Бягучы год, аб’яўлены ў Беларусі Годам навукі, павінен стаць пераломным для галіны. Аб гэтым заявіла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава ў час сустрэчы з калектывам ААТ “Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат”.
Чакаецца, што мерапрыемствы Года навукі нададуць новы імпульс развіццю акадэмічнай і ўніверсітэцкай навукі, распрацоўцы інавацый і ўкараненню айчынных распрацовак у рэальны сектар эканомікі. “Разлічваем, што гэты год будзе пераломным у рабоце навуковых арганізацый, перш за ўсё Нацыянальнай акадэміі навук. Паколькі інавацыйнае развіццё, якое абазначана прыярытэтным для Беларусі, немагчыма без сучасных навукова-тэхнічных распрацовак”, — адзначыла Наталля Качанава.
У найбліжэйшы час у Беларусі будзе зацверджана Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця да 2020 года, якая вызначыць прыярытэтныя напрамкі развіцця навукі і задачы па асваенні інавацый у розных галінах эканомікі. Асаблівая ўвага пры гэтым будзе ўдзелена прымяненню інавацый у вытворчасці. “Інтэграцыя навукі і вытворчасці вельмі важная на сучасным этапе, — падкрэсліла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. — Неабходна, каб навукова-тэхнічныя распрацоўкі прымяняліся ў рэальным сектары эканомікі”.
Наталля Качанава адзначыла дасягненні беларускіх вучоных у сферы касмічных тэхналогій, ІТ-сферы, машынабудаванні, медыцыне, у прыватнасці транспланталогіі. Асобна кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта спынілася на пытаннях развіцця фармацэўтычнай галіны.
Асаблівую ўвагу ў час сустрэчы Наталля Качанава ўдзяліла пытанням развіцця ўніверсітэцкай навукі. Усе яе дасягненні павінны знаходзіць прымяненне на практыцы, заявіла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. Яшчэ адзін прыярытэт — пашырэнне ўзаемадзеяння навучальных устаноў з прадпрыемствамі, каб яшчэ на этапе навучання студэнты маглі набыць пэўныя навыкі ў выбранай прафесіі. “Навучаючыся ў ВНУ, маладыя людзі не павінны быць адарванымі ад прадпрыемстваў. Гэтая задача пастаўлена сёння перад Міністэрствам адукацыі. Яны актыўна працуюць над ёй, разглядаючы пры гэтым і тэрміны навучання ў ВНУ, і якасць тых праграм, па якіх вучацца маладыя людзі”, — сказала Наталля Качанава.
Паводле яе слоў, вырашэння патрабуюць і іншыя пытанні, звязаныя з беларускай навукай, у тым ліку па прыцягненні ў галіну большай колькасці маладых людзей, павелічэнні фінансавання перспектыўных навуковых даследаванняў і праектаў.
Наталля Качанава паведаміла, што ў найбліжэйшы час у кіраўніка дзяржавы пройдзе нарада па пытаннях развіцця беларускай навукі, на якой будуць разгледжаны асноўныя задачы, якія стаяць перад вучонымі, і шляхі іх вырашэння.
У час сустрэчы з калектывам Слуцкага цукрова-рафінаднага камбіната кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава асобна спынілася на пытанні выканання даручэння прэзідэнта аб павелічэнні сярэдняй заработнай платы ў краіне.
“Заработная плата ў сярэднім па краіне павінна быць $500. Гэтая задача, пастаўленая кіраўніком дзяржавы, павінна выконвацца бясспрэчна. І сёння гэта задача не толькі для ўрада, міністэрстваў і ведамстваў, а для кожнага кіраўніка кожнай арганізацыі”, — падкрэсліла Наталля Качанава. Цяпер дзяржорганы працуюць над тым, як яе рэалізаваць.
У Мінску ўзровень сярэдняй заработнай платы ў памеры $500 ужо дасягнуты. У цэлым па краіне ў снежні 2016 года сярэдняя заработная плата склала Br801.
Яшчэ адным прыярытэтам з’яўляецца стварэнне рабочых месцаў. У 2016 годзе іх павінна было быць створана 50 тысяч. “Заданне гэтае выканана і нават перавыканана, — заявіла Наталля Качанава. — На гэты год даведзена заданне больш сур’ёзнае. Гэтая задача была і застаецца адной з прыярытэтных”.
Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта падкрэсліла, што кожнае прадпрыемства і вытворчасць павінны імкнуцца да таго, каб працаваць эфектыўна і рэнтабельна. “Адзін з прыярытэтаў — гэта экспарт, таму тут трэба дакладнае бачанне кожнага кіраўніка, які ўзначальвае прадпрыемства. Нельга працаваць на склад, выпускаць незапатрабаваную прадукцыю”, — сказала яна.
Наталля Качанава таксама звярнула ўвагу на пытанне стратных прадпрыемстваў, перш за ўсё сельскагаспадарчых. “Урад прыняў шэраг мер, якія дадуць магчымасць вывесці іх на рэнтабельную работу”, — рэзюмавала яна.
Закранула Наталля Качанава ў размове з калектывам Слуцкага цукрова-рафінаднага камбіната і асобныя пытанні дзейнасці сістэмы адукацыі краіны.
Так, па словах кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, да 2020 года ў краіне пабудуюць 70 дашкольных устаноў. Новыя дзіцячыя сады з’явяцца перш за ўсё ў тых рэгіёнах, дзе ў іх адчуваецца сур’ёзная патрэбнасць.
Прадоўжыцца работа па аптымізацыі школ. Нараўне з адкрыццём новых будуць закрывацца тыя школы, у рабоце якіх сёння няма неабходнасці. “І тут важна растлумачальная работа з людзьмі. Гэта задача мясцовых органаў улады — не толькі вызначаць, дзе пабудаваць дашкольную ўстанову, дзе павінна быць закрыта школа, але і растлумачыць усё людзям”, — падкрэсліла Наталля Качанава.
Яна таксама спынілася на пытанні падрыхтоўкі кадраў у ВНУ. “Навучальныя ўстановы павінны рыхтаваць спецыялістаў, якія запатрабаваны ў эканоміцы. Важна таксама прафесійная арыентацыя — малады чалавек яшчэ ў школе павінен разумець, куды ён хацеў бы пайсці вучыцца”, — сказала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.
На думку Наталлі Качанавай, у ВНУ павінны прыходзіць найбольш моцныя абітурыенты. Сёння ва ўстановы вышэйшай адукацыі хочуць паступіць усе маладыя людзі, якія скончылі школу. Многія з іх у выніку не спраўляюцца з нагрузкай у час вучобы.
Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта асаблівую ўвагу звярнула на пытанне арганізацыі выхаваўчага працэсу ва ўстановах адукацыі. Паводле слоў Наталлі Качанавай, важна з дзяцінства прывіваць любоў да блізкіх, сям’і, Радзімы. “Гэтая работа павінна праводзіцца, і адпаведная задача стаіць перад Міністэрствам адукацыі”, — адзначыла яна.
“Вельмі строга пастаўлена патрабаванне, і яно павінна выконвацца: ніякіх пабораў з боку школ, настаўнікаў быць не павінна. Гэта будзе карацца вельмі строга, — заявіла Наталля Качанава. — Дзяржава выдзяляе сродкі на ўтрыманне навучальных устаноў. І калі хочуць бацькі чым-небудзь дапамагчы, выходзяць з ініцыятывай — гэта адно, у адваротным выпадку — не павінна быць злоўжыванняў у гэтым пытанні”.
Як паведамлялася, Міністэрства адукацыі прыняло дзве пастановы, якія размяжоўваюць функцыі папячыцельскага савета і бацькоўскага камітэта школы, дзіцячага сада, ліцэя, каледжа. Бацькоўскі камітэт не мае права збіраць грошы на патрэбы ўстановы адукацыі. Калі бацькі хочуць пералічыць грошы школе, яны могуць гэта зрабіць добраахвотна толькі праз банк і па ўзгадненні з папячыцельскім саветам.
Прагучала таксама просьба разгледзець пытанне аб замене аднаго з падручнікаў англійскай мовы ў пачатковых класах на больш зручны і зразумелы для дзяцей. Наталля Качанава паабяцала разабрацца ў сітуацыі, адзначыўшы, што да 2020 года падручнікі ў Беларусі будуць перавыдадзены. “Важна, каб яны былі даступнымі для разумення і ўспрымання дзіцяці”, — падкрэсліла яна.
У ходзе размовы з калектывам камбіната ўзнімаліся таксама тэмы занятасці, жыллёвага будаўніцтва, падтрымкі шматдзетных сем’яў, а таксама перспектывы развіцця медыцыны, спорту і турызму, стану беларуска-расійскіх адносін.
Як адзначыла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта ў размове з журналістамі, такія выязныя мерапрыемствы даюць магчымасць чуць, што хвалюе людзей, вырашаць існуючыя на месцах праблемы.