Віцебшчына — Цзянсі: кантакты пашыраюцца

Дэлегацыю ўстаноў адукацыі правінцыі Цзянсі Кітайскай Народнай Рэспублікі прыняла Віцебская вобласць 13—14 снежня. У Віцебску прадстаўнікі органаў кіравання адукацыяй, устаноў прафесійнай адукацыі рэгіёна і правінцыі Цзянсі падпісалі 25 партнёрскіх пагадненняў аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве.

Прадстаўнікі ўстаноў адукацыі правінцыі Цзянсі знаёмяцца з работай Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў сустрэчы ў ВДУ імя П.М.Машэрава звярнуліся намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін і кіраўнік кітайскай дэлегацыі намеснік начальніка Дэпартамента адукацыі правінцыі Цзянсі Ван Ліся. На стратэгічным значэнні міжнародных кантактаў акцэнтаваў увагу начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома.

— Адной з важных задач сістэмы адукацыі краіны і Віцебшчыны ў прыватнасці з’яўляецца развіццё ўзаемадзеяння з замежнымі партнёрамі — у гэтым мы бачым вельмі сур’ёзны патэнцыял у напрамку правядзення сумесных мерапрыемстваў, рэалізацыі праектаў, абмену навучэнцамі, студэнтамі, выкладчыкамі, а таксама інфармацыяй і тэхналогіямі,— падкрэсліў Дзмітрый Леанідавіч. — Мы зацікаўлены ў тым, каб вывучаць перадавы вопыт, пераймаць самае лепшае і адаптаваць яго ў нашых установах для ўдасканальвання адукацыйнага працэсу і павышэння якасці прафесійнай падрыхтоўкі.

Яркае творчае прывітанне для гасцей Віцебскага дзяржуніверсітэта падрыхтавалі беларускія і кітайскія студэнты. Інфармацыяй аб асноўных напрамках адукацыйнай і навуковай дзейнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі, інавацыях і дасягненнях у галіне адукацыі і навукі, міжнароднага супрацоўніцтва абмяняліся ў ходзе выступленняў прарэктары і дэканы віцебскіх і кітайскіх УВА. Ва ўніверсітэце прайшла маштабная выстава кітайскіх устаноў адукацыі.

— Нават горы і мо­ры не могуць раздзяліць людзей з агульнымі памкненнямі, — згадаў кітайскую прымаўку Ван Ліся. — Я вельмі рады, што ў мяне з’явілася магчымасць наведаць Віцебскую вобласць і Беларусь. У правінцыі Цзянсі 26 тысяч устаноў адукацыі, з іх 110 універсітэтаў і інстытутаў. Мы сёння падпісалі многа пагадненняў, і ўсе яны будуць планамерна рэалізоўвацца. Зыходнай кропкай стане наладжванне партнёрскіх адносін на ўзроўні нашага дэпартамента і галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, а таксама непасрэдна паміж уста­новамі адукацыі. Мы плануем ажыццяў­ляць акадэмічныя абмены, накіроўваць нашых выкладчыкаў у Віцебскую вобласць. Безумоўна, мы хацелі б бачыць беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў у нас, у Кітаі, у правінцыі Цзянсі.

Пасля падпісання дакументаў праграма візіту прадугледжвала правядзенне перагавораў, азнаямленне з установамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Падчас знаходжання ў Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы начальнік аддзела міжнароднай справы Цзянсійскага кале­джа замежнай мовы і знешняга гандлю Тан Юйхун выказаў спадзяванне на дасягненне высокай выніковасці партнёрскіх адносін і адзначыў агульнасць многіх тэндэнцый у развіцці прафесійнай адукацыі. Аб гісторыі, структуры, асаблівасцях арганізацыі і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні адукацыйнага працэсу ва ўстановах ССА падрабязна расказалі дырэктары Полацкага дзяржаўнага эканамічнага каледжа Ігар Кунцэвіч, Наваполацкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Аляксандр Шамашоў і кіраўнік Савета дырэктараў устаноў ССА вобласці дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Александр Ласякін. Кітайскія госці наведалі таксама Віцебскі філіял Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў, Віцебскі дзяржаўны індустрыяльна-тэхналагічны каледж.

— Мы абмеркавалі многія моманты ў сучаснай адукацыі, якія выклікаюць узаемную цікавасць. У нас шмат агульнага ў бачанні перспектыў і праблем павышэння якасці прафесійнай падрыхтоўкі, разуменні шляхоў іх вырашэння, што забяспечваюцца ўкараненнем інавацыйных форм і тэхналогій навучання, выкарыстаннем адпаведных тэхнічных сродкаў, удасканаленнем вучэбных планаў і праграм, павышэннем кваліфікацыі педагагічных работнікаў, — расказаў Аляксандр Ласякін. — Прыемна было ў ходзе экскурсіі па каледжы бачыць пэўнае здзіўленне кітайскіх калег, чуць іх каментарыі і кампліменты ў адрас нашай матэрыяльна-тэхнічнай базы, узроўню арганізацыі адукацыйнага працэсу, абсталяванасці аўдыторый і вучэбна-вытворчых майстэрань. Ад кітайскіх партнёраў паступіў шэраг прапаноў, у тым ліку па наладжванні абменаў навучэнцамі, стажыровак выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання. Патэнцыяльна гэта адносіны, здольныя прынесці велізарны вынік для нас, нашых навучэнцаў і нашай краіны.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.