Віёлу вырасцілі самі

- 11:31Навіны рэгіёнаў

Навучэнец Гальшанскай сярэдняй школы Ашмянскага раёна Антон Акулевіч — адзін з самых актыўных удзельнікаў школьнай бізнес-кампаніі Flores. Менавіта для такіх дзяцей, якія любяць працу на зямлі, а таксама для навучання іх асновам фінансавай дасведчанасці, маркетынгу, у навучальнай установе стварылі бізнес-кампанію.

Падарыць маме букет на 8 Сакавіка вельмі прыемна, а калі кветкі вырасціў сам, то прыемна ўдвая. Першы ўраджай вясновых кветак быў вырашчаны ў гальшанскай школе менавіта да свята. Віёлы ў прыгожа аформленых вазонах вучні панеслі дадому. Акрамя таго, кветкі прадаваліся жыхарам Гальшан і Ашмянскага раёна, што прынесла школьнай бізнес-кампаніі прыбытак у 90 рублёў.

— З 2010 па 2015 год школа ўдзельнічала ў сумесным праекце з галандцамі па вырошчванні і рэалізацыі агароднінных культур, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гальшанскай сярэдняй школы Зоя Эдуардаўна Гусева. — Школа атрымала даход 14 000 рублёў. У мінулым годзе мы вырашылі працягнуць гэтую справу і адкрыць бізнес-кампанію.

Пры стварэнні кампаніі Flores была мэта не толькі зарабляць грошы (за мінулы год зарабілі 1000 рублёў), але і навучыць дзяцей працы на зямлі, запаўняць іх час карыснай справай. Работа тут не перапыняецца і ў летні перыяд.

— У гэтым годзе, акрамя кветак, вырошчвалі расаду некаторых агароднінных культур — перцу, таматаў, капусты, — расказвае настаўнік біялогіі кіраўнік бізнес-кампаніі Таццяна Генрыхаўна Кулак. — Частка расады пасаджана ў грунт, у найбліжэйшы час плануем рэалізаваць таматы.

Варашчаную прадукцыю прадаюць як прыватным, так і юрыдычным асобам — школам, дзіцячым садам, сельскагаспадарчым прадпрыемствам КСУП “Гальшаны”, крухмальнаму заводу. У гэтым годзе ўся расада была рэалізавана і па прыкладных разліках прынесла даход у 2000 рублёў.

— Сярод задач бізнес-кампаніі — садзейнічанне фінансавай дасведчанасці нашых вучняў, уключэнне іх у працоўную і экалагічную дзейнасць, — працягвае Таццяна Генрыхаўна. — Бізнес-план кампаніі, план непасрэднай работы, прапановы па раслінах, якія будзем вырошчваць, — усе гэтыя пытанні абмяркоўваем разам з дзецьмі (гэта ў асноўным вучні 8 класа). Падрыхтаваць памяшканне для вырошчвання расады, цяпліцы, абсталяванне, прывезці кампост, торф, падрыхтаваць грунт, пасеяць, падкарміць комплекснымі ўгнаеннямі. Потым адсартаваць расаду па памерах і знешнім выглядзе. А яшчэ абавязкова палічыць фінансавыя выдаткі, якія ўключаюць кошт насення, угнаенняў, плёнкі для цяпліц, расходы на электраэнергію, на транспарт. Улічыць, што расада, якая вырашчана ў больш раннія тэрміны, каштуе больш, чым тая, якая будзе прадавацца пазней. Улічыць і знешнія рызыкі, напрыклад, калі не ўзыдзе насенне, канкурэнцыю з боку іншых вытворцаў.

— Нашы навучэнцы, акрамя навыкаў па вырошчванні і доглядзе раслін, атрымліваюць веды па складанні бізнес-плана, планаванні прыбытку, продажу і рэкламе, — гаворыць Зоя Эдуардаўна. — І настаўнікі разам з імі вучацца гэтай няпростай навуцы.

Тэрыторыя гальшанскай школы таксама ўпрыгожваецца раслінамі — кветкамі, кустамі, якія вырошчваюць навучэнцы. А каля дома Антона Акулевіча растуць кветкі, якія ён навучыўся вырошчваць сам.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.