Візіт з асабліва цёплымі пачуццямі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Мінску ў Палацы Незалежнасці ўручыў Старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Валянціне Матвіенка ордэн Францыска Скарыны.

Указ аб узнагароджанні быў падпісаны яшчэ вясной 2019 года — напярэдадні юбілею Валянціны Матвіенка. Яна ўдастоена ордэна Францыска Скарыны за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне дружалюбных адносін і развіццё супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй.

“Вы ведаеце, што вы нам самы блізкі, родны чалавек, — падкрэсліў беларускі лідар. — Хачу выкарыстаць выпадак і падчас вашага візіту ўручыц­ь заслужаную ўзнагароду. Мы хацелі, каб гэта было, наколькі гэта магчыма, урачыста і па-дамашняму. У кабінеце я не ўручаю нікому ўзнагароды, акрамя сваіх людзей”.

“Вельмі рады, што вы прыехалі. Я думаю, Наталля Іванаўна (старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава. — Заў­вага БелТА.) вам ужо сказала. Мы даўно з ёй чакалі вас тут, рыхтаваліся спецыяльна, як лепш, па-дамашняму сустрэць”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Валянціна Матвіенка падзякавала за ўзнагароду, адзначыўшы, што яна вельмі дарагая для яе. “Я заўсёды з асабліва цёплымі пачуццямі да вас прыязджаю і еду назад, зарадзіўшыся вашай цеплынёй, гасціннасцю, — сказала яна. — Даўно не была, ужо сумавала”.

Старшыня Савета Федэрацыі таксама пазітыўна ацаніла праграму візіту, падрыхтаваную беларускім бокам. Яна, у прыватнасці, наведала Мінскі храм-помнік у гонар Усіх Святых, дзе адбылася цырымонія перадачы зямлі ў капсуле з месцаў пахавання савецкіх салдат пад Ржэвам.

“Такая кранальная была цырымонія, — адзначыла яна. — Я рада, што частка зямлі, палітай крывёй і рускіх, і беларусаў, і іншых народаў, бу­дзе захоўвацца ў вашым храме. Асабліва гэта знамянальна ў год 75-годдзя Перамогі”.

Валянціна Матвіенка таксама не хавала захаплення храмам, дзе прайшло ўрачыстае мерапрыемства. Яна падкрэсліла, што гэта не толькі прыгожы храм, у ім створана зала памяці — месца, куды можна прыйсці і людзям старэйшага пакалення, і моладзі, каб аддаць даніну павагі тым, хто загінуў у час баявых дзеянняў.

Аляксандр Лукашэнка падарыў Валянціне Матвіенка букет беларускіх кветак, абраз Святой Валянціны Мінскай і, улічваючы захапленне госці кулінарыяй, кнігу “Смак беларускай кухнi”.

Дэлегацыя Савета Федэрацыі на чале з Валянцінай Матвіенка 5—6 сакавіка наведала Беларусь з афіцыйным візітам. У праграме — сустрэчы з кіраўніцтвам беларускага парламента, пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні VII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які адбудзецца восенню ў Мінску і Мінскай вобласці.

Прайшла цырымонія перадачы зямлі ў капсуле з месцаў пахавання савецкіх салдат пад Ржэвам храму-помніку ў гонар Усіх Святых у час міжнароднай акцыі памяці “На славу агульнай Перамогі!”. Валянціна Матвіенка і Наталля Качанава наведалі мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, дзе адбылася сустрэча з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны.