Цэнтральнай пляцоўкай свята быў выбраны Віцебскі індустрыяльны каледж, капітальна абноўлены і мадэрнізаваны пасля рамонту. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Тут разгарнуліся інтэрактыўныя лакацыі каледжаў вобласці, адбылося адкрыццё цэнтра кампетэнцый у сферы грамадскага харчавання, прайшлі майстар-класы і гастрафэст. Установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі ярка і крэатыўна прадставілі свае дасягненні ў прафесійнай падрыхтоўцы, інавацыях, творчасці і спорце. Моладзь прэзентавала выставу «Гордасць прафесійнай адукацыі», дзе можна было даведацца пра знакамітых выпускнікоў кожнага каледжа паўночнага рэгіёна. На пляцоўцы «Эстафета прафесій. Кола часу» навучэнцы расказалі пра мінулае, сучаснасць і крыху пра будучыню сваіх прафесій.

Як падкрэсліў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, сістэма прафесійнай адукацыі адыгрывае значную ролю ва ўмацаванні сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу вобласці. Ва ўсіх каледжах створаны ўмовы для падрыхтоўкі кампетэнтных і запатрабаваных спецыялістаў, пастаянна абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база, набываецца сучаснае абсталяванне, навучэнцы замацоўваюць веды і навыкі ў ходзе практык на вядучых прадпрыемствах. Яркім доказам высокага ўзроўню падрыхтоўкі ў каледжах служаць перамогі на VI Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus — 2025, дзе прадстаўнікі Віцебшчыны ў камандным заліку па колькасці медалёў занялі другое месца.

— Прыемна, што ў нас шасцёра ўзнагароджаных, у тым ліку мая намеснік па вучэбнай рабоце Юлія Коршунава папоўніла прафесійную суполку выдатнікаў адукацыі, — падзялілася ўражаннямі дырэктар Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа Святлана Валюшкіна. — Акрамя таго, паколькі ў нас многа спецыяльнасцей, нашы дзеці, выкладчыкі і майстры вытворчага навучання дэманструюць свае навыкі на трох пляцоўках: па цырульніцкім мастацтве, швейнай справе і на гастрафэсце. Сумесна са мной нашу дружную каманду ўзначалілі мае папярэдніцы на дырэктарскай пасадзе Марыя Кур’ян і Ганна Бурэнь. Яны не пакідаюць нас сваім куратарствам, падказваюць цікавыя і правераныя на практыцы рашэнні.
Запамінальнай і кранальнай атрымалася сустрэча кіраўніцтва вобласці з ветэранамі сістэмы прафесійнай адукацыі вобласці.

— Той падмурак, на якім зараз стаіць сістэма прафадукацыі, у многім створаны менавіта вашымі рукамі, працай і розумам, — звярнуўся да ветэранаў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў. — Сёння наша прафадукацыя на ўздыме і пражывае, напэўна, другую маладосць. Вядома, вобласці давялося сур’ёзна папрацаваць, каб больш за 50 працэнтаў выпускнікоў базавай школы паступалі ў прафтэх і бацькі гэта падтрымлівалі. Моладзь з упэўненасцю ідзе ў каледжы па прафесійныя веды і навыкі, з якімі можна смела далей рухацца па жыцці. Хтосьці атрымае потым вышэйшую адукацыю, хтосьці пойдзе ў навуку, аднак рабочая прафесія — надзейная аснова.
Шчырую падзяку ветэранам і асабіста свайму папярэдніку на кіраўніцкай пасадзе Івану Шчурку выказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Дзмітрый Хома:
— Сіла сістэмы прафадукацыі Віцебшчыны заключаецца ў тым, што ў любыя часы ўсе працавалі адзінай камандай. Мы гэтым ганарымся і працягваем з добрымі вынікамі тую работу і пачынанні, якія вы нам перадалі. Ваш вопыт неацэнны і парады заўсёды патрэбныя.
Сустрэчу працягнула дыялогавая пляцоўка ветэранаў з абласным саветам навучэнцаў каледжаў і пераможцамі конкурсаў прафесійнага майстэрства. Магутным завяршальным акордам урачыстасцей сталі ўзнагароджанне лепшых і святочны канцэрт.
Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь адзначаны намеснік галоўнага бухгалтара Віцебскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці арганізацый сістэмы адукацыі Святлана Кавалёва, выкладчык фізічнай культуры і здароўя Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Уладзімір Козічкін, майстар вытворчага навучання Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа Надзея Гарбацёнак, педагог сацыяльны Віцебскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Марына Сідаровіч, намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Віцебскага дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці і тэхналогій Ірына Смалякова, выкладчык Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Мікалай Віхаценка, выкладчык Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа Святлана Жардзецкая. Граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь уручаны 23 работнікам сістэмы прафадукацыі. Падзяка міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь аб’яўлена майстру вытворчага навучання Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа Алёне Полесавай.
Нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі» ўзнагароджаны намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Віцебскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Наталля Камінская, выкладчык Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа Уладзімір Крыжэвіч, дырэктар Аршанскага дзяржаўнага каледжа тэкстыльшчыкаў імя Г.В. Сямёнава Ала Цярэнцьева, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа Юлія Коршунава і метадыст Віцебскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Ганна Сакалоўская.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара








