Вітаецца творчы “нестандарт”

- 14:46Навіны рэгіёнаў

У складаным суладдзі памкненняў і абставін, якія фарміруюць асобу даследчыка, тэма сям’і прасочваецца асабліва выразна. Школа вучыць, развівае, выхоўвае, але вытокі таленту ўсё ж менавіта ў сям’і. Звычайна моцная дружная “часцінка грамадства” ўспрымаецца як надзейны тыл, тэрыторыя ўзаемнай любові і павагі, стабільнасці, заўсёднай падтрымкі. Калі гэтая падтрымка з маральнай і духоўнай, матэрыяльна-рэсурснай плоскасці пераходзіць у сферу агульных прафесійных схільнасцей — маем яркую працоўную дынастыю. Што ж атрымаецца, калі ўся сям’я літаральна апантана навуковым пошукам і інжынернай справай?

Імёны Данілы і Наталлі Мельнікавых добра вядомыя ўсім, хто сочыць за поспехамі юных беларускіх даследчыкаў. Іх праекты карыстаюцца павышанай цікавасцю на выставачных пляцоўках і не менш пільнай — з боку журы канферэнцый і конкурсаў рознага ўзроўню — ад раённых да міжнародных. Першым удалым тэхнічным праектам, пасля якога віцяблян заўважылі і пачалі пазнаваць, стала мадэль загадкавага качара Бровіна. У мінулым годзе разам са сваім кіраўніком настаўніцай фізікі і астраноміі сярэдняй школы № 28 абласнога цэнтра Наталляй Хвалько брат і сястра Мельнікавы атрымалі запрашэнне ў Інстытут касмічных тэхналогій Расійскага ўніверсітэта дружбы народаў як фіналісты ХІІ Міжнароднага конкурсу “Эксперымент у космасе”. Іх праект “Мадэль рухавіка ЕM-DRIVE” быў адзначаны дыпломам ІІ ступені. Нядаўна, падчас абласной навукова-даследчай канферэнцыі “Квант” у Віцебску, я зноў сустрэла даследчыцкі дуэт. А потым высветлілася, што на канферэнцыі выступае ўжо не дуэт, а сямейнае трыа, кіруе якім бацька Данілы і Наталлі — інжынер Алег Мельнікаў.

— Так атрымалася, што сын і дочкі вучацца ў розных установах адукацыі: Даніла — у сярэдняй школе № 28, Наталля — у сярэдняй школе № 46, Дар’я — у гімназіі № 3, — расказаў Алег Іванавіч. — Дзеці захапляюцца тэхнічнай творчасцю, іх цікавяць незвычайныя з’явы. Штогод мы ўдзельнічаем у розных конкурсах. Працу па напрамках папярэдніх праектаў не перапыняем, адсочваем, збіраем і аналізуем усю даступную навуковую інфармацыю. Аднак сёлета мае старэйшыя прадстаўляюць вынік даследавання па новай тэме: праект “Убачыць нябачнае”, прысвечаны візуалізацыі аптычных неаднароднасцей у прасторавых асяроддзях. Для малодшай дачкі Дар’і гэта першая сур’ёзная даследчыцкая заяўка, яе работа — па гальванапластыцы.

Знайсці падыходзячую тэму, аказваецца, бывае складана нават спрактыкаванай камандзе. На пытанне, у чым заключаецца галоўная складанасць, Даніла нечакана выдае: “Навокал вельмі многа цікавага!” На выбар напрамкаў даследавання сям’я адводзіць шмат часу (напрыклад, за візуалізацыю аптычных неаднароднасцей узяліся пасля амаль паўгадавога пошуку). Знаходкі, вывучэнне, прапановы, спрэчкі, зноў вывучэнне… На творчыя захапленні і спорт, а тым больш падрыхтоўку па вучэбных прадметах адведзены неабходныя гадзіны, а навука, як ні парадаксальна гучыць, тут хутчэй любімы спосаб сямейнага адпачынку.

— Калі з’яўляецца варыянт тэмы, то пачынаем яго правяраць — у першую чаргу ў інтэрнэце, — дзеліцца падрабязнасцямі “мельнікаўскай” методыкі Наталля. — Ёсць тэмы, якія ў розных варыянтах вандруюць з конкурсу ў конкурс. Мы ад такіх адразу адмаўляемся, нават калі яны вельмі цікавыя. Бяром складаныя тэмы, якія знаходзяцца на самым піку сучаснай навукі. Ведаем: разам справімся. Тым больш разам з бацькам і нашымі настаўнікамі.

Педагогам, якія дапамагаюць у даследаваннях, сям’я асабліва ўдзячна. Па словах дзяцей, настаўнікі ніколі не адмаўляліся з імі дадаткова працаваць. Работы бывае багата: тэмы, што выбіраюць Мельнікавы, неардынарныя, выходзяць далёка за межы школьнай праграмы. Каб арыентавацца ў даследаванні і тым больш выступаць у ролі дасведчанага эксперта, настаўніку папярэдне даводзіцца вывучаць мноства першакрыніц, падрабязна ведаць гісторыю і быць у курсе самых сучасных дасягненняў навуковай думкі — іншымі словамі, вучыцца і шукаць новае разам з вучнямі. Затое эфектыўнасць такога супрацоўніцтва са школай больш чым уражвае. А сам галоўны завадатар, ініцыятар і дырыжор сямейнага трыа пры чарговым уручэнні дыпломаў стараецца знаходзіцца ненавідавоку і цвёрда перакананы: вопыт яго сям’і не з’яўляецца нечым незвычайным.

— Мой бацькоўскі абавязак — выхоўваць дзяцей, — падкрэслівае Алег Мельнікаў, — у тым ліку навучыць іх правільна думаць, вылучаць творчыя, нестандартныя ідэі, умець вырашаць пытанні са сваім падыходам, не капіраваць чужое.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.