Вітаюцца новыя формы

- 12:18Навіны рэгіёнаў

Шэраг акцый і мерапрыемстваў плануюць правесці ўстановы адукацыі Гомельшчыны ў Міжнародны дзень абароны дзяцей. Як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Руслан Смірноў, дзяцей чакаюць не толькі традыцыйныя справаздачы аб’яднанняў па інтарэсах і студый:

— Плануем правесці выставы, конкурсы, канцэрты, галерэі малюнка на асфальце, фотаконкурсы ў анлайн-рэжыме, а таксама прадставіць інавацыйныя формы работы: энкаўнтары, віртуальныя квесты, літаратурныя батлы ў месенджарах, марафон віншаванняў і інш. Ва ўсіх раёнах будзе дадзены старт летняй аздараўленчай кампаніі — у анлайн-рэжыме або фармаце зваротнага адліку на сайтах, відэазваротах ганаровых гасцей. Напрыклад, Гомельскі абласны палац творчасці дзяцей і моладзі ў сацыяльнай сетцы Іnstagram запусціць міжнародны чэлендж “Я і дзяцінства”.

1 чэрвеня ў межах міжнароднага супрацоўніцтва плануецца правесці прамы эфір паміж навучэнцамі і педагогамі трох абласных палацаў творчасці: Гомеля, Чарнігава і Бранска. Таксама ў праекце — стварэнне сумеснай віртуальнай літаратурна-мастацкай галерэі “Павінны смяяцца дзеці!”.

На сайце галоўнага ўпраўлення адукацыі ёсць рэкамендацыі для ўстаноў адукацыі па правядзенні Міжнароднага дня абароны дзяцей, а ў дзень старту летняй аздараўленчай кампаніі адбудзецца прэм’ера анімацыйнага прома-роліка “Лета на карысць. Тэрыторыя: Гомельская вобласць”.

З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі ўстановам адукацыі рэкамендавана прыняць дадатковыя меры па захаванні бяспекі і здароўя навучэнцаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.