Водар духоў, экапосуд і слімак ахаціна

У анлайн-рэжыме на Гомельшчыне сёлета прайшла навукова-практычная канферэнцыя навучэнцаў па прыродазнаўчанавуковых і сацыяльна-гуманітарных кірунках “Пошук”. Удзельнікі абарону сваіх работ і ацэнку іх членамі экспертных камісій прадставілі ў відэазапісах. Да абароны на канферэнцыі, якая прайшла таксама ў віртуальнай прасторы, былі дапушчаны 184 работы з розных гарадоў і раёнаў вобласці.

Як расказала метадыст вучэбна-метадычнага аддзела арганізацыйна-метадычнага суправаджэння работы з інтэлектуальна адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ганна Смалярова, разнастайнасць навуковых захапленняў дзяцей уразіла кампетэнтнае журы:

— У яго ўвайшлі супрацоўнікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, трэнеры абласных алімпіядных зборных па вучэбных прадметах, настаўнікі, супрацоўнікі Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Прарэктар па вучэбнай рабоце Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Блажко адзначыла, што сёлета павялічылася колькасць удзельнікаў з устаноў адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці:

— У кірунку развіцця даследчай дзейнасці нала­джана цеснае супрацоўніцтва з раёнамі вобласці. З настаўнікамі на працягу навучальнага года праводзяцца кансультацыі, метадычныя мерапрыемствы, работы становяцца больш якаснымі, пашыраецца тэматыка даследаванняў.

Старшыня экспертнай камісіі па хіміі Святлана Панцялеева падкрэсліла, што сёлета на канферэнцыі можна было ўбачыць вынікі даследаванняў, якія носяць практычнае значэнне:

— Так, напрыклад, даследаваны эфірныя маслы, якія выкарыстоўваюцца ў водарах духоў, нанясенне бронзавага пакрыцця на стальную плоскую дэталь, вытворчасць экапосуду, вывучаліся ўласцівасці муцыну слімака ахаціны…

Перамога ў кожнай з шаснаццаці секцый магла быць прысуджана ўдзельнікам толькі ў адпаведнасці з усімі крытэрыямі: абгрунтаванне тэмы даследавання, структура і логіка выкладання, фактычная падмацаванасць, культура публічнага выступлення, арыгінальнасць.

У абароне работ удзельнічалі педагогі, пад чыім кіраўніцтвам ішлі даследаванні. Для іх гэта таксама магчымасць прафесійнага развіцця. Гэта дапамагае лепш раскрыц­ь інтарэсы падлеткаў, развівац­ь і стратэгічна планаваць выхаваўчую работу з імі, зрабіць прыцэл на рэспубліканскі этап конкурсу даследчых работ па вучэбных прадметах.

Дыпломамі пераможцаў канферэнцыі адзначана 91 работа. Цяпер фіналісты рыхтуюцца абараняць гонар Гомельшчыны на аналагічным рэспубліканскім конкурсе.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.