Вітаем крылатых сяброў

Як сустрэлі на Віцебшчыне Міжнародны дзень птушак? Святочная дата адзначаецца штогод 1 красавіка ў рамках праграмы ЮНЕСКА “Чалавек і біясфера”.

Як паведаміла начальнік аддзела прававой, кадравай і арганізацыйнай работы Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Людміла Капранава, за першы красавіцкі дзень у вобласці было ўстаноўлена 1090 шпакоўняў, 1630 сінічнікаў, 8 савятнікаў, 60 гагалятнікаў; плануецца ўсталяваць яшчэ каля 60 шпакоўняў і 1700 сінічнікаў. Абласным камітэтам уладкаваны шпакоўні на асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі ў біялагічным заказніку мясцовага значэння “Чортава барада”, тэрыторыя якога з’яўляецца месцам рассялення 10 відаў млекакормячых і каля 60 відаў гняздуючых птушак. З удзелам Бешанковіцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ва Ульскай сярэдняй школе для навучэнцаў 1—4 класаў праведзены ўрок “Птушкі — нашы сябры”. У Віцебску ў ходзе гарадской добраахвотнай акцыі “Народнае адзінства” гарадская інспекцыя сумесна з гарадскім выканаўчым камітэтам арганізавалі конкурс шпакоўняў “Ствары птушачцы домік — 2021”, да якога актыўна далучыліся ўсе школы абласнога цэнтра; вынікі конкурсу будуць падведзены 10 красавіка ў гімназіі № 1 імя Ж.І.Алфёрава. На Гарадоччыне прайшла акцыя “Дапаможам крылатаму сябру”: выхаванцы дзіцячых садоў і школьнікі вывучалі біялагічныя асаблівасці зімуючых птушак, уладкоўвалі “птушыныя сталоўкі”, назіралі за вясновым прылётам птушак, вырабілі і ўсталявалі шпакоўні і сінічнікі. З удзелам Глыбоцкай інспекцыі, прадстаўнікоў аддзела ідэалогіі райвыканкама, доследнага лясгаса і навучэнцаў сярэдняй школы № 3 райцэнтра развешаны шпакоўні на тэрыторыі Глыбоцкага дэндралагічнага саду. У Аршанскім раённым эколага-біялагічным цэнтры дзяцей і моладзі да Міжнароднага дня птушак прымеркавалі пазнавальна-забаўляльную праграму “Птушыная трэль”, выставу-конкурс малюнкаў “Цуд птушкі”, экаўрок “Сустракай з любоўю птушыныя чароды” для навучэнцаў устаноў адукацыі горада і раёна. У Глыбачанскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе імя Б.І.Юркіна Ушацкага раёна праведзена акцыя “Сустракаем крылатых сяброў”: навучэнцы сумесна з педагогам-арганізатарам, настаўнікам працоўнага навучання вырабілі 12 шпакоўняў і размясцілі іх на тэрыторыі школы і ў зялёнай зоне аграгарадка Глыбачка. У Арэхаўскай сярэдняй школе імя Н.Л.Касцючэнка Ушацкага раёна праведзены віктарыны, гульні, пазнавальныя экскурсіі, конкурсы на лепшы малюнак, аплікацыю, выраб і ўстаноўку шпакоўні для птушак. Таксама на Ушаччыне падрыхтаваны азнаямленчыя буклеты “Птушкі Віцебскай вобласці”, якія будуць распаўсюджаны ў дзіцячых дашкольных установах раёна і сярод навучэнцаў пачатковых класаў; ва ўстановах адукацыі арганізаваны шэраг тэматычных мерапрыемстваў. На экскурсіі “Птушкі заказніка “Ельня” ў візіт-цэнтры дзяржаўнай прыродаахоўнай установы “Ельня” навучэнцы Мёрскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі азнаёміліся з прыродным патэнцыялам заказніка і разнастайнасцю птушак, якія пастаянна насяляюць яго тэрыторыю або спыняюцца тут на шляху ў вырай і з яго. Конкурс шпакоўняў “Птушкін дом” прайшоў у Наваполацку. Навучэнцы Стайскай сярэдняй школы Лепельскага раёна вырабілі 65 сінічнікаў. Свой уклад у прывабліванне крылатых у лясны масіў сумесна са школьнікамі ўнеслі работнікі Стайскага лясніцтва: з лясной гаспадаркі ва ўстанову адукацыі даставілі патрэбныя матэрыялы, а задачай навучэнцаў было змайстраваць птушыныя домікі; у падобным фармаце цеснае супрацоўніцтва ажыццяўляецца на працягу больш як 5 гадоў. На Лепельшчыне 16 красавіка адбудзецца падвядзенне вынікаў арганізаванага аддзелам па адукацыі райвыканкама конкурсу “Дапамажы крылатаму сябру” на лепшую кармушку, зробленую рукамі дзяцей. У Расонскім раёне супрацоўнікі ДПУ “Эка-Росы” разам з навучэнцамі і педагогамі Краснапольскай сярэдняй школы ўсталявалі шпакоўні на тэрыторыі заказніка “Сіньша”, Клясціцкай сярэдняй школы — на тэрыторыі аграгарадка Клясціцы, Расонскай сярэдняй школы — на тэрыторыі райцэнтра. Сенненскай інспекцыяй сумесна з Багушэўскім лясгасам праведзены экалагічны конкурс на лепшую шпакоўню сярод устаноў адукацыі раёна: да ўдзелу былі запрошаны выхаванцы дашкольных устаноў і іх бацькі, навучэнцы школ і педагогі, пераможцы будуць вызначаны ў трох узроставых намінацыях. У Шаркаўшчынскім раёне прайшло мера­прыемства “Птушкі — нашы сябры!” з удзелам выхаванцаў дзіцячага аздараўленчага лагера дзённага знаходжання “Сонейка” пры Германавіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, супрацоўнікаў Шаркаўшчынскай інспекцыі, грамадскага эколага і арнітолага Валерыя Кавалёнка.

— Як правіла, Міжнародны дзень птушак прыпадае на час вяртання крылатых з выраю, — адзначыла Людміла Капранава. — Традыцыйна ў ходзе свята людзі развешваюць птушыныя домікі, а непасрэдна ва ўстановах адукацыі праводзяцца тэматычныя віктарыны, гульнявыя праграмы, конкурсы, экскурсіі, арганізуюцца спецвыпускі малюнкаў і газет. Агульная мэта ўсіх мерапрыемстваў — акцэнтаваць увагу дзяцей і дарослых на праблемах абароны і захавання навакольнага асяроддзя.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Бешанковіцкай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.