаможнай школы-
інтэрната нашага горада.

2020 год — юбілейны для Гро­дзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Карскага. 190 гадоў мінула з дня заснавання першай публічнай бібліятэкі на тэрыторыі Беларусі. Дарэчы, Гро­дзенская абласная навуковая бібліятэка ўзнагароджана граматай пераможцы Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка— цэнтр духоўнай асветы і выхавання”, Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай культурнай палітыкі і шматгадовую плённую працу, пасведчаннем лаўрэата абласнога конкурсу “Установа культуры года” (2010, 2011 і 2014 гады).

Шчыра віншуем калектыў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі на чале з дырэктарам Лідзіяй Васільеўнай Мальцавай і жадаем новых поспехаў. Настаўнікам гімназіі №10 Гродна заўсёды прыемна супрацоўнічаць з работнікамі адной з самых вядомых у нашай краіне бібліятэк. Разам нам выпаў гонар выконваць аднолькавую місію: далучаць маладое пакаленне да навукі, літаратуры і культуры, адукоўваць і выхоўваць.

Ганна МІХАЙЛОЎСКАЯ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі №10 Гродна.