Старэйшы беларускі ўніверсітэт адзначыў сваё 105-годдзе
Шчырыя віншаванні калектыву Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава даслаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. У віншавальным адрасе, які на ўрачыстым сходзе з нагоды знамянальнай даты перадаў рэктару ўстановы вышэйшай адукацыі Аляксею Ягораву першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзім Богуш, адзначаецца: “ВДУ сёння па праве лічыцца найбуйнейшым рэгіянальным навукова-асветніцкім і культурным цэнтрам. Тут падрыхтавана больш за 65 тысяч спецыялістаў, сярод якіх — вядомыя педагогі, вучоныя, мастакі, спартсмены. Значная ўвага ва ўніверсітэце ўдзяляецца даследчай рабоце. Віцебскія навуковыя школы па педагогіцы, матэматыцы, біяхіміі, філалогіі атрымалі міжнароднае прызнанне”. Кіраўнік дзяржавы выказаў перакананне, што калектыў і далей будзе падтрымліваць і ўзбагачаць традыцыі айчыннай вышэйшай адукацыі, рыхтаваць кваліфікаваных спецыялістаў, якія валодаюць фундаментальнымі ведамі і неабходнымі практычнымі навыкамі, а таксама пажадаў супрацоўнікам, выкладчыкам, студэнтам добрага здароўя, поспехаў у працы і вучобе, новых дасягненняў на карысць роднай Беларусі.
Вадзім Богуш уручыў узнагароды лепшым работнікам УВА. За плённую навукова-педагагічную дзейнасць, значны асабісты ўклад у падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў, навучанне і выхаванне моладзі, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці падзяка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь аб’яўлена загадчыку кафедры сацыяльна-педагагічнай работы Ганне Арловай, прафесару кафедры хіміі Яўгену Аршанскаму, дэкану факультэта перападрыхтоўкі кадраў Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў ВДУ імя П.М.Машэрава Алене Тогулевай і дырэктару Полацкага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава Таццяне Полушкінай. Нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі” ўзнагароджаны дацэнт кафедры музыкі Валерый Дамарацкі, прафесар кафедры алгебры і методыкі выкладання матэматыкі Яфім Сямёнаў і дацэнт кафедры батанікі Людміла Шандрыкава. Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь адзначаны дэкан філалагічнага факультэта Сяргей Нікалаенка, загадчык кафедры крымінальнага права і крымінальнага працэсу Анатоль Пятроў, дэкан педагагічнага факультэта Іна Шарапава і прарэктар па вучэбнай рабоце Веслаў Туркоўскі. Граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь былі ўручаны загадчыку сектара прававой работы аддзела кадраў Дзянісу Бярозку і дацэнту кафедры гісторыі Беларусі Расціславу Цімафееву. За шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў шэраг прадстаўнікоў калектыву ўніверсітэта быў узнагароджаны ганаровымі граматамі і граматамі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама і Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Па даручэнні начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Івана Шчурка, прывітальны адрас зачытаў першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Леанід Сцяпанаў.
— Для мяне гады вучобы і дыплом выпускніка матэматычнага факультэта ВДУ прадвызначылі ўсё далейшае жыццё, — ад сябе дадаў Леанід Міхайлавіч. — Мая жонка — выпускніца гэтага ўніверсітэта. Тут атрымалі адукацыю сын і дачка — прычым гэта быў іх уласны, усвядомлены і апраўданы выбар. Хочацца пажадаць, каб у кожнага з нашай вялікай універсітэцкай сям’і спраўджваліся мары, паспяхова рэалізоўваліся самыя смелыя планы, а значыць, заўсёды былі падставы з гордасцю казаць: “Мы — з ВДУ”.
Настаўніцкі інстытут годна вытрымаў усе сур’ёзныя гістарычныя выпрабаванні, шчодра адмераныя яму лёсам. З 1995 года педагагічны інстытут ператварыўся ў класічны ўніверсітэт і з гэтага часу прыбавіў у сваім развіцці настолькі, што зараз былую ўстанову немагчыма пазнаць.
— Сёння ВДУ — гэта 10 факультэтаў, амаль 9 тысяч студэнтаў, падрыхтоўка спецыялістаў па 41-й спецыяльнасці на першай ступені і па 18-ці — на ступені магістратуры і аспірантуры, — расказаў рэктар установы-юбіляра Аляксей Ягораў. — У 2013 годзе мы былі ўзнагароджаны прэміяй урада ў галіне якасці. Для атрымання якаснай вышэйшай адукацыі створаны ўсе ўмовы. Наш універсітэт — гэта моцны навукова-педагагічны калектыў, вядучыя навуковыя школы, патэнцыял не толькі асобна ўзятай УВА, але і рэгіёна, рэспублікі. Мы адзінае цэлае — студэнты, выкладчыкі, выпускнікі, ветэраны — і вырашаем агульную задачу: каб рухалася наперад навука, умацоўваліся міжнародныя сувязі, а галоўнае — каб наша рэспубліка прырастала новымі высокакваліфікаванымі кадрамі.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.