Водары Белавежжа

- 11:03Навіны рэгіёнаў

Экспазіцыі водараў ствараюцца ў гэты час ва ўсіх эколага-біялагічных цэнтрах дзяцей і моладзі Гродзенскай вобласці. Яны пачнуць працаваць з 1 верасня гэтага года.

Як паведаміла дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Святлана Грэйба, гродзенская калекцыя будзе ўтрымліваць каля 100 экспанатаў. Плануецца зрабіць яе інтэрактыўнай, каб наведвальнікі маглі пачуць пахі беларускіх раслін. Зараз плануюцца рамонтныя работы ў памяшканні, дзе размесціцца экспазіцыя, закупка шкляных ёмістасцей для захоўвання траў, тканін для пашыву сашэ. А яшчэ ў цэнтры плануюць супрацоўнічаць з турыстычнымі арганізацыямі для арганізацыі экскурсій для наведвальнікаў Гродна з іншых гарадоў Беларусі і замежжа.

У Лідскім эколага-біялагічным цэнтры плануюць стварыць музей водараў. Для гэтага звярнуліся да жыхароў Ліды з прапановай аб супрацоўніцтве.

А тым часам у музеі лесу Дабравольскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Свіслацкага раёна ўжо адкрыта экспазіцыя “Водары Белавежжа”. Цяпер наведвальнікі музея могуць не толькі ўбачыць экспанаты, паслухаць гукі пушчы, але і адчуць лясныя водары, якія да таго ж карысныя для здароўя. Экспазіцыя складаецца з чатырох раздзелаў: водары вясны, лета, восені і зімы, паколькі цвітуць і пладаносяць расліны Белавежскай пушчы на працягу ўсяго года.

Разам з кіраўніком музея Ірынай Амельчанка юныя даследчыкі вывучаюць лячэбныя ўласцівасці лясных водараў. Пра тое, чым карысны пах іглічных раслін, ландыша, моху і многіх іншых раслін, раскажа наведвальнікам Баба Яга, вядомая ў народным фальклоры траўніца, ролю якой выконвае вучаніца Карына Грыгалец.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.