Воблачныя тэхналогіі — на карысць сістэмы адукацыі

Сёння наша суботняя планёрка праходзіць на Брэстчыне. Пра адметнасці развіцця адукацыйнай прасторы рэгіёна нашаму карэспандэнту расказвае начальнік аддзела па адукацыі Брэсцкага райвыканкама Віталь Валер’евіч ЧАРАПЕНЬКА.

— Віталь Валер’евіч, якія цікавыя творчыя і інавацыйныя праекты рэалізоўваюцца ва ўстановах адукацыі раёна сёлета?

— Нашы ўстановы адукацыі актыўна ўключыліся ў інавацыйную і эксперыментальную дзейнасць. Так, сярэдняя школа Новых Лышчыц працуе над праектам па тэме “Укараненне мадэлі суправаджэння працэсу навучання, выхавання і развіцця навучэнцаў з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, сярэдняя школа Страдзечы рэалізоўвае праект “Укараненне мадэлі фарміравання рухальнай культуры сельскага насельніцтва ў межах дзейнасці ўстановы адукацыі як цэнтра рухальнага і тэхналагічнага забеспячэння здаровага ладу жыцця”. Яслі-сад Тэльмы-1 працуе па тэме “Укараненне праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу для груп кароткачасовага знаходжання дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі”, сярэдняя школа Астрамечава працягвае работу над тэмай “Апрабацыя мадэлі інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах адукацыі”.

Адным з самых актыўных удзельнікаў праектнай дзейнасці ў Брэсцкім раёне з’яўляецца сярэдняя школа Дамачава. З 2010 года калектыву ўдалося ажыццявіць шэраг ініцыятыў, сярод якіх — “Запрашаем у Дамачава” ў межах рэалізацыі праекта “Жывая гісторыя майго краю”, “Спадчына зямлі маёй”.

— Чаго дасягнула сістэма адукацыі рэгіёна за апошні час?

— Па выніках удзелу ў абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах дыпломамі ІІІ ступені ўзнагароджаны: навучэнка 8 класа сярэдняй школы Медна Ульяна Станчук — па абслуговай працы (настаўніца С.Д.Ярашэвіч) і навучэнка 11 класа сярэдняй школы Тэльмы-1 Таццяна Палячок — па геаграфіі (настаўніца Т.П.Горная).

Навучэнцы школ вёсак Скокі, Клейнікі, Вялікія Радванічы, Новыя Лышчыцы, Чарнаўчыцы, Тэльма сталі дыпламантамі абласнога этапу навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”. Навучэнка 10 класа сярэдняй школы Вялікіх Матыкал Яна Пікула ў сакавіку 2018 года атрымала дыплом ІІ ступені на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі па замежных мовах у Маскве (настаўніца С.А.Ларыёнава), навучэнка сярэдняй школы Скокаў Кацярына Ульчык заваявала дыплом ІІІ ступені на ХІ Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычная канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”.

Асноўным паказчыкам эфектыўнасці і выніковасці работы педагогаў дадатковай адукацыі з’яўляюцца вынікі ўдзелу ў розных конкурсах. Летась дыпламантамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў былі выхаванцы аб’яднанняў па інтарэсах: саломапляценне (педагог Л.В.Кісялевіч); атрад юных інспектараў дарожнага руху “Трыпутнік” (педагог І.С.Хвалько); “Юны матацыкліст” (педагог В.П.Баран); аб’яднанне “Сувенір” (педагог С.Д.Ярашэвіч).

Адным з паказчыкаў узроўню прафесіяналізму педагогаў Брэсцкага раёна з’яўляецца ўдзел у апошнім рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Настаўніца музыкі сярэдняй школы Тэльмы-1 С.М.Уласюк і выхавальніца ясляў-сада Вялікіх Матыкал Л.А.Мартынюк прайшлі на абласны этап конкурсу, а настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы Клейнікаў В.М.Каляда стаў фіналістам рэспубліканскага этапу.

Педагог дадатковай адукацыі А.П.Пальчук заваяваў дыплом ІІІ ступені ў рэспубліканскім конкурсе на лепшы турыстычны паход “Пазнай Радзіму — выхавай сябе”. Педагог дадатковай адукацыі А.В.Пастаялка ўзнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за прафесійнае майстэрства і ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў.

— Якое значэнне адводзіцца дапрофільнай падрыхтоўцы і профільнаму навучанню? Як арганізавана прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў у межах працоўнага навучання?

— Адной з актуальных задач на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі па-ранейшаму застаецца забеспячэнне дыферэнцыраванага, індывідуальнага падыходу да кожнага вучня з мэтай стварэння максімальна спрыяльных умоў для яго развіцця. Сёлета ў школах раёна 156 навучэнцаў з 264 (60% навучэнцаў 10-х класаў) і 68 з 271 навучэнца 11-х класаў (25%) ахоплены профільным навучаннем. Павелічэнне ахопу дзесяцікласнікаў адбылося за кошт адкрыцця аграрных класаў і груп у пяці школах раёна. Стварэнне профільных класаў аграрнай накіраванасці прызвана прыцягнуць да навучання па 24 аграрных спецыяльнасцях выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Для нас гэта вельмі важна, паколькі эканамічнай асновай раёна з’яўляецца сельская гаспадарка. Вядома, ёй неабходна кадравае забеспячэнне, і мы спадзяёмся, што нашы выпускнікі пасля навучання ў агракласах будуць вяртацца на сваю малую радзіму.

Вялікая ўвага ўдзяляецца прафесійнай падрыхтоўцы вучняў 10-х класаў. Загадам аддзела вызначаны ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх арганізавана прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў 10-х класаў па спецыяльнасцях: сталяр, аператар ЭВМ, швачка, сацыяльны работнік, прадавец, памочнік выхавальніка, рабочы зялёнага будаўніцтва, слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання. Заключаны дагавор з Брэсцкім дзяржаўным прафесійным ліцэем будаўнікоў па прафесійнай падрыхтоўцы вучняў 10-х класаў сярэдняй школы Дамачава па спецыяльнасці “Абліцоўшчык-плітачнік”.

— Якія задачы ставіце на перспектыву?

— Адной з нашых асноўных задач з’яўляецца павышэнне якасці адукацыі і выніковасці ўдзелу ў алімпіядах. Ужо ў гэтым навучальным годзе мы ўпершыню арганізавалі заняткі на базе Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна для 90 навучэнцаў па трох вучэбных прадметах.

Наперадзе сур’ёзная работа па далейшай арганізацыі працоўнага навучання ў 10-х класах ва ўстановах адукацыі. Неабходна закупіць абсталяванне, падрыхтаваць педагагічныя кадры. Плануем таксама стварэнне 2 рэсурсных цэнтраў па прафесійнай падрыхтоўцы навучэнцаў 10-х класаў для школ, размешчаных у паўночнай і паўднёвай частках раёна.

Для якаснага аналізу вынікаў дзейнасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі праведзена работа па стварэнні воблачнай базы даных, якая будзе змяшчаць звесткі аб установе адукацыі, навучэнцах, іх сем’ях, пропусках і інш. Да гэтай сістэмы будуць падключаны электронны журнал, а таксама дзённік, цалкам бясплатны для бацькоў.

Наша мэта пасля запаўнення базы — атрыманне неабходных звестак для аналізу па кожным кірунку. Мы прадумваем сістэму аўтаматызацыі выбару тэмы ўрока настаўнікам, магчымасці далучэння вучэбных матэрыялаў, прэзентацый, фільмаў, інтэрнэт-рэсурсаў, каб педагог, выбраўшы тэму, мог адразу бачыць матэрыял, які можа быць выкарыстаны на ўроку. У далейшым мы плануем укараніць сістэму штучнага інтэлекту, якая дазволіць фарміраваць найбольш аптымальны расклад ва ўстанове адукацыі, аналізаваць аб’ектыўнасць ацэньвання навучэнцаў канкрэтным педагогам. Прычым гэтая сістэма будзе прывязана да сайта ўстановы адукацыі, будзе мець настольную камп’ютарную і мабільную версіі.

Зараз распрацоўваецца раённая электронная чарга ў дашкольныя ўстановы адукацыі. Бацькі на аснове выдадзеных уліковых звестак змогуць убачыць магчымасць залічэння ў тую ці іншую дашкольную ўстанову. Сістэма будзе інтэгравана ў раённую базу даных.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.