Вобразы гісторыі і сучаснасці

- 11:48Выхаванне

Сёлета арт-прастора НДЦ “Зубраня” папоўнілася шэрагам новых аб’ектаў. Сярод іх — каляровыя фрэскі на будынках і некалькі скульптурных кампазіцый, аўтарамі якіх з’яўляюцца студэнты і выкладчыкі архітэктурнага факультэта БНТУ, а таксама іншыя вядомыя мастакі.

Карціна “Наш важаты — таварыш і сябар” (С.Звяруга, 1982—2004).

Аўтапартрэт з дзецьмі

У “Зубраня” прыязджа­юць творчыя і таленавітыя дзеці, з якімі працуюць не менш таленавітыя педагогі. Так, падчас удзелу ў адным са шматлікіх праектаў “Зубраняці” дзеці знаёмяцца з легендарнай карцінай “Наш важаты — таварыш і сябар” Сяргея Лявонцьевіча Звяругі, які працаваў у “Зубраняці” з 1983 па 2015 год спачатку піянерскім важатым, а потым спартыўным інструктарам і настаўнікам геаграфіі.

Сяргея Звяругу памятаюць многія, хто адпачываў і працаваў у “Зубраняці”. Гэта быў надзвычай таленавіты чалавек: спяваў, іграў на некалькіх музычных інструментах, меў дызайнерскія здольнасці і маляваў. Яго карціны ўпрыгожваюць памяшканні цэнтра, ён распісваў школьныя кабінеты і чытальную залу маладзёжнай бібліятэкі. На рахунку мастака — ілюстрацыі да некалькіх кніг, сярод якіх “Дрыгва” Якуба Коласа.

Жывая карціна 9-га “зорнага” атрада (4-я летняя змена 2019 года).

Мастацкая творчасць С.Звяругі стала асновай праекта “Гісторыя адной карціны”. Пасля знаёмства з творчасцю мастака дзеці атрымліваюць творчыя іспыты, сярод якіх асаблівай папулярнасцю карыстаецца заданне “ажыві карціну”. Сучасныя “зубраняты” павінны зрабіць фотаздымак, на якім была б адноўлена карціна, і прадставіць яго на суд журы.

Дарэчы, на аснове карціны да юбілейных урачыстасцей устаноўлена скульптурная група “Наш важаты — таварыш і сябар”, створаная архітэктарам Арменам Сардаравым і скульптарам Ксеніяй Шапо.

Новае ўвасабленне існуючых традыцый

Архітэктарам новых для “Зубраняці” скульптурных аб’ектаў з’яўляецца вядомы беларускі архітэктар, доктар архітэктуры, прафесар кафедры горадабудаўніцтва, дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ Армен Сяргеевіч Сардараў. Мы даведаліся, наколькі цікава было выконваць работы для дзіцячага цэнтра аўтару мемарыяльнага знака “Пачатак дарог Беларусі”, больш вядомага як “нулявы кіламетр”.

Паркавая кампазіцыя “Твое сердце, вожатый, должно быть большим, и не должен в нем гаснуть огонь!” (А.Сардараў, С.Аруцюнян, 2019)

— Напярэдадні юбілею НДЦ “Зубраня” нашаму ўніверсітэту бы­ло даручана дапамагчы цэнтру ў распрацоўцы і рэалізацыі некалькіх архітэктурна-мастацкіх праектаў, — расказвае
Армен Сардараў. — Работы было шмат. Па­трабавалася выканаць шэраг роспісаў на будынках “Зубраняці” і 3 аб’ёмныя формы.

Пасля сустрэчы з кіраўніцтвам НДЦ “Зубраня”, на якой былі выказаны пажаданні, што ў выніку павінна атрымацца, пачалася работа. Задача бачылася ў тым, каб сімвалы і вобразы, які ўжо існуюць у цэнтры шмат гадоў, перадаць у новых элементах добраўпарадкавання, архітэктуры і скульптуры.

Да распрацоўкі фрэсак былі падключаны будучыя архітэктары. Яны прадставілі на суд журы мноства эскізных праектаў, якія ў той ці іншай ступені адлюстроўвалі задумы заказчыка: зубр, зубраня, маладзёжная тэматыка, новыя формы адпачынку, адукацыя і асвета — усё гэта павінна быць перада­дзена ў малюнках. Добрых работ было даволі многа — мы нават зрабілі выставу гэтых праектаў. Пасля зацвярджэння эскізаў студэнты архітэктурнага факультэта БНТУ выканалі фрэскі на знешніх фасадах будынкаў і ў памяшканнях “Лідар-клуба”.

Скульптурныя тэмы таксама былі вызначаны. Адна са скульптурных кампазіцый павінна была быць зроблена па матывах легендарнай карціны “Наш важаты — таварыш і сябар”, другая — сімвалізаваць важацкае сэрца, у якім, як пяецца ў песні, ніколі не павінен згасаць агонь. Трэцяя скульп­тура — жанчына-гаспадыня — прызначалася для ўстаноўкі на хутары “Неслуч” побач з гаспадаром-рыбаком.

Інтэр’ер “Лідар-цэнтра”.

У кожным выпадку рыхтавалі некалькі варыянтаў, якія спачатку ацэньвалі на нашым факультэце, потым прапаноўвалі заказчыку і пасля выносіліся на зацвярджэнне аргкамітэта. На кожным этапе былі заўвагі, якія ўлічваліся ў падрыхтоўцы канчатковай мадэлі. Асабліва шмат спрэчак выклікала скульптура “Наш важаты…” і па колькасці фігур у кампазіцыі, і па месцы яе размяшчэння.

Да рэалізацыі скульптурных вобразаў мы далучылі людзей, якія працуюць у нашай навучальнай установе, а таксама скульптараў і мастакоў, з якімі раней рэалізоўвалі іншыя праекты.

Вобраз гаспадыні з майго эскіза рэалізаваў мастак па метале Віктар Завядзееў, які вядомы па памятным знаку “Студэнцкім атрадам Беларусі” і адным з самых містычных фантанаў Мінска “Дрэва”.

Для “Важацкага сэрца” быў выбраны лаканічны знакавы вобраз без дэталёвай пра­працоўкі элементаў, які выканаў беларускі мастак і скульптар армянскага пахо­джання Спартак Аруцюнян.

Малады педагог Ксенія Шапо з вялікай любоўю і адказнасцю паставілася да рэалізацыі зацверджанай ідэі. Гэтая скульптура мае вялікую сацыяльную вагу і значэнне, таму што аб’ядноўвае мінулае і сучаснаць. У выніку атрымалася вельмі светлая, лёгкая работа, якая адлюстроўвае вобразы юнацтва і на­дзеі.

Скульптура “Гаспадыня” (А.Сардараў, В.Завядзееў, 2019)

Адлітыя ў бронзе

Гасцей НДЦ “Зубраня” на ўвахо­дзе сустракаюць яго гаспадары — важатыя і дзеці. Апошнім часам і адлітыя ў бронзе…

Аўтарам уваходнай групы “Наш важаты — таварыш і сябар” з’яўляецца малады скульптар старшы выкладчык кафедры “Малюнак. Акварэль. Скульп­тура” архітэктурнага факультэта БНТУ Ксенія Шапо.

— Тэма, якой прысвечана скульп­тура, шмат у каго можа выклікаць лёгкую настальгічную ўсмешку, — расказвае аўтар. — Сапраўды, усе мы не так даўно былі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, таму работа выклікае вельмі станоўчыя пачуцці, паглыбляючы ў светлы час дзяцінства. Было нескладана знайсці патрэбны вобраз, бо ў памяці
засталіся ўспаміны дзіцячых гадоў і падлеткавага ўзросту. Акрамя таго, крыніцай вобразаў была легендарная карціна С.Звяругі, таму можна заўважыць партрэтнае падабенства галоўнага героя. Вобразы піянераў таксама з’яўляюцца рэплікамі вобразаў карціны.

Скульптурная група “Наш важаты — таварыш і сябар” (А.Сардараў, К.Шапо, 2019)

Сама па сабе тэма, з пункту погляду сучаснага мастака, неактуальная і ў нечым складаная. Дзеці ХХІ стагоддзя прывыклі да інтэрактыўнасці, і галоўная цяжкасць была ў тым, каб пластычнымі сродкамі паведаміць сённяшняму пакаленню вобразы і каштоўнасці пакаленняў мінулых, пры гэтым захаваўшы мастацкую актуальнасць і знакавасць для “Зубраняці”.

Скульптар-мастацтвазнаўца Павел Вайніцкі ўвёў ва ўжытак тэрмін “кантактная скульптура”. Да яе можна аднесці кампазіцыю “Наш важаты — таварыш і сябар”, а мы імкнуліся зрабіць яе яшчэ і бяспечнай, каб з фігурамі можна было ўзаемадзейнічаць. Класічны маштаб (“натура з чвэрцю” — як ва ўсёй антычнай скульптуры) дае магчымасць адчуваць сябе побач з фігурамі камфортна.

— Я лічу, што работа адбылася, — рэзюмуе Ксенія Юр’еўна. — Як адбыўся і мастацкі вобраз. І, безумоўна, яна ляжа ў скарбонку маіх дасягненняў. Для мяне было вялікім гонарам працаваць з доктарам архітэктуры А.C.Cардаравым, які даверыў мне такую адказную працу.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара, Алега БАГІНСКАГА і з архіва НДЦ “Зубраня”.